Расія аднавіла перамяшчэнне тэхнікі і вайскоўцаў да мяжы з Украінай
У апошнія тыдні Расія аднавіла перамяшчэнне тэхнікі і вайскоўцаў да мяжы з Украінай, піша Свабода са спасылкай на амерыканскае выданне The Washington post.
Газета са спасылкай на неназваных суразмоўцаў сярод амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў зазначае, што гэта пачалося пасля таго, як Крэмль завяршыў сумесныя з Беларуссю маштабныя ваенныя вучэнні Захад-2021 паўтара месяца таму.
Выданне адзначае, што ў сацыяльных сетках пачалі з'яўляцца відэа, дзе бачна перамяшчэнне вялікай колькасці ваеннай тэхнікі на поўдні і захадзе Расіі.
«Службовыя асобы ў размове на ўмовах ананімнасці, паколькі яны не ўпаўнаважаныя абмяркоўваць гэтае пытанне публічна, заявілі, што перамяшчэнне войскаў зноў выклікала занепакоенасць, якая ўзнікла ў красавіку, калі найбольшая колькасць войскаў Расіі каля мяжы з Украінай за апошнія гады пацягнула за сабой міжнародны рэзананс», — гаворыцца на старонках выдання.
The Washington post піша, што канфлікт на Данбасе ўступае ў новую стадыю, а Крэмль заняў больш жорсткую пазіцыю ў адносінах да Украіны.
Паведамляецца, што пасля манеўраў 41 агульнавайсковая армія не вярнулася на месца пастаяннай дыслакацыі ў Новасібірск, а аб’ядналася з іншымі ваеннымі падраздзяленнямі на мяжы з Украінай. Па даных суразмоўцаў газеты, у прыватнасці, Майкла Кофмана, дырэктара праграмы даследаванняў Расіі ў некамерцыйнай аналітычнай групе CNA у Вірджыніі, верагодней за ўсё, перакідвае вайскоўцаў і тэхніку Першая гвардзейская танкавая армія з Падмаскоўя. Ні Мінабароны ЗША, ні Мінабароны Расіі публікацыю публічна не каментавалі. Гэтага таксама не рабіў і ўкраінскі бок.