Прэм'ер-міністры Латвіі і Літвы выказаліся ў падтрымку права Каталоніі на самавызначэнне
Амбасадараў Латвіі і Літвы ў Іспаніі выклікалі «на дыван» у МЗС для дачы тлумачэнняў з нагоды выказванняў прэм'ер-міністраў гэтых балтыйскіх краінаў у падтрымку імкнення Каталоніі да незалежнасці.
У эксклюзіўным інтэрв'ю CNA (Catalan News Agency) у мінулую пятніцу прэм'ер-міністр Латвіі Валдзіс Дамброўскіс заявіў, што «каталонскі «Шлях да незалежнасці» ў выглядзе жывога ланцуга — гэта «магутны сігнал», на які варта звярнуць увагу».
Ён меў на ўвазе 400-кіламетровы жывы ланцуг, створаны з патрабаваннем незалежнасці Каталоніі ад Іспаніі, які працягнуўся з поўначы на поўдзень у мінулую сераду і сабраў 1,6 мільёна чалавек па дадзеных паліцыі Каталоніі.
Ланцуг быў створаны па ўзору «Балтыйскі шлях», які адбыўся ў 1989 годзе, калі Літва, Латвія і Эстонія заклікалі да незалежнасці ад СССР.
На пытанне, ці магла б Рыга прызнаць незалежнасць Каталоніі, прэм'ер-міністр заявіў, што «калі працэс будзе легітымным, то я б сказаў, у прынцыпе, чаму б і не».
У інтэрв'ю CNA у суботу, прэм'ер-міністр Літвы Альгірдас Буткявічус заявіў, што кожная краіна «мусціь знайсці свой уласны шлях» і «мае права на самавызначэнне».
Паводле словаў міністра замежных справаў Іспаніі, выклікаць паслоў Латвіі і Літвы было яго ўласнай ініцыятывай. Ён жадае, каб амбасадары растлумачылі кантэкст і прычыны выказванняў, зробленых прэм'ер-міністрамі.