Прагнаць «беларускі дух»: прэс-служба патлумачыла скандальны выраз мэра Варшавы

На прэзентацыі канцэпцыі цэнтра Варшава, мэр польскай сталіцы Рафал Тшаскоўскі заявіў, што над горадам «стаіць беларускі дух» і што прагнаць яго здольныя змены, якія ён прапануе. Прэс-сакратар мэрыі патлумачыў Свабодзе, што меў на ўвазе Тшаскоўскі.

Варшава, фота varlamov.ru

Варшава, фота varlamov.ru

— Пэўная частка гораду была запраектаваная нашымі «савецкімі сябрамі», таму над ім стаіць савецкі і беларускі дух, — сказаў мэр Тшаскоўскі, прадстаўляючы канцэпцыю «Усмешка Варшавы», якая прадугледжвае больш пераходаў для мінакоў, роварных сцежак і зеляніны.
Паводле Тшаскоўскага, прапанаваныя ім змены змогуць прагнаць з Варшавы «беларускі дух».
Словы пра «беларускі дух» абурылі карыстальнікаў сацыяльных сетак, сярод якіх і беларусы Варшавы. Заяву Рафала Тшаскоўскага яны ўспрынялі як праяву вышэйшасці і абразу. «Свабода» скантактавалася з прэс-сакратаром варшаўскай мэрыі Камілям Дамбровам. Ён патлумачыў, што меў на ўвазе Тшаскоўскі.
— Кажучы пра «беларускі дух», мэр Тшаскоўскі меў на ўвазе архітэктуру і ўрбаністычныя савецкія і постсавецкія рашэнні, якія закранулі таксама і гарады БССР. Гаворка вялася выключна пра архітэктуру. Мэр Варшавы бачыць гэтыя падабенствы паміж Варшавай і Мінскам і хоча змяняць горад, каб ачысціць Варшаву ад сацрэалізму.
Каміль Дамброва запэўніў, што мэр польскай сталіцы шануе ўсіх жыхароў і гасцей Варшавы, незалежна ад нацыянальнасці.
— Варшава павінна быць адкрытай і горадам для ўсіх. Усе, хто сумленна працуе і паважае закон, маюць права лічыць гэты горад сваім. У тым ліку і госці з Усходняй Эўропы. У мэра Тшаскоўскага вельмі сардэчнае стаўленне да беларусаў, украінцаў, расіян. Гэтыя словы былі накіраваныя не супраць людзей, а супраць падыходу да архітэктуры, які выкарыстоўваўся ў Мінску або Брэсце.
Рафал Тшаскоўскі ўзначальвае мэрыю Варшавы ад 2018 году. Яму 47 гадоў. Па адукацыі ён палітолаг, доктар гуманітарных навук. На выбары ішоў ад ліберальнай «Грамадзянскай платформы» і перамог у першым туры, набраўшы 56% галасоў.