Польшча пабудуе на мяжы плот, каб... бараніць свіней

Плот на ўсходняй мяжы Польшчы будзе мець працягласць у 729 кіламетраў. Кошт будаўніцтва — 100 мільёнаў злотых, што складае больш за 23 мільёны 600 тысяч еўра.

pigs_2395759k.jpg


Тыднёвік Do Rzeczy паведамляе, што Польшча плануе ўзвесці плот на сваёй усходняй мяжы даўжынёй 729 км. Прычына не палітычная і не мілітарная, а ветэрынарная: такім чынам афіцыйная Варшава хоча абараніць сваю свінагадоўлю. Пра гэта паведаміла прэс-служба Галоўнага ветэрынарнага лекара Польшчы.
Нядаўна на Беласточчыне на адной з фэрмаў было выяўлена больш за 1 тыс. жывёлаў, хворых афрыканскай чумой свіней (АЧС). Гэта найбольшае па колькасці пагалоўе хворых на АЧС свіней у Польшчы. Хворыя, а таксама ўсе жывёлы, якія мелі кантакт з заражанымі, былі ўсыплёныя і ўтылізаваныя. Вакол фермы вэтслужбы ўстанавілі 10-кіламетровую каранцінную зону.
Намеснік міністра сельскай гаспадаркі Польшчы Эва Лех кажа, што першыя выпадкі заражэння АЧС сёлета адбыліся пасля таго, як фермэр скарміў свінням траву, скошаную каля лесу. Трава была заражаная дзікамі, бо менавіта дзікі — пераносчыкі афрыканскай чумы свіней. Польскія ветэрынары падазраюць, што заражаныя дзікі прыходзяць у Польшчы з-за ўсходняй мяжы, у тым ліку з Беларусі. І таму, каб гэта спыніць, неабходна пабудаваць плот.
Эканамічны камітэт Рады міністраў Польшчы рэкамендаваў ураду ўзвесці плот на мяжы з Беларуссю і Ўкраінай даўжынёй 729 км. Ён спыніў бы міграцыю дзікоў праз дзяржаўную мяжу. Кошт будаўніцтва ацэньваецца ў 100 млн. злотых (больш за 23 млн 600 тыс. еўра). «Гэта і так менш у параўнанні са стратамі, якія нясе Польшчы з-за АЧС», – гаворыць Эва Лех, якую цытуе тыднёвік «Do Rzeczy».
Польскае Радыё