Польшча адмовіла ў экстрадыцыі беларуса, якой патрабаваў Мінск

Суд у Варшаве, а ўслед за ім і міністр юстыцыі, вырашылі, што Польшча не будзе выдаваць Мінску грамадзяніна Беларусі, бо на сваёй радзіме ён можа пацярпець ад рэпрэсій, піша «Радыё Свабода».

poland_1_logo_1.jpg


«Наш кліент стала жыве ў Польшчы з 2017 года. З таго часу мы дапамагаем яму легалізаваць сваё знаходжанне і працу, а таксама весці бізнес у Польшчы», — сказаў газеце «Rzeczpospolita» юрыст беларуса Вадзіма, выдачы якога дамагаўся Мінск пры дапамозе ордэра Інтэрпола.
Улады Беларусі абвінавацілі Вадзіма ў махлярствах, якія ён нібыта ўчыніў у 2011 і 2014–2017 гг. Мужчына, у сваю чаргу, запэўніў польскіх праваахоўнікаў, што ён невінаваты.
Польскі суд, які разглядаў справу Вадзіма, выклікаў сведак з Беларусі і ўстанавіў, што за просьбай беларускіх улад прыцягнуць яго да адказнасці стаіць толькі адна мэта: палітычныя рэпрэсіі.
У сваім рашэнні адмовіць у выдачы польскі суддзя таксама звярнуў увагу на тое, што Аляксандр Лукашэнка не прызнаецца як прэзідэнт шэрагам краін, у тым ліку Польшчай, і што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека.