Польшча. Працягваюцца пратэсты шахцёраў
Прыблізна а 2 гадзіне ўначы ў суботу спыніліся перамовы паміж прадстаўнікамі шахцёрскіх прафсаюзаў і польскім урадам.
Сёння ўдзень узновяцца пленарныя размовы. "Можна сказаць, што з'явіўся пробліск надзеі. Перамовы мелі вельмі змястоўны характар", — сказаў кіраўнік сілезскага прафсаюзу "Салідарнасьць" Дамінік Коляж. Ён дадаў, што шахцёры, якія знаходзяцца цяпер пад зямлёй, змогуць выйсці на паверхню.
Паўнамоцны прадстаўнік ураду па справе рэструктурызацыі вугальнай прамысловасці Войцех Кавальчык пацвердзіў, што перамовы былі вельмі канструктыўнымі. Урад пазітыўна настаўлены, і бачыць шанец на паразуменне, сказаў Кавальчык. У рамках рэструктурызацыі польскі ўрад плануе зачыніць 5 нерэнтабельных шахт, а дзевяць перадаць новастворанай кампаніі.
На днях польскі парламент прыняў папраўкі, якія даюць ураду магчымасць для рэалізацыі праграмы аднаўлення вугальнай прамысловасці.