Польшча. Не — ланцугам
Кіруючая ў Польшчы "Грамадзянская платформа" рыхтуе законапраект, які ўвядзе забарону трымаць сабак на ланцугу.
Перад выбарамі кіруючая ў Польшчы партыя "Грамадзянская платформа" занялася правамі жывёл. Такім чынам яна намерана падкрэсліць сваё адрозненне ад кааліцыянта — Польскай сялянскай партыі, якая крытыкуе новыя нормы.
Дэпутаты падрыхтавалі змены ў закон аб ахове жывёлаў — чытаем у выданні Rzeczpospolita. Сярод зменаў, у прыватнасці, усеагульны абавязак чыпаваць сабак і катоў, забарона выкарыстоўваць дзікіх жывёлаў у цырках. Але найбольш эмоцый выклікае забарона трымаць сабак на ланцугу. Адзінай магчымасцю абмежаваць свабоду сабакі, паводле новых правілаў, будзе вялікая клетка або загон.
Праца над новым законам пачалася некалькі гадоў таму. Ён даўно быў гатоў, неафіцыйна гаворыцца, што "Грамадзянская платформа" не ўвяла змены ў сілу, паколькі супраць быў кааліцыянт — Польская сялянская партыя. “Але мы прынялі рашэнне, што няма сэнсу саступаць аграрыям, калі сялянская партыя прагаласавала інакш, чым мы, па пытанні аднаўляльных крыніц энергіі”, — адзначае адзін з дэпутатаў "Грамадзянскай платформы".