Польшча. Чаго нельга казаць пра трансплантацыю
У Польшчы, таксама, як у іншых краінах, персанальныя дадзеныя донара органаў з’яўляюцца тайнымі — нагадвае “Gazeta Wyborcza”. Законы ахоўваюць донараў і атрымальнікаў, паколькі цяжка прадбачыць, чым магла б закончыцца іх сустрэча.
Гжэгаж пасля аперацыі
Гэтае права было парушана пры першай у Польшчы перасадцы твару. Лекары паведамілі СМІ, што донар жыў на ўсходзе Польшчы, паказалі яго здымак, а жоўтая прэса знайшла маці мужчыны, які загінуў у выніку нешчаслівага выпадку, а жанчына згадзілася аддаць твар сына. Яго атрымаў мужчына, якому машына для рэзкі камню ампутавала вялікую частку твару.
Выданне “Super Express” надрукавала словы маці донара, што яна б хацела пацалаваць твар свайго сына. Ён такі падобны. А на наступны дзень газета паведаміла, што маці донара ледзьве зводзіць канцы з канцамі, яна нават не можа сабе дазволіць паставіць помнік на магіле сына. Гэта намёк, што атрымальнікі органаў маглі б дапамагчы ў матэрыяльным плане старой жанчыне. Іншыя пацыенты не ведаюць, чые сэрца або нырку яны атрымалі, таму зварот накіраваны галоўным чынам да атрымальніка твару. Гэта скандал, наступствы якога пакуль немагчыма прадбачыць.
Калі ў аўторак Гжэгаж, якому перасадка твару ўратавала жыццё, выходзіў са шпіталя, яго сястра прасіла СМІ яго не турбаваць. І таму журналісты зноў звярнуліся да маці донара твару. Яе згода на трансплантацыяю органаў сына не была звязана абсалютна з ніякай матэрыяльнай карысцю. Калі цяпер газеты пішуць пра грошы на помнік сына, гэта ставіць яе ў нязручную сітуацыю. Яна павінна атрымаць дапамогу, але толькі псіхалагічную, пасля страты адзінага дзіцяці.
Польскія лекары паказалі сапраўднае майстэрства падчас першай перасадкі твару. Удалося скаардынаваць працу некалькіх дзясяткаў людзей. Гэта вялікі поспех. Згода на такія аперацыі будзе таксама залежаць ад таго, як будзе развівацца гісторыя першай трансплантацыі. Журналістам нельга гэтай гісторыі сапсаваць.