Алесь Краўцэвіч: «Наш нацыянальны комплекс, што беларускае — самае горшае»
Чаму беларусы сябе прыніжаюць, што злуе чыноўнікаў і чым беларускія гісторыкі адрозніваюцца ад замежных калег — пра гэта слынны гарадзенскі навукоўца Алесь Краўцэвіч.
Алесь Краўцэвіч (злева) падчас прэзентацыі кнігі «Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага» ў Кракаве
Беларусы заўсёды спазняюцца ў працэсах нацыянальнага развіцця
— Гэта не наша віна, гэта наша бяда. З прычыны нашага геапалітычнага становішча — мы знаходзімся на мяжы некалькіх цывілізацыяў, — адзначыў гісторык на прэзентацыі ў Кракаве сваёй кнігі «Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага» . — І калі параўнаць некаторыя іншыя еўрапейскія народы, то можна знайсці багата падабенстваў. Як і беларусы, славакі, чэхі, літоўцы і іншыя народы прыйшлі ў ХІХ стагоддзе як сялянскія. Як і ў іх, наша эліта была асіміляваная. Усе народы былі прыблізна ў адной і той жа сітуацыі, але сталася так, што мы істотна адсталі ў фарміраванні і нацыі, і дзяржаўнасці.
Адна з прычын — у той час мы не былі падзеленыя паміж дзвюма ці трыма імперыямі. Аказваецца, гэта добра для кшталтавання народу. Напрыклад, Украіна была падзеленая паміж Аўстра-Венгерскай і Расійскай імперыямі. Рух ва Усходняй Галіцыі актыўна падтрымліваўся аўстрыйцамі насуперак польскаму руху. Польшча была падзеленая паміж трыма драпежнікамі: рускім, аўстрыйскім і нямецкім. Таксама там палітыка вагалася. Літва мела свой плацдарм нацыянальнага адраджэння — Клайпедскі край быў правінцыяй усходняй Прусіі. Менавіта там з’явіліся кнігарні, тэатры, школы.
Беларусь жа апынулася ў межах адзінай Расійскай імперыі. І проста не было дзе кшталтаваць кадры для нацыянальнага адраджэння. Самы вялікі ўсплёск наступіў у час нямецкай акупацыі 1915 года. За гэтыя трохі больш чым тры гады ў зоне акупацыі функцыянавала больш за 300 беларускіх школ, вось яны гэтыя кадры і рыхтавалі. Але гэтага было мала. Таму мы і сёння адстаём у развіцці гістарычнай навукі.
Погляд з Мінску не такі, як з Варшавы
— Калі беларускі гісторык будзе пісаць пра гісторыю Польшчы, ён зробіць гэта не так, як польскі калега. Але ў нас няма і сінтэзу гісторыі з Расіяй. Зараз мы не толькі выкарыстоўваем напрацоўкі расійскіх гісторыкаў, але ў сябе ў краіне трымаем навукоўцаў, якія пішуць пра Беларусь з пазіцыі Расійскай імперыі, — заўважае суразмоўца. — У Гродна, напрыклад, ёсць прафесар Аляксандр Нічухрын. Калісьці ён пераехаў з Томска, шмат год працуе ва ўніверсітэце. І нам, за нашы ж грошы, выкладае гісторыю Беларусі з пазіцыі Расіі. І гэта вялікая праблема.
Дзесяцігоддзі селекцыі прывялі да таго, што ў Гарадзенскім універсітэце зараз пануе каланіяльная расійская школа, апошнія звальненні ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы толькі пацвярджаюць гэта.
— Самых здольных не дапускаюць да выкладання, — кажа Краўцэвіч. — Я магу зараз назваць прозвішчы людзей, з якіх наноў можна фарміраваць факультэт, — гэта Алесь Смалянчук, Віталь Галубовіч, Наталля Сліж, Андрэй Чарнякевіч, Вячаслаў Швед. І можна назваць яшчэ дзясятак таленавітых навукоўцаў, для якіх сёння закрытыя дзверы навучальных установаў.
Незалежныя гісторыкі могуць выжываць нават ва ўмовах поўнай адсутнасці падтрымкі з боку дзяржавы
— Мы нават выйграем у афіцыйных гісторыкаў, таму што яны за ўвесь гэты час не стварылі нічога вартага, што магло б канкураваць з нашымі працамі. Але, безумоўна, у сістэме адукацыі мы прайграем, бо нас туды папросту не дапускаюць. Афіцыйна выкладаць і выступаць нам забаронена. Я не працую ў гарадзенскім універсітэце з 2004 года. Але маладыя больш цягнуцца да праўды. Найбольш талковыя студэнты самыя выходзяць на нас, прыходзяць на нашыя імпрэзы і канферэнцыі, — адзначае Краўцэвіч.
Пасля 1994 года ў беларускіх навукоўцаў пачаўся канфлікт з літоўскімі калегамі адносна тэмы ВКЛ
— У 1991 годзе прыйшла незалежнасць, Беларусь у тры разы большая за Літву, значыць, было відавочна, што наша краіна будзе выпрацоўваць сваю канцэпцыю гісторыі, — кажа суразмоўца. — І тады калегі з Літвы пачалі з намі супрацоўнічаць. Нібы дамовіліся, пачалі напрацоўваць агульныя падыходы, але да ўлады прыходзіць Лукашэнка, які вяртае савецкую канцэпцыю гісторыі: забараняюць падручнікі, напісаныя ў часы незалежнасці. І літоўскія калегі тады проста адышлі ад супрацы.
Але нягледзячы на тое, што мы не мелі ніякай падтрымкі ад дзяржавы, мы змаглі пераканаць адукаваную частку нашага грамадства, што ВКЛ было і беларускай дзяржавай таксама. Я спадзяваўся, што зараз мы зноў, на новым узроўні пачнём супрацу з літоўскімі гісторыкамі.
У пачатку мая ў Мінску была канферэнцыя, арганізаваная «Інстытутам палітычнай сферы», дзе адбылася дыскусія па пытаннях ВКЛ. І я прапанаваў, што час нам ізноў напрацоўваць падыходы, збліжацца, тысячы гадоў не мелі мяжы паміж краінамі, столькі заваёваў мелі разам. На што Русціс Камунтавічус, дырэктар Інстытута ВКЛ, адказаў: «Ды не, больш цікава, калі кожны паасобку будзе пісаць».
Супрацоўніцтва не стае не толькі з еўрапейскімі калегамі, але і з навукоўцамі з Расіі, пры ўсёй уяўнай беларуска-расійкай інтэграцыі.
— Кантакты з расійскімі калегамі зараз не такія шчыльныя, як у савецкі час, — адзначае Краўцэвіч. — Нядаўна да нас прыязджаў вядучы расійскі спецыяліст па гісторыі польскага пытання Леанід Гарызонтаў, які адзначыў, што рускія маюць вялікія праблемы, бо не могуць чытаць па-беларуску. Ён сказаў, што рускія ведаюць больш польскую гісторыю, чым беларускую. Польскія гісторыкі шмат пісалі, а ў Маскве багата тых, хто вывучае польскую, перакладае літаратуру. На жаль, па-беларуску ніхто гэтым не займаўся. Таму мы для рускіх — таямніца. Вядома, гэта вельмі дрэнна, улічваючы, што пад уплывам сённяшняй расійскай улады ізноў нараджаецца гістарыяграфія імперскага кшталту.
«Яны 15 год выкарчоўвалі з сябе родную мову, а ты прыходзіш і размаўляеш па-беларуску»
Прысутныя на прэзентацыі кнігі палякі скардзіліся, што фактычна нічога не ведаюць пра Беларусь — не хапае мастацкай літаратуры, гістарычных манаграфій. Дый самі беларусы не заўсёды могуць з цікаўнасцю расказаць пра сваю краіну замежнікам. Частая з’ява, калі грамадзяне больш крытыкуюць і наракаюць на сістэму, чым пазітыўна прадстаўляюць Беларусь. Хоць беларусам ёсць чым ганарыцца.
— Чаму беларусы сябе прыніжаюць? Гэта звязана з гісторыяй ХІХ–ХХ стагоддзя, — тлумачыць гісторык. — Чалавек з вёскі, каб зрабіць кар’еру, вымушаны быў адмовіцца ад мовы, ад традыцыі. Гэта была ўмова сацыяльнага авансу. «Беларускае — самае горшае» — гэта наш нацыянальны комплекс. Але дзякуй Богу, сітуацыя зараз змяняецца.
У 1980-х у мяне здарыўся канфлікт у кнігарні, дзе мяне назвалі калгаснікам, за тое, што я звярнуўся да прадаўца па-беларуску. Цяпер калі чалавек размаўляе па-беларуску, у яго спытаюць, настаўнік ён, паэт, ці гісторык. Па-беларуску ў нашай краіне гаворыць эліта, так што гэты негатыўны статус зменены.
Часам чыноўнікі злуюцца, што да іх па-беларуску звяртаешся. Яны 15 год выкарчоўвалі з сябе родную мову, акцэнт, а ты прыходзіш да іх і свабодна размаўляеш па-беларуску, вось што іх злуе!
Адар’я Гуштын, www.zautra.by