Пешаходам у Літве забароняць размаўляць па мабільным тэлефоне

Пешаходам у Літве будзе забаронена размаўляць па мабільным тэлефоне на пешаходных пераходах, кіроўцы павінны будуць саступаць дарогу і тым пешаходам, якія стаяць каля пераходу.

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Урад Літвы 3 кастрычніка зацвердзіў адпаведныя папраўкі да правілаў дарожнага руху. Згодна з прынятым рашэннем, пешаходы падчас пераходу праз дарогу "не павінны рабіць нічога такога, што адцягвала б іх увагу ад акружэння і сітуацыі на дарозе, уключаючы карыстанне сродкамі мабільнай сувязі", паведамляе delfi.lt.
Кіроўцам з гэтага часу прыйдзецца прапускаць не толькі пешаходаў, якія ўжо выйшлі на праезную частку, але і тых, якія стаяць ля пешаходнага пераходу. Таксама кіроўцам забараняецца выязджаць на пешаходны пераход, пакуль пешаход не сышоў за межы паласы руху аўтамабіля, згодна з рэкамендацыямі, кіроўцы, аб'язджаючы або абганяючы веласіпедыстаў, павінны трымацца ад іх на адлегласці не менш за 1 м (пры хуткасці 50 км/г) або 1,5 м (пры хуткасці вышэй за 50 км/г).