Пашырэнне Cаюзнай дзяржавы: «Мінск не пагодзіцца на гэта ніколі»

Беларусі прысутнасць дадатковых удзельнікаў Саюзнай дзяржавы цяпер непатрэбная і нявыгадная.

d216e040_6a79_4cfd_b585_94241b2bfd1f_w1023_r1_s.jpg

Міністр замежных спраў Абхазіі Інал Ардзінба заявіў у эфіры расійскага тэлебачання пра намер Сухумі дамагчыся прызнання Мінскам і далучыцца да Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Якія рэальныя перспектывы гэтага, высвятляла «Эхо Кавказа».

Напярэдадні ў эфіры праграмы «Вялікая гульня» на Першым канале РФ міністр замежных спраў Абхазіі Інал Ардзінба распавёў, што ўлады непрызнанай рэспублікі цяпер актыўна вывучаюць вопыт узаемадзеяння Масквы і Мінска.

Вось што ён сказаў падчас выступлення:

«Што тычыцца Саюзнай дзяржавы, нашага ўдзелу і прызнання дыпламатычнага з боку Мінска, мы ствараем падмурак для таго, каб гэта рашэнне было прынята — прызнанне само па сабе паўстаць не можа. Прызнанне трэба падрыхтаваць, трэба сфармуляваць прынцыпы нашай сумеснай працы і пачаць рэалізацыю гандлёва-эканамічных, культурна-гуманітарных праектаў. Чым мы цяпер і займаемся з нашымі беларускімі братамі.

У нас ужо сёння першыя пастаўкі абхазскіх тавараў на беларускі рынак завершаны, яны будуць працягвацца. Мы працуем над рэалізацыяй буйнога інвестыцыйнага праекта ў Ачамчырскім раёне. Спадзяемся, што тут з'явіцца буйны санаторна-курортны комплекс. Гэта наш сумесны праект з беларусамі.

Глядзіце таксама

Ну і трэцяе, гэта сфера культуры, сфера спорту. Тут мы таксама ствараем дастатковыя ўмовы для прызнання дзяржаўнага суверэнітэту...

У бліжэйшы час плануецца паездка буйной абхазскай дэлегацыі ў Мінск. Будзем наладжваць міжведамаснае галіновае ўзаемадзеянне, зацвярджаць галіновыя планы дзеянняў і паступова рухацца да гэтага рашэння.

Што тычыцца гарманізацыі і адпаведнасці нашага ўзроўню ўзроўню інтэграцыі паміж Расіяй і Беларуссю, гэта вельмі важнае пытанне. Працуе праграма гарманізацыі заканадаўства Рэспублікі Абхазія з заканадаўствам Расійскай Федэрацыі. Гэта якраз і ёсць такі свайго роду першы этап інтэграцыі ў інтэграцыйнае аб'яднанне. Тут дзясяткі пунктаў, па якіх мы разам працуем з расійскімі калегамі.

Вядома, узровень інтэграцыі паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь вельмі высокі, але менавіта таму мы якраз і вядзём кансультацыі з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы і будзем выпрацоўваць агульныя падыходы».

Глядзіце таксама

Ці рэальная перспектыва прызнання Беларуссю Абхазіі або Мінск абмяжуецца нейкімі дыпламатычнымі жэстамі?

Гэтае пытанне «Эхо Кавказа» адрасавала расійскаму палітолагу Мадэсту Колераву, у 2005-2007 гадах — кіраўніку ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Расіі па міжрэгіянальных і культурных сувязях.

—Такога кшталту ініцыятывы гучаць даўно, і яны не выклікалі ніякай рэакцыі з боку Масквы і Мінска, акрамя здзіўленага маўчання. Калі нават у нейкім выпадку можна меркаваць, што Масква не будзе з парога адкідваць такую размову, то я рызыкую, вядома, памыліцца, сапсаваць сваю чыстую вопратку, але кажу: я абсалютна перакананы, што Мінск не пагодзіцца на гэта ніколі.


Глядзіце таксама

— Чаму?

— Таму што, па-першае, Мінск яшчэ не атрымаў ад Саюзнай дзяржавы таго, што хоча атрымаць. І Мінску не патрэбны лішні фактар, лішні чалавек са свечкай над гэтым працэсам, лішні бок, які будзе прысутнічаць пры гэтым гандлі.

— Чаго ён не атрымаў?

— З таго, што мы ведаем, Мінск хацеў атрымаць порт на Балтыйскім узбярэжжы, хацеў атрымаць нафтагазавае радовішча ў Сібіры, і калі будзе прысутнічаць трэці, чацвёрты бакі, то ім таксама нешта трэба даваць. І гэта будзе давацца за кошт Мінска, вядома, а не за кошт Расіі. Карацей кажучы, Мінску прысутнасць дадатковых удзельнікаў Саюзнай дзяржавы цяпер непатрэбная і нявыгадная.