Пуцін — будаўнік новага свету?
Свет цесны. Мая пляменніца жыве ў Токіа, і вось ужо з год яна на валанцёрскіх пачатках курыруе сям'ю з Украіны. Муж, жонка і сын-падлетак. Жанчына цяжка хворая, што дадае праблем пляменніцы. У дзіцяці — свае складанасці. Токіа — не Нью-Ёрк. З рускамоўнымі класамі там няпроста. І гэта мякка сказана. Што ўжо тады казаць пра класы ўкраінамоўныя…
Напярэдадні другога года без школы бацькі пачалі думаць пра вяртанне ва Украіну. Родам яны з вёскі Граза Купянскага раёна Харкаўскай вобласці. Той самай вёскі. Той самай… Сярод больш чым пяцідзесяці ахвяр расійскай ракеты дваццаць — іх сваякі.
Свет цесны.
У яблычак!
У той самы дзень (здараюцца ж супадзенні!) прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прыняў удзел у пленарнай сесіі юбілейнага, ХХ, пасяджэння Міжнароднага дыскусійнага клуба «Валдай». Тэма сесіі — «Справядлівая шматпалярнасць: як забяспечыць бяспеку і развіццё для ўсіх».
Дзякуй арганізатарам. Справядлівая шматпалярнасць vs. несправядлівая аднапалярнасць. Трэба ж было так падгадаць з тэмай! У яблычак!
Дакладчык не стаў хадзіць кругамі вакол тэмы, а адразу пазначыў асноўную праблему: «Валдайскія дыскусіі — гэта заўсёды адлюстраванне самых важных працэсаў сусветнай палітыкі XXI стагоддзя ва ўсёй іх паўнаце і складанасці. Упэўнены, так будзе і сёння. Так было ўжо, напэўна, у папярэднія дні, калі вы дыскутавалі паміж сабой, так будзе і надалей, таму што перад намі стаіць, па сутнасці, задача будаўніцтва новага свету» (выдзелена. — Рэд.).
За два дзесяцігоддзі, на думку дакладчыка, адбыліся каласальныя змены. Чалавецтва ўступіла ў «эпоху злому ўсёй светабудовы». Аднак дзяржавы і народы не вынеслі адпаведных урокаў з ваенна-ідэалагічнай канфрантацыі мінулага стагоддзя. Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць: эгаізм, ганарлівасць, грэбаванне рэальнымі выклікамі завялі свет у тупік, у якім моцныя навязваюць астатнім уласныя ўяўленні і інтарэсы.
Але не ўсё страчана. Будаўнікі справядлівага светаўладкавання, дзякуй Богу, яшчэ не перавяліся. Раўненне на Расію. Сузаснавальніцы Саюзнай дзяржавы «ёсць што прапанаваць нашым сябрам, партнёрам, усяму свету». Не верыце? Тады спытайце жыхароў вёскі Граза Купянскага раёна Харкаўскай вобласці.
Пакуль жыхары ўкраінскай вёскі, якія перажылі ракетны ўдар, рыхтуюць адказ, я запоўню паўзу цытатай з выступлення галоўнага дакладчыка: «На жаль, нашу гатоўнасць да канструктыўнага ўзаемадзеяння некаторыя зразумелі памылкова — зразумелі як пакорлівасць, як згоду на тое, што новы парадак будзе будавацца тымі, хто абвясціў сябе пераможцам у халоднай вайне, па сутнасці, як прызнанне, што Расія гатова ісці ў чужым фарватары, гатова кіравацца не сваімі ўласнымі нацыянальнымі інтарэсамі, а чужымі інтарэсамі».
«Усё для фронту! Усё для перамогі!»
Не дачакаецеся. «Наша Расія» ішла, ідзе дый надалей збіраецца прытрымлівацца выключна свайго фарватару. Хто сумняваецца, рэкамендую азнаёміцца з праектам бюджэту на 2024 год. Дадзім слова прафесіяналу — міністру фінансаў РФ Анатолю Сілуанаву: «У структуры бюджэту відаць, што асноўны ўпор робіцца на забеспячэнне нашай перамогі: армія, абараназдольнасць, узброеныя сілы, байцы — усё неабходнае для фронту, усё неабходнае для перамогі ў бюджэце ёсць. Гэта немалое напружанне для бюджэту, але яно — наш безумоўны прыярытэт».
Чарговае прышэсце Ленінскага лозунга «Усё для фронту! Усё для перамогі!». Пасля кастрычніка 1917 года ён выкарыстоўваўся паралельна з яшчэ адным ноу-хау Леніна — заклікам «Рабуй нарабаванае!». Ён стаўся бальшавіцкай калькай з «экспрапрыяцыі экспрапрыятараў» Маркса.
Расійскім падаткаплацельшчыкам «усё неабходнае для перамогі» абыдзецца ў 2023 годзе ў 6,4 трыльёна рублёў замест запланаваных 4,9 трыльёна (+31%). Але гэта кветачкі. За ягадкі ў 2024 годзе давядзецца заплаціць ужо 10,7 трыльёна рублёў. У структуры бюджэтных выдаткаў выдаткі на абарону складуць амаль 30 працэнтаў. Гэта будзе самая высокая доля такіх выдаткаў у адносінах да ВУП за ўсю найноўшую гісторыю РФ (6% ад ВУП).
«Запішыся добраахвотнікам — і набудзь жонцы боты»
«Розныя войны былі ў Расіі, — тлумачыць расійскі грамадскі дзеяч Максім Кац, — па-рознаму іх прадавалі, але камерцыйная вайна ў нас упершыню. Гэта першая вайна, дзе гаворка ідзе толькі пра бабло. Усе астатнія тэмы абмяркоўваць нецікава, дый няма там нічога добрага. Немагчыма пазначыць дасягальныя ваенныя мэты, няма заваёў, якімі можна пахваліцца, затое ёсць зразумелая прапанова. Вы можаце зарабіць, нам хопіць грошай за ўсё заплаціць».
Тыя, хто перажыў «ліхія 90-я» гады ў свядомым узросце, спадзяюся, не забыліся Лёню Галубкова з рэкламных ролікаў МММ. З дапамогай удала сканструяванага народнага персанажа нячыстыя на руку дзялкі ачысцілі кішэні мільёнаў расіян.
Расія, якая ўстала з каленяў, цяпер перапоўненая духоўнасцю і традыцыйнымі каштоўнасцямі — і сёння за гатоўнасць забіваць плаціць 15 мільёнаў рублёў адступных. Тым, хто цікавіцца разлікам такой сур’ёзнай па любых мерках сумы, рэкамендую пачытаць артыкул расійскага эканаміста Уладзіслава Іназемцава «Смертономика».
А пакуль удовы і сіроты не нарадуюцца шчасцю, якое на іх звалілася, з трыбуны юбілейнага Міжнароднага дыскусійнага клуба «Валдай» крамлёўскі дзед абгрунтоўвае сваё права на будаўніцтва новага свету: «Вайна, распачатая кіеўскім рэжымам пры актыўнай, прамой падтрымцы Захаду, ідзе ўжо дзясяты год, а Спецыяльная ваенная аперацыя накіравана на тое, каб спыніць яе».