Парашэнка агалосіў, колькі ён патраціў на прэзідэнцкую кампанію
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка выдаткаваў на сваю выбарчую кампанію амаль 96 з паловай мільёнаў грывен. Адпаведная справаздача «Аб фарміраванні выбарчага фонду» апублікаваная 12 чэрвеня ў газеце «Голас Украіны».
Згодна з дакументам, усе 96 млн. 475 тыс. 277 грывен і 38 капеек, якія паступілі на назапашвальны рахунак выбарчага фонду, з’яўляюцца ўласнымі сродкамі Парашэнкі.
Найбуйнейшы артыкул выдаткаў — выкарыстанне СМІ. Дзеля кантакту з украінцамі Парашэнка не пашкадаваў 82 мільёны 379 тысяч грывен. На выраб матэрыялаў перадвыбарчай агітацыі было накіравана 4 мільёны 29 тысяч грн, на іншыя выдаткі, звязаныя з правядзеннем агітацыі Парашэнка выдаткаваў 215 тысяч 100 грн, «іншыя выдаткі на перадвыбарчую агітацыю» — 9,852 млн грн.
Справаздача была пададзена 6 чэрвеня.
Нагадаем, 2 чэрвеня Цэнтральная выбарчая камісія абвясціла канчатковыя вынікі прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне, афіцыйна пацвердзіўшы перамогу Пятра Парашэнкі. Пратакол з вынікамі галасавання на датэрміновых выбарах прэзідэнта Украіны падпісалі ўсе члены Цэнтрвыбаркама, прысутныя на пасяджэнні.
Парашэнка атрымаў на выбарах 9.857.308 галасоў выбаршчыкаў, што складае 54,7%, гэта значыць, больш за палову галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
Інаўгурацыя Парашэнкі адбылася 7 чэрвеня.