Палітвязні Брэсцкай крэпасці
Усе ведаюць пра абарону Брэсцкай крэпасці і Брэсцкі мір. А вось 90 гадоў таму ўсе толькі і казалі пра Брэсцкі працэс — адзін з найбуйнейшых працэсаў даваеннай Польшчы супраць апазіцыі.
На лаве падсудных увосень 1931 года апынулася кіраўніцтва цэнтрысцкіх і левых партый Польскай рэспублікі, якія ўваходзілі ў апазіцыйны блок «Цэнтралёў».
Прычым трапілі яны за краты незвычайным чынам з пункту гледжання прававой працэдуры. У ноч з 9 на 10 верасня папярэдняга года ваенная і грамадзянская паліцыя арыштавалі больш за дзясятак апазіцыйных палітыкаў. Пры гэтым арышты адбываліся без пастановы суда, а толькі па загадзе кіраўніка МУС. На самай справе акцыя была арганізавана па прамым указанні Юзэфа Пілсудскага. Апошні асабіста адрэдагаваў канчатковы варыянт спісу асоб, якія падлягаюць затрыманню.
У наступныя тыдні пасля першага хапуну на кароткі час былі арыштаваныя яшчэ каля 5000 чалавек, у тым ліку 84 былыя дэпутаты. З усіх арыштаваных было адфільтравана прыкладна пару тузінаў асобаў (сярод іх, дарэчы, быў і трохразовы прэм'ер-міністр Вінцэнт Вітас), якіх накіравалі ў Брэсцкую крэпасць. Фартыфікацыйны пункт на Бугу на нейкі час ператварыўся ў імправізаваную турму.
Падчас арыштаў ніякіх абвінавачанняў не абвяшчалася. Пазней блізкія да Бельведэра газеты перадрукавалі абвінавачанні пракуратуры на адрас затрыманых. Паводле пракурора, арыштаваныя палітыкі «разам і свядома рыхтавалі дзяржаўны пераварот з мэтай гвалтоўнага ўхілення чальцоў дзейнага ўрада Польшчы і замены іх іншымі асобамі, аднак без змены прынцыпаў дзяржаўнага ладу. Запланаваны пераварот, аднак, не адбыўся дзякуючы ўмяшанню ўлад».
Такія фармуліроўкі выглядалі трошкі смешна для ўсіх, хто стала цікавіўся палітыкай і добра памятаў, што менавіта Юзэф Пілсудскі выступіў лідарам нядаўняга дзяржаўнага перавароту ў маі 1926-га. Прычым здзейсніць путч яму шмат у чым дапамаглі сацыялісты, якія цяпер па яго загадзе аказаліся на нарах. Натуральна, гэтыя забаўныя акалічнасці ўладныя СМІ намагалася не афішаваць.
Зрэшты, пасля 1926-га сапраўды шмат што змянілася. Былыя саюзнікі хутка ператварыліся ў заўзятых антаганістаў. Лічыцца, што апошняй кропляй для Пілсудскага стала пастанова агульных збораў апазіцыі ў Кракаве ў чэрвені 1930-га. У тэксце прынятай на зборах канчатковай рэзалюцыі яе ўдзельнікі абвясцілі аб «пагрозе дыктатуры Юзэфа Пілсудскага» і папярэдзілі ўлады, што «на любую спробу дзяржаўнага перавароту» яны адкажуць «самым бязлітасным супраціўленнем аж да ўжывання фізічнай сілы».
Адказ Пілсудскага на мабілізацыю апазіцыйных сіл быў аператыўным і рашучым. 25 жніўня ён узначаліў новы ўрад. Праз чатыры дні на пасяджэнні Савета міністраў выступіў з прапановай аб роспуску парламента. 30 жніўня рашэннем прэзідэнта Сейм быў распушчаны, што пазбавіла дэпутатаў імунітэту і юрыдычна дазволіла прыцягваць іх да адказнасці.
Мяркуючы па ўсім, вязні Брэсцкай крэпасці сапраўды моцна насалілі начальніку панства. Інакш бы рэжым іх утрымання не быў такі жорсткі. Да зняволеных прымяняліся правілы ваенна-турэмнага статута і жорсткія меры фізічнага і псіхалагічнага ціску. Так, перыядычна імітавалася сцэна іх пакарання. Мелі месца здзекі і пабоі. Кантакты з адвакатамі і членамі сям'і былі поўнасцю забаронены.
Непасрэдна брэсцкіх вязняў пачалі судзіць 26 кастрычніка 1931 года ў Акруговым судзе ў Варшаве. Паводле фінальнага вердыкту (яго абвесцяць у студзені наступнага года), усе падсудныя, за выключэннем аднаго сябра Сялянскай партыі, былі прызнаныя вінаватымі. Пры гэтым турэмныя тэрміны, якія яны атрымалі, не выглядалі занадта вялікімі — максімум тры гады плюс штрафы. Не кажучы пра тое, што ў тэрмін адбыцця пакарання было залічана знаходжанне ў арышце з 11 верасня 1930 года.
Такі лібералізм можна зразумець з улікам двух чыннікаў. Па-першае, адмоўная рэакцыя грамадства. Хапун і працэс выклікалі пратэсты нават у лагеры пілсудчыкаў. Некаторыя з лаяльных на адрас Пілсудскага палякаў пагаджаліся з аргументамі афіцыёзу — моцная апазіцыя аслабляе ўнутраную стабільнасць польскай дзяржавы ва ўмовах вельмі напружанай міжнароднай сітуацыі. Але гэта, па іх словах, абсалютна не апраўдвала маштабаў рэпрэсій і такога брутальнага абыходжання з абвінавачанымі, якія не заслугоўвалі такога стаўлення.
Па-другое, яшчэ да пачатку працэсу рэжым, па-сутнасці, дасягнуў сваёй мэты — маргіналізаваў апанентаў або, кажучы словамі аднаго з сучаснікаў, «адрубіў апазіцыі галаву». Большасць з былых вязняў Брэсцкай крэпасці пасля выхаду на волю намагаліся іміграваць. Дзейнасць каардынацыйных цэнтраў апазіцыі была на нейкі час фактычна спыненая, а яе лідары часткова дыскрэдытаваныя. У Польшчы аж да вайны манапольна захоўвалі ўладу прыхільнікі Юзэфа Пілсудскага.
Аднак, падаецца, што за расправу над апазіцыяй куды больш давялося заплаціць як раз замоўнікам працэсу. І гэты кошт быў велізарным. Застаючыся па-за крытыкай, перадваенная польская палітычная эліта не здолела комплексна ацаніць усе міжнародныя рызыкі. Гэта ў выніку стала адной з прычынаў катастрофы Польшчы ўвосень 1939-га.
Напрыканцы застаецца толькі працытаваць ацэнку тых падзей у цяперашняй Польшчы. «Нягледзячы на тое, што ў параўнанні з маштабам тэрору ў суседніх таталітарных краінах прысуд у Брэсцкім працэсе быў адносна памяркоўным, гэты працэс застаўся цёмнай плямай у гісторыі польскага правасуддзя», — сказаў адзін з гісторыкаў у актуальным каментары для дзяржаўнага медыя Radio Polska.