Паліцыя адкрыла агонь па пратэстоўцах у Кабуле
Як мінімум пяць чалавек загінулі на маршы пратэсту ў сталіцы Афганістана. Дэманстранты абвінавачвалі ўлады ў няздольнасці ўтаймаваць гвалт у краіне і патрабавалі адстаўкі ўраду.
Натоўп сабраўся ў цэнтры Кабула, непадалёк ад месца, дзе ў сераду адбыўся магутны выбух, што забіў каля 90 чалавек. Людзі, якія сабраліся пратэставаць, скандавалі антыўрадавыя і антыталібскія лозунгі.
Паліцыя ўжыла супраць пратэстоўцаў слезацечны газ і вадамёты, спрабуючы не пусціць натоўп да прэзідэнцкага палаца, а затым адкрыла агонь.
Паведамляецца, што адзін з загінулых падчас дэманстрацыі — сын вядомага афганскага палітыка.
Выбух паблізу дыпламатычнага квартала ў Кабуле стаў адным з самых смяротных нападаў на афганскую сталіцу за апошнія гады. Ні адна з груповак пакуль не ўзяла на сябе адказнасць за арганізацыю выбуху — нават "Ісламская дзяржава", якая звычайна хутка і ахвотна прыпісвае сабе крывавыя тэракты.
Рух "Талібан" апублікаваў заяву з асуджэннем нападу.
Кіраўніцтва афганскіх спецслужбаў падазрае ў датычнасці да выбуху баевікоў групоўкі "Хаккані" — адной з галін руху "Талібан" — а таксама сцвярджае пра наяўнасць пакістанскага следу. Ісламабад адхіляе ўсе падазрэнні, называючы іх неабгрунтаванымі.
Паводле ВВС