Новая Польшча

Польшча перажывае адну з самых вялікіх трагедый у сваёй гісторыі. Такога кшталту катастрофы — гэта не толькі народны смутак, аднак таксама унікальны час, калі народ мяняе погляд на многія, здавалася, звыклыя рэчы.



be53d253d6bc3258a8160556dda3e9b2.jpg

Польшча перажывае адну з самых вялікіх трагедый у сваёй гісторыі. Такога кшталту катастрофы — гэта не толькі народны смутак, аднак таксама унікальны час, калі народ мяняе погляд на многія, здавалася, звыклыя рэчы.
«Польшча адкрывае сябе наноў» — так называецца артыкул у нямецкай «Sueddeutche Zeitung», прысвечаны грамадскай атмасферы, якая склалася ў Польшчы пасля смаленскай трагедыі. Цяжка казаць, наколькі радыкальна Польшча зменіцца пасля 10 красавіка. Аднак нельга адмаўляць: нешта сапраўды адбывацца. Мяркуючы па дыскусіях на інтэрнэт-форумах і ў газетных артыкулах, ідзе гарачая палеміка па пытаннях, што вызначаюць нацыянальную канцэпцыю.
Па-першае, жудасная трагедыя падштурхнула людзей перагле­дзець паўсядзённыя каштоўнасці, сваё месца ў свеце і жыццёвыя мэты. Індывідуальны матэрыяльны поспех — здавалася, галоўны матыў паводзін людзей апошніх часоў — саступіў месца пошуку сябе ў калектыўнай тоеснасці. Асабістае разглядаецца праз прызму калектыўнага.
На форумах людзі задаюцца пытаннем: што мы за народ, палякі, у чым наша гістарычная місія? Вялікае месца ў гэтых дэбатах займае рэлігійны аспект і амаль дэманічны сімвалізм Катыні — месца, дзе два разы за 70 гадоў гінула эліта польскай нацыі.
Такое ўражанне, што шмат хто, асабліва маладыя людзі, упершыню адчулі прыналежнасць да нацыі. «Я плакала на плячы незнаёмай жанчыны. Мы з ёй нават абмяняліся папяровымі сурвэткамі, якія прапанаваў нам невядомы мужчына. Ён сам ледзь стрымліваў слёзы, аднак заклікаў: «Дзяўчаты, трымайцеся. Разам мы перажывем гэты цяжкі для Бацькаўшчыны час». І я зразумела, якая я шчаслівая, бо нарадзілася ў Польшчы», — напісана на адным з форумаў. У інтэрнэце вельмі шмат споведзяў такога кшталту.
Гэта высокая рыторыка, экзатычная яшчэ ўчора, аднак нармальная цяпер, характэрная не толькі для звычайных людзей. «Сёння, сутыкнуўшыся з трагедыяй, наша нацыя застаецца аб’яднанай, адрозненні ў дэталях не маюць значэння. У гэты важны для краіны час мы разам», — заявіў спікер сейму Браніслаў Камароўскі, які выконвае абавязкі прэзідэнта краіны.
Менавіта ад апошняга і яго сябраў па партыі «Грамадзянская платформа» залежыць, ці стане цяперашні ўздым нацыянальнай свядомасці чымсьці большым за часовую калектыўную істэрыку.
10 красавіка здарылася не толькі трагедыя. Адбылася змена ўлады ў Польшчы. Фактычна зараз уся ўлада — і заканадаўчая і выканаўчая — апынулася ў руках «Грамадзянскай платформы».
У іншы час у падобных умовах платфармісты маглі б спакойна дзяліць пасады паміж сваімі. Аднак не ў Польшчы пасля 10 красавіка. Смаленская катастрофа пахавала былую партыйную логіку, калі партыі змагаліся за тое, каб прасунуць сваіх кандыдатаў на цёплыя месцы. Камароўскі вымушаны паводзіць сябе вельмі далікатна адносна апазіцыі, лідэры якой загінулі пад Смаленскам, — такое агульнае меркаванне грамадства.
Тым больш, праз пару месяцаў павінны адбыцца прэзідэнцкія выбары. Гэта будуць унікальныя выбары ў гісторыі краіны. Смаленская трагедыя папросту не дазволіць пускаць у ход старыя прыёмы міжпартыйнай барацьбы: капацца ў бруднай бялізне апанента, шукаць на яго кампрамат і г.д. Гэта, на думку шматлікіх газет, дае унікальны шанс для нараджэння ў Польшчы новай палітычнай культуры.


Важная дэталь — перагляд стаўлення да Леха Качыньскага як да чалавека і палітыка. Што хаваць — Качыньскі быў непапулярным прэзідэнтам. Ягоныя кансерватыўныя і клерыкальныя забабоны, штодзённыя звароты да мінулага выклікалі ў лепшым выпадку смех з боку прадстаўнікоў ліберальнага і левага лагера. Аднак чалавечае вымярэнне таго, што адбылося 10 красавіка, разумення хуткасці жыцця, элементарная чалавечая салідарнасць прымусілі нават заўзятых апанентаў Леха Качыньскага па-новаму паглядзець на ягоную асобу і спадчыну.
Шмат хто пачувае сябе няёмка за тое, што ставіўся настолькі нядобразычліва да думкі апанента. Замест таго, каб зразумець учынкі чалавека, папросту запісваў яго ў катэгорыю кансерватараў і рэтраградаў.
Нарэшце, мяняецца і стаўленне да Расіі. Нельга казаць пра тое, што догмы, якія фармаваліся як мінімум 200 апошніх гадоў, цалкам пахаваныя. На тых жа форумах хапае нататак пра тое, што за аварыяй стаялі людзі з Лубянкі. Матывы называюцца розныя: ад простай гістарычнай помсты да жадання падабраць на месцы аварыі ноўтбукі лідэраў Польшчы, якія ўтрымліваюць дзяржаўныя сакрэты.
Аднак лёд у гэтым накірунку, здаецца, парушыўся. «Расіяне ў прынцыпе трымаліся вельмі добра. Вядома, што палітычныя інтарэсы засталіся, аднак галоўнае — тое, што яны паводзілі сябе надзвычай чалавечна. Вельмі хацелася, каб мы пачалі трактаваць Расію як цяжкага, аднак партнёра і суседа, а не крыніцу вялікага зла», — піша адзін з удзельнікаў форума на сайце выдання «Gazeta Wyborcza».
 «Катынь як месца польска-расійскай варожасці можа цяпер стаць сімвалам яднання паміж народамі», — піша тая ж «Gazeta Wyborcza».
З гэтым пагаджаецца і кансерватыўная газета «Rzecz Pospolita». Яна цытуе расійскага публіцыста Сяргея Бутмана: «Рэакцыя Расіі на трагедыю дэманструе, наколькі штучнымі былі праблемы. Злучыў нас смутак. Расійскія лідэры знайшлі аўтэнтычныя шчырыя словы. Я не пачуў фальшывай ноткі».
«Polski Dziennik Zachodni» цытуе Нормана Давеса: «Думаю, што Катынь будзе асабістым катарсісам для ўсяго рускага народу. Гучыць гэта дзіўна, аднак польскі катарсіс дазваляе расіянам вызваліцца ад асабістых фантомаў мінулага».
І ён мае рацыю. «Независимая газета» ў каментары на смерць Качыньскага піша: «У СССР такіх сваіх «Катыней» было тысячы, і ахвяр — больш. І нават Катынский лес захоўвае памяць не толькі пра польскіх, але таксама і пра рускіх расстраляных, рэпрэсаваных, загінулых і да пачатку Вялікай Айчыннай, і пасля яе. І, як ні сумна ўсведамляць, пра іх успомнілі ў тым ліку і дзякуючы настойлівасці палякаў».
Парадокс, аднак, магчыма, выкліканая падзеямі 10 красавіка дыскусія ў Расіі наконт сталінскіх рэпрэсій стане таксама фактарам станаўлення новай Польшчы.