Новая вакцына супраць ВІЧ апынулася эфектыўнай і бяспечнай
Клінічныя выпрабаванні вакцыны супраць ВІЧ, якая павінна абараніць чалавека ад розных яго штамаў, паказалі абнадзейлівыя вынікі.
Артыкул, які аналізуе вынікі даследавання, апублікаваны ў навуковым часопісе Lancet. У ім гаворыцца, што вакцына выклікала правільную рэакцыю імуннай сістэмы ўсіх 393 удзельнікаў выпрабаванняў. Яна таксама дапамагла абараніць малпаў ад віруса, падобнага да ВІЧ.
Зараз неабходна правесці далейшыя выпрабаванні і высветліць, ці здольная яна абараніць ад ВІЧ чалавека. У свеце з ВІЧ ці СНІД жыве прыкладна 37 мільёнаў людзей. Кожны год з’яўляецца каля 1,8 мільёна новых выпадкаў.
Даследаванне праводзілася ў 2015-2016 гадах, а ў ліпені 2017 году навукоўцы распавялі свету пра яго вынікі.
Зараз жа публікуюцца яго ключавыя дадзеныя на ранняй стадыі, тлумачаць у кампаніі Johnson & Johnson, чыя дачка Janssen, фармацэўтычная кампанія, распрацавала вакцыну.
Нягледзячы на тое, што лячэнне ВІЧ з кожным годам становіцца больш эфектыўным, да гэтага часу і вакцына супраць гэтага віруса, і тэрапія заставаліся толькі ў марах медыкаў і пацыентаў. Дакантактная прафілактыка ВІЧ эфектыўная, але яе трэба прымаць рэгулярна (ці ледзь не штодня).
Вакцына супраць ВІЧ стала сапраўдным выклікам для навукоўцаў, збольшага таму, што ў гэтага віруса мноства штамаў.
Вірус умее мутаваць з мэтай пазбегнуць нападу імуннай сістэмы чалавека, таму мы не можам выпрацаваць да яго імунітэт.
Новая, так званая мазаічная вакцына складаецца з бялкоў розных штамаў гэтага віруса, таму ў ідэале павінна стаць універсальнай абаронай.
Дадзенае даследаванне было рандамізаваным кантраляваным падвойным сляпым даследаваннем з ужываннем плацэба, што лічыцца стандартным метадам у медыцыне. Навукоўцы праверылі розныя варыянты вакцыны на здаровых удзельніках ад 18 да 50 гадоў, якія не заражаны ВІЧ.
Удзельнікаў набралі ў некалькіх краінах — ЗША, Руанда, Уганда, ПАР і Тайланд. Кожны праходзіў курс вакцынацыі на працягу 48 тыдняў.
Усе віды вакцын паказалі сябе эфектыўнымі і бяспечнымі для пацыентаў.
У паралельным даследаванні навукоўцы прышчаплялі макак-рэзус супраць віруса, падобнага на ВІЧ, на які хварэюць малпы.
Новая вакцына абараніла больш за дзве траціны паддоследных малпаў.
Прафесар Гарвардскай медыцынскай школы Дэн Барук, які ўзначальваў гэта даследаванне, агаворваецца, што пакуль рана рабіць выснову аб тым, што гэтая вакцына здольная прадухіляць заражэнне.
«Здольнасць справакаваць спецыфічную рэакцыю імуннай сістэмы не азначае, што вакцына абавязкова абароніць чалавека ад інфікавання ВІЧ», — тлумачыць ён.
Аднак вынікі апошняга даследавання абнадзейваюць, і навукоўцы ўжо плануюць выпрабаваць вакцыну на 2600 жанчынах на поўдні Афрыкі.
Гэта не першая вакцына супраць ВІЧ, якую тэстуюць на людзях. Напрыклад, адна з папярэдніх ужо была апрабавана ў Тайландзе і паказала зніжэнне ўзроўню заражэнняў амаль на траціну.
Але гэтага аказалася недастаткова для яе шырокага прымянення.
Доктар Майкл Брэйдзі, медыцынскі дырэктар Тэрэнса Хігінса, заўважыў, што спяшацца з высновамі не варта, хоць надзея ёсць.
Ён дадаў, што на дадзены момант існуюць такія эфектыўныя спосабы прафілактыкі заражэнняў, як кантрацэпцыя і антырэтравіруснай тэрапіі, якая прадухіляе перадачу інфекцыі.
Паводле BBC