Нобелеўскі медаль Дзмітрыя Муратава прададзены за 103,5 млн долараў. Грошы пойдуць на дапамогу ўкраінцам
Нобелеўскі медаль галоўнага рэдактара расійскай «Новой газеты» Дзмітрыя Муратава, які стаў у 2021 годзе лаўрэатам прэміі міру, прададзены за 103,5 мільёна долараў, піша «Медуза».
Таргі правёў амерыканскі аўкцыённы дом Heritage Auctions
увечары 20 чэрвеня ў Нью-Ёрку. Імя пакупніка не выдаецца.
Усе атрыманыя ад продажу медаля сродкі пойдуць на падтрымку гуманітарнай місіі ЮНІСЕФ па
аказанні дапамогі ўкраінскім дзецям-бежанцам і іх сем'ям.
Дзмітрый Муратаў разам з філіпінскай журналісткай Марыяй Рыса атрымаў у 2021 годзе Нобелеўскую прэмію міру. Грашовую частку прэміі
Муратаў пералічыў дабрачынным арганізацыям.
Пра рашэнне выставіць медаль на таргі Муратаў абвясціў 22
сакавіка. «Мы доўга думалі над гэтым у рэдакцыі «Новай газеты» і
зразумелі, што ёсць людзі, якім значна горш, чым нам. Гэта ўцекачы. Хворыя
ўкраінскія дзеці. Ім значна горш, чым нам», — заявіў Муратаў,
падкрэсліўшы, што рашэнне прадаць Нобелеўскі медаль «падтрымала 100%
супрацоўнікаў».