Незалежных медыя ў Азербайджане не засталося
У Азербайджане — краіне з адным з
горшых паказчыкаў свабоды прэсы ў свеце — закрываецца апошняе буйное незалежнае
СМІ — інфармагенцтва Turan. Напярэдадні
яго кіраўнік быў адпраўлены за краты.
Мехмана Аліева арыштавалі па абвінавачванні
ва ўхіленні ад падаткаў у чацвер вечарам. На
наступны дзень да абвінавачванняў дадаліся злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі
і незаконнае прадпрымальніцтва. Бакінскі
суд арыштаваў кіраўніка агенцтва Turan на тры месяцы.
Аліеў адмаўляе абвінавачванні, а яго калегі і адвакат называюць арышт
«палітычнай замовай».
Еўрапейскі Камітэт па абароне журналістаў (CPJ Europe) заклікаў Азербайджан
«спыніць палітычна матываваны пераслед Мехмана Аліева і агенцтва Turan».
Аліеў казаў на мінулым тыдні, што яшчэ ў сувязі з абвінавачваннямі ўлады замарозілі рахункі агенцтва, і яму пагражае закрыццё.
У пятніцу Turan пацвердзіў, што спыняе працу: «У падобнай сітуацыі нармальнае функцыянаванне агенцтва становіцца вельмі складаным. Улічваючы сітуацыю, якая склалася, калектыў Turan вымушаны з 1 верасня прыпыніць сваю працу на нявызначаны час».
Агенцтва Turan — найстарэйшая ў Азербайджане і першае незалежнае агенцтва, заснаванае ў 1990 годзе групай журналістаў, якія адмаўляліся працаваць у дзяржаўных СМІ.
«Turan ўсе апошнія гады быў адзіным незалежным агенцтвам, а сваімі дзеяннямі ўрад адкрыта дае нам сігнал аб тым, што яно не пацерпіць ні аднаго непадкантрольнага выдання», — каментуе Хадзіджа Ісмаілава, журналіст-праваабаронца, якая сама правяла ў зняволенні паўтара года.
Былую супрацоўніцу бакінскага бюро «Радыё Свабода» Хадиджу Ісмаілава ў 2015 годзе прысудзілі да сямі з паловай гадоў зняволення. Ісмаілава абвінавацілі ў паклёпе, ухіленні ад выплаты падаткаў, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і злоўжыванні ўладай. Сама журналістка, як і яе калегі і праваабаронцы, называлі абвінавачванні палітычна матываванымі.
У траўні бакінскі суд прыняў рашэнне заблакаваць сайты азербайджанскай службы «Радыё Свабода» і чатырох мясцовых СМІ.
У ліпені мінулага года Нацыянальны савет па тэлебачанні і радыё спыніў вяшчанне папулярнага мясцовага тэлеканала ANS на падставе таго, што пазіцыя канала ішла «насуперак з брацкім стаўленнем азербайджанскага і турэцкага народаў».
У гэтым годзе быў арыштаваны Азіз Аруджаў, рэдактар онлайн-ТБ "Канал 13».
Па дадзеных Цэнтра абароны палітвязняў, у Азербайджане 158 палітвязняў, 10 з іх — журналісты і блогеры.
У той жа час у краіне існуе Фонд дзяржаўнай падтрымкі развіцця СМІ пры прэзідэнце Азербайджана, які гэтым летам раздаў журналістам 255 кватэр.
Гэта другі дом, пабудаваны для журналістаў за кошт падаткаплацельшчыкаў, і ўжо пачата будаўніцтва трэцяга будынка, у якім таксама будзе 255 кватэр.
Раней у інтэрв'ю Бі-бі-сі сам Мехман Аліеў называў раздачу кватэр спосабам эканамічнага кантролю прэсы, так як жылплошчу атрымліваюць прадстаўнікі праўрадавых СМІ.
«З аднаго боку, адным журналістам даюць кватэры, — казаў кіраўнік агенцтва Turan. — З іншага, робяць больш жорсткімі законы, якія датычацца свабоды СМІ, а журналістаў кідаюць у турму».
Паводле, Рускай службы Бі-бі-Сі