На мітынгах «Свабоду Навальнаму!» па ўсёй Расіі затрымалі больш за 1500 чалавек

Па ўсёй Расіі 21 красавіка прайшлі акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага. Самым шматлікім стаў маскоўскі мітынг, да якога далучыліся ў тым ліку рэперы Оксімірон, Фэйс, Уладзі, Noize MC і сваякі Навальнага — маці Людміла, жонка Юлія і брат Алег.

Акцыя ў падтрымку Навальнага ў Новасібірску, 21 красавіка 2020 года. Кірыл Кухмар / ТАСС / Scanpix / LETA

Акцыя ў падтрымку Навальнага ў Новасібірску, 21 красавіка 2020 года. Кірыл Кухмар / ТАСС / Scanpix / LETA

Паліцыя ацаніла колькасць удзельнікаў акцыі ў Маскве ў 6 тысяч чалавек, у Пецярбургу — у 4,5 тысячы. Паплечнікі Навальнага заклікалі памнажаць гэтую ацэнку на 10. Галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў са спасылкай на неназваных экспертаў паведаміў, што ў расійскай сталіцы на акцыю выйшлі 10–15 тысяч чалавек, у Пецярбургу — 7–9 тысяч чалавек. Паводле падлікаў «Адкрытых медыя», у Маскве пратэставалі не менш за 25 тысяч чалавек.

Паводле даных улад і журналістаў, у рэгіёнах Расіі больш за ўсё людзей выйшлі на акцыі ў Екацярынбургу (каля 5 тысяч чалавек), Новасібірску і Омску (каля 3 тысяч чалавек) і Чэлябінску (каля 2 тысяч чалавек).

У сувязі з акцыямі затрымалі больш за 1500 чалавек, паведамляе «ОВД-Инфо». Найбольшая колькасць затрыманых — у Пецярбургу: больш за 350 чалавек. У Маскве затрыманыя 20 чалавек, там паліцыя, у асноўным, не перашкаджала пратэстоўцам. У Валгаградзе пры затрыманні ўжывалі слезацечны газ, у Пецярбургу — электрашокеры. Паведамляецца таксама пра пацярпелых пры затрыманні ў Пецярбургу. Аднаго з затрыманых тройчы ўдарылі дубінкай па галаве і зламалі яму палец, другога білі каленам у твар. Адну з затрыманых дзяўчын павалілі на зямлю, з-за чаго ў яе мноства ранак на твары.

У дзень акцый былі затрыманыя Любоў Собаль і Кіра Ярмыш. Собаль абвінавацілі ў закліках да мітынгу падчас эфіру на «Эхо Москвы» (яе адпусцілі з паліцыі да суду), Ярмыш — у арганізацыі мітынгу праз інтэрнэт (яе арыштавалі на 10 сутак). Пры гэтым Ярмыш не карыстаецца інтэрнэтам, паколькі ўжо больш за два месяцы знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Паводле meduza.io