МЗС Расіі абвясціла персонамі нон-грата 10 супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Расіі
Ноту пра гэта ўручылі ў сераду намесніку пасла ЗША ў Маскве Барту Горману, паведамляе «Свабода». Як сказана ў паведамленні МЗС, амерыканскім дыпламатам загадана пакінуць краіну да канца дня 21 траўня.
Пра будучую высылку стала вядома яшчэ на мінулым тыдні — яе анансаваў міністар замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў, заявіўшы, што гэта мера ў адказ на высылку са Злучаных Штатаў 10 супрацоўнікаў расійскіх дыпламатычных устаноў.
У заяве расійскага МЗС таксама гаворыцца, што ў найбліжэйшым часе будуць зробленыя далейшыя крокі ў рамках «комплексу захадаў у адказ» — пасля ўвядзення новага пакету санкцый ЗША. Раней паведамлялася, што Расія ўключыла ў свой санкцыйны спіс 8 цяперашніх і былых кіраўнікоў праваахоўных ведамстваў Злучаных Штатаў.
Санкцыі супраць Масквы былі ўведзеныя на мінулым тыдні ў якасці рэакцыі на хакерскія атакі, умяшанне ў выбары і іншыя непрыязныя дзеянні Расіі. Акрамя высылкі дыпламатаў, былі пашыраныя санкцыйныя спісы, а таксама абмежаваная магчымасць аперацый амерыканскіх рэзідэнтаў з аблігацыямі расійскага дзяржаўнага доўгу. Масква назвала санкцыі неабгрунтаванымі.
Амерыканскім дыпламатам далі месяц на ад’езд з Расіі. Некалькі дзён таму Расія выслала 20 супрацоўнікаў амбасады Чэхіі — у адказ на высылку з Чэхіі 18 меркаваных супрацоўнікаў расійскіх спецслужб, якія працавалі пад дыпламатычным прыкрыццём. Чэшскім дыпламатам далі на зборы толькі крыху больш за 24 гадзіны.
Раней на гэтым тыдні пасол ЗША ў Расіі Джон Саліван выехаў у Вашынгтон. Пра гэта паведаміла прэс-служба амерыканскага пасольства. Пасол ЗША падкрэсліў, што вернецца ў Маскву цягам тыдня.
16 красавіка пасля таго, як ЗША абвясцілі пра ўвядзенне новых санкцый у дачыненні да Расіі і пра высылку расійскіх дыпламатаў, МЗС Расіі рэкамендаваў Салівану адправіцца дадому для кансультацый.
Расійскі пасол у ЗША Анатоль Антонаў цяпер знаходзіцца ў Расіі. Ён пакінуў Вашынгтон 20 сакавіка для кансультацый. Яго адклікалі ў Маскву пасля інтэрв'ю прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, у якім той станоўча адказаў на пытанне журналіста, ці лічыць ён прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна «забойцам», і паабяцаў, што Пуцін «заплаціць» за ўмяшанне ў выбары.