МЗС Ірака заклікаў грамадзян краіны «не станавіцца мішэнню сетак кантрабанды»

5 жніўня Міністэрства замежных спраў Ірака выступіла з заявай з нагоды гібелі грамадзяніна сваёй краіны паблізу беларуска-літоўскай мяжы.

image.jpg.webp

Ведамства, у асобе прэс-сакратара Ахмеда Аль-Сахафа паведаміла, што пасольства краіны ў Маскве ўважліва сочыць за расследаваннем інцыдэнту, які стаў прычынай трагічнага здарэння.

МЗС таксама заклікае грамадзян Ірака «не станавіцца мішэнню сетак кантрабанды і гандлю людзьмі».

Нагадаем, 4 жніўня беларускія дзяржаўныя СМІ і тэлеграм-каналы паведамілі, што паблізу ад беларуска-літоўскай мяжы выявілі іракца ў цяжкім стане. Нібыта мужчыну знайшлі ноччу мясцовыя жыхары ў раёне пункта пропуску Беняконі. Яны ж паведамілі пра гэта памежнікам. Выратаваць яго не ўдалося.

Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу па артыкуле «Забойства». Пры якіх абставінах загінуў іншаземец, цяпер высвятляюць беларускія следчыя.

Літоўскія памежнікі заявілі, што не атрымлівалі інфармацыі пра інцыдэнт з грамадзянінам Ірака ад беларускіх уладаў, і кажуць, што даведаліся пра гэта са СМІ. Афіцыйныя ўлады Літвы адмаўляюць якую-небудзь датычнасць да таго, што адбылося. Мінабароны Літвы назвала інцыдэнт «правакацыяй», а МУС — «казкамі братоў Грым».

Паводле www.nv-online.info