Маштабная кібератака на Украіне
Нацыянальны банк Украіны заявіў аб знешняй хакерскай атацы невядомым вірусам на некалькі ўкраінскіх банкаў, а таксама на некаторыя прадпрыемствы камерцыйнага і дзяржаўнага сектараў, якая пачалася сёння, 27 чэрвеня.
«У выніку такіх кібератакаў гэтыя банкі
адчуваюць складанасці з абслугоўваннем кліентаў і ажыццяўленнем банкаўскіх
аперацый. Цяпер у фінансавым сектары ўзмоцнены меры бяспекі і процідзеяння
хакерскім атакам усіх удзельнікаў фінансавага рынку. Нацыянальны банк упэўнены,
што абарона банкаўскай інфраструктуры ад махлярства ў кіберпрасторы арганізавана
належным чынам, а спробы кібератакі на інфармацыйныя сістэмы банкаў будуць нейтралізаваныя»,
— гаворыцца ў паведамленні на сайце ўстановы.
«Украінская праўда» паведамляе, што на Чарнобыльскай АЭС адключылі кампутары. Як сказаў выданню начальнік змены ЧАЭС Уладзімір Ільчук, некаторыя кампутары былі заражаныя вірусам. Ільчук сцвярджае, што ніякай радыяцыйнай пагрозы з прычыны атакі няма.
Міністэрства ўнутраных справаў напісала ў Твітэры, што «сайт не працуе з-за кібератакі», пасля гэты твіт выдалілі і ўдакладнілі: сайт «не працуе з-за прэвентыўнай меры, каб пазбегнуць паражэння сістэмы кібератакай». “Радыё Свабода” паспела зрабіць скрыншот выдаленага паведамлення.
Пра атаку на свае інфармацыйныя сістэмы паведаміла таксама «Новая пошта».
«Праз масавую атаку віруса Petya. A на нашы інфармацыйныя сістэмы аддзяленні і кантакт-цэнтры „Новац пошты“ часова не могуць абслугоўваць кліентаў», — напісалі прадстаўнікі прадпрыемства ў Фэйсбуку.
Раней «Інтэрфакс-Украіна» паведаміў аб хакерскіх атаках на «Кіеўэнерга» і «Укрэнерга», а выданне «Обозреватель» — аб нападах на «Запарожжаоблэнергэ» і «Дняпроэнерга».
Акрамя таго, як паведаміў «24 канал», на кіеўскую і львоўскую рэдакцыі медыяхолдынгу ТРК «Люкс», у склад якога ўваходзіць гэты канал, нацыянальная сетка радыёстанцый «Радыё Люкс» і «Радыё Максімум», а таксама шэраг інтэрнэт-сайтаў зроблена вірусную атаку.
Таксама віцэ-прэм’ер Павел Розенка паведаміў аб кібератацы на кампутары ўкраінскага ўраду.
«Та-дам! Калі што, то ў нас таксама сетка „легла“, па ходзе! Такую карцінку паказваюць ўсе кампутары КМУ)))», — напісаў Разенка ў Фэйсбуку.