Малдова. Уладзімір Варонін святкуе дзень нараджэння Катоўскага

Лідар Партыі камуністаў Рэспублікі Малдовы (КПРМ) па незразумелых прычынах аддаў загад аднапартыйцам шырока адсвяткаваць 24 чэрвеня 123 гады з дня нараджэння вядомага камандарма Рыгора Катоўскага. 



vladimir_voronin.jpg

Уладзімір Варонін

У дзень нараджэння героя ў цэнтры Кішынёва адбыўся нават мітынг з удзелам правадыра камуністаў. На ім старшыня КПРМ прадэманстраваў натоўпу ганаровую зброю Катоўскага — срэбную шаблю, якая захоўвалася раней у музеі Катоўскага. Музей, паводле слоў Вароніна, быў разрабаваны актывістамі Народнага фронту ў пачатку 1990-х гадоў, аднак музейным супрацоўнікам удалося выратаваць частку экспанатаў і пасля перадаць іх Вароніну.

Правая прэса дружна абвінаваціла КПРМ у стварэнні культу злачынцы (як вядома, пачынаў Катоўскі сваю жыццёвую кар’еру як налётчык). У сваю чаргу, левыя СМІ называюць Катоўскага «нашым Робін Гудам».

Самае цікавае, што ўлады Прыднястроўя дзень нараджэння Катоўскага праігнаравалі, хаця менавіта Рыгор Іванавіч дабіўся стварэння тут у 1923 годзе аўтаноміі ў складзе Украінскай ССР, з якой, на думку мясцовых гісторыкаў, пачаўся адлік прыднястроўскай дзяржаўнасці. Больш за тое, адна з мясцовых газет нават заклікала разбурыць міф пра Катоўскага, які, быццам, тармозіць грамадскую дыскусію, якая не можа выйсці за рамкі бальшавіцкіх ідэй.