Майдан рыхтуецца да атакі “Беркута”
Напярэдадні ў час перамоваў прэзідэнта з апазіцыйнымі палітыкамі прагучала абяцанне прыпыніць сутычкі праваахоўнікаў з пратэстоўцамі. Нягледзячы на дамоўленасці, па-ранейшаму адбываюцца лакальныя сутычкі і затрыманні актывістаў, адзначыў нашаму радыё адзін з каардынатараў Самаабароны Еўрамайдану Сэргій Козан.
— Улада нават трошкі не пачала паводзіць сябе па-іншаму. Дамоўленасці пра неўжыванне сілы парушаны. Яны атрымліваюць наказ зверху. Працягнецца эскалацыя канфлікту і гвалту.
Камендант Еўрамайдану, дэпутат апазіцыйнай партыі “Бацькаўшчына” Андрый Парубій паведаміў сёння пра тое, што яны атрымалі інфармацыю пра магчымае прыбыццё ва Украіну расійскага спецназу. Цяпер актывісты Еўрамайдану накіраваліся ў аэрапарты “Барыспаль” і “Жуляны”, каб праверыць інфармацыю.
А ў Запарожжы ў паўднёва-ўсходняй частцы Украіны актывісты штурмуюць дзяржаўную абласную адміністрацыю. Запарожскія актывісты пачалі атаку пасля таго, як старшыня абласной адміністрацыі выйшаў да мітынгоўцаў і заявіў, што ён не мае намеру здымаць з сябе паўнамоцтвы губернатара і выходзіць з “Партыі рэгіёнаў”.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота rian.com.ua