Крэмль прызнаў, што санкцыі Захаду падарвалі эканоміку Расіі
Санкцыі з боку Еўрасаюза і ЗША дэстабілізавалі фінансавыя рынкі і макраэканамічную сітуацыю ў Расіі. Пра гэта гаворыцца ў «Асноўных напрамках дзейнасці ўрада РФ на перыяд да 2018 года», апублікаваных на сайце ўрада Расіі.
«Узмацненне геапалітычнай напружанасці і ўвядзенне санкцыйных абмежаванняў з боку ЕС і ЗША, прывялі да дэстабілізацыі фінансавых рынкаў і агульнай разбалансіроўкі макраэканамічнай сітуацыі. Намецілася тэндэнцыя зніжэння ВУП у рэальным выражэнні, рэзка паскорыліся інфляцыйная дынаміка і рост бюджэтнага дэфіцыту», — цытуюць дакумент «Украінскія навіны».
Таксама ў дакуменце адзначаецца, што пасля падзей 2014 года істотна змяніліся знешнія ўмовы функцыянавання расійскай эканомікі, абмежаваны доступ да знешняга фінансавання і новых замежных тэхналагічных рашэнняў, сярэднетэрміновыя ўзроўні коштаў на нафту і іншыя сыравінныя тавары прагназуюцца на ўзроўні ніжэй, чым чакалася раней.
Тым не менш, з дакумента вынікае, што ўрад Расіі плануе да 2018 года вывесці тэмпы росту ВУП да ўзроўню сярэднесусветных.
Нагадаем, Расія ў сакавіку 2014 года пасля ўводу войскаў анексавала ўкраінскі Крым і пачала дэстабілізаваць абстаноўку на Данбасе. Пры непасрэдным удзеле расійскіх спецслужбаў і падтрымцы расійскай арміі на Данбасе былі створаны так званыя Данецкая і Луганская «народныя рэспублікі». РФ пастаўляе тэрарыстам зброю і накіроўвае на Данбас наймітаў і свае рэгулярныя войскі.
З-за гэтых дзеянняў ЗША, Еўрасаюз, Канада, Японія, Аўстралія і многія іншыя краіны ўвялі санкцыі супраць Расіі.