Літва: Рускія — яны якія?
Калі я прыехала ў Літву пісаць пра рускіх, я раптам забылася на беларускую мову, захапленне вышыванкамі і праблемы нацыянальнага руху. Толькі стужка з арнаментам на люстэрку нагадвала, што я беларуска.
Надпіс па-літоўску "Дзякуй"
Такога са мною не было ніколі, хаця я не аднойчы прыязджала ў Вільню папрацаваць, адпачыць і пашпацыраваць па мясцовых крамах. Раней, падчас любых сваіх замежных паездак, я пры кожнай магчымасці падкрэслівала, што не лічу сябе рускай.
Гэтым разам адзінае пытанне, якое займала мяне з моманту перасячэння мяжы: а што было б, калі б я не з’ехала з Літвы 20 гадоў таму? Якой была б я? Ці адаптавалася б да мясцовых рэаліяў? Ці не адчувала б сябе чужой — рускай, хай і з беларускімі каранямі?
Справа ў тым, што пасля развалу Савецкага Саюза мае бацькі вырашылі паехаць у Беларусь (адсюль родам мая маці), бо напалохаліся размаху нацыянальнага руху ў Літве. Яны палічылі, што нашай рускамоўнай сям’і больш няма месца ў новай незалежнай краіне.
Асаблівасці інтэграцыі
Надзея Петраўскене — супрацоўніца Рускага культурнага цэнтру, напачатку дзевяностых таксама перажывала выпрабаванні. Яе лепшая школьная сяброўка, руская па паходжанні, як і ўся яе сям’я, падтрымала прагу літоўцаў да незалежнасці настолькі, што абрала шлях літуанізацыі, і нават памяняла сваё рускае імя Любоў на літоўскі адпаведнік Мяйле.
Надзея Петраўскене
«А я не разумела, навошта яна гэта робіць. На той момант я была «гомасавецікус», — успамінае Надзея. — Мяне выхоўвалі ў гэтай сістэме. Я спявала «правільныя» песні ў хоры, насіла «правільную» школьную форму. Таму мы з Любай разышліся ў поглядах. Фактычна я згубіла сяброўку. Я паступіла ва ўніверсітэт на рускую філалогію, а яна паступала на эканоміку — і не паступіла. Як склаўся яе лёс далей, я не ведаю».
Цяпер Надзея замужам за літоўцам і свабодна валодае дзяржаўнай мовай. Пасля той гісторыі з сяброўкай яна вырашыла заўсёды заставацца па-за палітыкай. Аднак палітыка ўсё роўна ўмешваецца як у яе жыццё, так і ў жыццё астатніх грамадзян Літвы.
Адзін з накірункаў дзейнасці Рускага культурнага цэнтру — выкладанне рускай мовы ўсім, хто жадае. «Дванаццаты-трынаццаты гады былі часамі, калі цікавасць да рускай мовы расла, колькасць студэнтаў павялічвалася, — кажа Надзея. — Зараз, калі казаць пра чатырнаццаты-пятнаццаты гады, то пасля ўвядзення эканамічных санкцый, не сакрэт, што наш турыстычны сектар пацярпеў, адмыслова адчуваецца і спад цікавасці да рускай мовы. Гэта абумоўлена эканамічна, і ў сваю чаргу палітычна. Хаця для Вільнюса і вільнюскага рэгіёну, я думаю, руская мова заўсёды будзе ў прыярытэце».
Рускай мовы ў Вільне сапраўды шмат. На ёй размаўляюць і самі рускія, і беларусы, і ўкраінцы, і часам нават палякі. У большасці — літоўскі акцэнт. У выніку даволі цяжка адразу зразумець, хто перад вамі: этнічны літовец, які добра размаўляе па-руску, або рускамоўны ад нараджэння грамадзянін краіны?
Віктар Дзенісенка
«Працэнт гэтак званых «нацыянальных меншасцяў» у Літве насамрэч невялікі, калі скласці колькасць рускіх — каля 6 адсоткаў, палякаў — каля 8 адсоткаў, ды іншых, агульна набярэцца 17 адсоткаў ад усёй колькасці жыхароў Літвы. Гэта менш, чым у іншых краінах Балтыі — Латвіі і Эстоніі», — распавядае палітычны аглядальнік Віктар Дзенісенка. Пры гэтым, на ягоную думку, рускамоўныя Літвы вельмі неаднародныя паводле сваіх поглядаў. Тым не меней Віктар упэўнены, што «ў цэлым рускамоўная дыяспара даволі няблага інтэграваная ў літоўскае грамадства». Так, пасля развалу Саюза імперская большасць зрабілася нацыянальнай меншасцю. Аднак шок ад імгненных пераменаў у Літве змякчаў «нулявы» варыянт грамадзянства, паводле якога ўсе, хто стала жылі тут, рабіліся грамадзянамі. Літва пазбегла такіх узрушэнняў, якія адбыліся ў суседніх Латвіі і Эстоніі.
Сам Віктар у свой час пачаў пісаць для мясцовай рускамоўнай прэсы, але хутка зразумеў, што яму цесна ў гэтых межах. Таму літаральна праз 5 гадоў стаў працаваць толькі па-літоўску. «Гэта не было лёгка, я ніколі не быў ад прыроды здольным да вывучэння моваў, але я ўпарта працаваў і меў вялікае жаданне, бо разумеў, што, калі я хачу працаваць у журналістыцы і адчуваць сябе вольным у выбары месца працы, я мушу або вывучыць мову, або з’ехаць у Расію. Але я люблю Літву, і эміграцыя ніколі не ўваходзіла ў мае планы», — распавядае ён.
Паводле назіранняў Віктара Дзенісенкі, дагэтуль цяжкасці з веданнем мовы адчуваюць у асноўным людзі, старэйшыя за 50 гадоў. Яны прыехалі ў Літву яшчэ за савецкім часам і не мелі вялікай патрэбы вучыць літоўскую мову. Моладзь праблем з мовай не мае. Бо нават у рускіх школах літоўскую выкладаюць з першага класа.
Але мне цікава было даведацца пра людзей, якія ўвогуле не размаўляюць па-літоўску, і такую магчымасць я атрымала.
«Ліетувішкай не супранту» (па-літоўску не разумею)
Зміцер (назавем яго так) працуе таксістам. Ён нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Вільні. Маці ў яго мае польскія карані, а бацька — рускі. У гаворцы Зміцер ужывае шмат рускай лаянкі. Сцвярджае, што па-літоўску ведае толькі некалькі фразаў. Калі ў таксі садзіцца кліент-літовец, вязе яго моўчкі, або той сам пераходзіць на рускую мову. Таксіст кажа, што вывучыць літоўскаю ў яго проста не атрымліваецца. А вось ягоная дачка такіх праблем не мае, бо вучыцца ўжо літоўскай школе. Зміцер — вялікі праціўнік палітыкі, якую праводзяць зараз літоўскія ўлады.
— Ды паглядзіце, хто ў сейме сядзіць, адныя г...кі на ...! — абураецца мужчына. — Простыя людзі сядзяць церпяць, а ўсе астатнія... здзекуюцца як могуць...
— А ў чым здзек?
— Законы робяць пад сябе, цэны задзіраюць, зарплаты... Быццам мы і еўрапейцы, а з голай ж...
— То бок вас не задавальняе менавіта эканамічная палітыка ўраду?
— Ну тыпу таго... Працоўных месцаў — шышка з маслам, усё распрадалі, усё разагналі, мільёны сабе ў кішэню паклалі лабусы гэтыя недабітыя, а мы цяпер ходзім галаву павесіўшы.
— А вы не хацелі б у Расію з’ехаць?
— А хто ж мяне туды возьме? У іх сваіх разгільдзяеў хапае! Да таго ж і сям’я мая тут...
У адрозненні ад Змітра, ягоныя калегі размаўляюць і па-літоўску, і па-польску. Але сімпатызуюць Расіі. У ваенным канфлікце з Украінай яны больш схіляюцца на бок усходняй суседкі. Праўда, свае погляды ў адкрытую не дэманструюць, бо баяцца згубіць працу.
Таксіст Вячаслаў
Напрыклад, Вячаслаў трымае расійскі трыкалор у бардачку. У салоне сцяжок не чапляе, не кажучы ўжо пра георгіеўскую стужку. Вячаслаў ведае, што ягоны «дзед служыў у Літве, і пасля вайны яго зарэзалі бандыты». «Ці былі гэта лясныя браты?» — пытаюся я ў таксіста, але ён дакладнага адказу не ведае.
Хлопцы лічаць, што за савецкім часам людзі жылі лепей. Вось толькі адраджэння Савецкага Саюза, падобна, яны не надта і хочуць. «Якіх крокаў вы чакаеце ад Расіі?» — пытаюся. «Замірэння! — кажа Вячаслаў. — Чым хутчэй яны памірацца, тым хутчэй усе пойдзе на папраўку. Час ужо мірыцца, хопіць сварыцца». А вось пытанне пра тое, ці хоча ён, каб рускай мовы навокал стала болей, увогуле ставіць яго ў тупік:
— Калі я бачу, што чалавек хоча размаўляць па-літоўску, я пераходжу на літоўскую...
— А вам ніколі не наракалі, што вы не дасканала вывучылі мову, або памылкі робіце?
— Няма такога, — шчыра адказвае Вячаслаў.
Вяртанне 90-х
Постсавецкая Літва заўсёды складала ў мяне ўражанне беспраблемнай у нацыянальных пытаннях краіны. Большасць рускіх тут так ці інакш інтэграваліся ў грамадства, добра ці дрэнна, але размаўляюць па-літоўску. Але вельмі хутка я пачынаю разумець, што не ўсё так проста паміж мясцовымі рускімі і літоўцамі.
Таццяна пераехала ў Вільню з Екацярынбургу амаль 5 гадоў таму разам са сваім мужам Дарюсам і сынам. Так склаліся абставіны: «Пачаўся ціск на мужа. Мы мелі ўласны бізнес — рэкламнае агенцтва, але да нас увесь час прыходзілі з праверкамі, выклікалі ў ФСБ, падазравалі мужа ў шпіянажы, казалі мне: глядзі, гэта ж літовец, яны ўсе фашысты. Мы палічылі немагчымым заставацца», — распавядае Таццяна.
У Вільні Таццяна адразу ж пачала вывучаць літоўскую мову. «Сын ужо ведаў яе, а я — не надта, таму спачатку хадзіла паўсюль з мужам. Ён з мяне смяяўся, казаў, што ў Вільні ўсе прадаўцы рускамоўныя. І сапраўды, нават зараз, калі я прыходжу ў краму, і яны чуюць мой акцэнт, адразу пераходзяць на рускую. Я кажу ім: слухайце, дайце мне вывучыць літоўскую!»
Праблемы ў Таццяны пачаліся пасля анексіі Крыма. Негатыў у бок рускіх яна пачала адчуваць на побытавым узроўні: «Аднойчы мы абіралі ў краме масажны фатэль, да нас падышла жанчына ды спытала па-літоўску, ці доўга мы яшчэ? А я ў гэта момант размаўляла з сынам і мужам па-руску. І раптам жанчына пачала крычаць, каб мы ехалі ў сваю Расію, што гэта не наш дом. Мне нават сорамна пераказваць усё, што яна крычала. Мой муж ледзь суняў яе».
Другім разам пасля ўроку музыкі ў літоўскай школе да Альвідаса — 10-гадовага сына Таццяны і Дарюса, падышоў аднакласнік. «Ён пачаў казаць дзіцёнку жахлівыя рэчы, што ён, маўляў, рускі, а ўсіх рускіх трэба забіваць ды давіць танкамі, а потым яшчэ некалькі дзяцей акружылі іх і пачалі дудзець у твар майму сыну», — кажа Таццяна, а сын, які сядзіць побач дадае: «Вось пасля гэтага моманту я і пачаў не любіць школу».
А я ў гэты момант прыгадваю сваё дзяцінства. Бо выпадак Таццяны і яе сына вельмі падобны на тыя канфлікты, што здараліся напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў. Цікава, што гэтыя параўнанні з дзевяностымі я не раз яшчэ пачую ад шмат якіх рускіх у Літве. Падобна, вайна ва Украіне спрацавала як каталізатар. Усе ўзаемныя крыўды раптам зноўку ўсплылі ў памяці людзей. Ім усё яшчэ баліць...
Гэтым нарысам мы пачынаем серыю матэрыялаў пра рускамоўную грамаду краін Балтыі. Хто яны рускія: пятая калона ці сапраўдныя грамадзяне сваіх краін? Што іх турбуе і чаго яны прагнуць? Адказы на гэтыя пытанні нашы журналісты шукалі ў Літве, Латвіі і Эстоніі.