Краіна, дзе трэба адказваць за сябе

Усюдыісны супермэн гатовы пазбавіць няшчаснага грамадзяніна цяжару самастойнасці. Аднак у абмен на самастойнасць давядзецца трываць дробныя нязручнасці, кшталту планавых і пазапланавых адключэнняў вады з электрычнасцю. Калі спатрэбіцца, пацерпіць і ўшчыльненне забудовы. Спакойна выслухае папрокі ў тым, што ён утрыманец, бо аплачвае ўсяго 30% паслуг ЖКГ. І будзе ўсё прымаць з удзячнасцю, абы толькі яго не прымусілі адказваць за сябе самога.



rahvakogu.jpg

Удзельнікі Народнага сходу (Rahvakogu)

Вялікая мара савецкіх людзей

Сяргей Мартынаў, былы міністр замежных спраў Беларусі (2003–2012 гады), у 2009-м сказаў у інтэрв’ю «Інтэрнэшнл Геральд Трыб’юн»:

«Прагулка па Мінску, з яго МакДональдсам, «Макс Марай» і ажыўленым вячэрнім жыццём паказала б, што такое мая краiна — незалежная еўрапейская нацыя...»

Гэта быў перыяд пацяплення адносінаў з ЕС, ад якога чакалі значнай фінансавай дапамогі, таму з «таксама рускіх» вырашана было часова перакваліфікавацца ў «таксама еўрапейцаў». Чыноўнікі розных рангаў навыперадкі імкнуліся даказаць належнасць Беларусі да заходняй цывілізацыі ў даступных ім катэгорыях.

Даўным-даўно, калі свет быў яшчэ двухпалярны, стваральнік поп-арта Эндзі Уорхал вызначыў розніцу паміж двума полюсамі ў сваёй правакатыўнай манеры:

«Самае прыгожае ў Токіа — McDonald’s. Самае прыгожае ў Стакгольме — McDonald’s. У Пекіне і Маскве няма пакуль нічога прыгожага».

tallinn_mcdonald_s_1_.jpeg

McDonald's у Таліне

У адрозненне ад Уорхала, трэба думаць, Сяргей Мартынаў быў цалкам сур’ёзны і шчыры. Ён сапраўды ўпэўнены, што ў Беларусі ажыццявілася ў агульных рысах вялікая мара савецкіх людзей — жыць як на Захадзе. Былы міністр не так ужо і памыляецца, бо тая мара часцей за ўсё не пашыралася далей за шыльды, антураж, аксэсуары, стракатыя паліцы ў крамах, праславутыя джынсы і жуйку. А гэтага ўдосталь, бяры — не хачу.

Такім чынам мысляць не толькі беларускія ўрадаўцы, але і многія шараговыя грамадзяне. Таму нярэдка можна пачуць расчараваныя водгукі ад тых, хто толькі нядаўна змог пабачыць Еўропу на ўласныя вочы. «Ну нічога ж асаблівага...» Мара пра Захад паблякла, бо іх вабіла яго абалонка. Цяпер, калі больш-менш падобную нацягнулі на нашу краіну, ім падаецца, як быццам розніцы амаль не засталося.

Вядома, нам ужо не давядзецца перажыць таго, што перажывалі рэдкія адзінкі, каму пашчасціла трапіць на Захад за савецкім часам. Як расказваў мне адзін з такіх людзей, тады нават «звычайная ручка дзвярэй выклікала дзівоснае захапленне». Заменнікам недасяжнага Захаду, даступным простаму савецкаму чалавеку, была Прыбалтыка. Цяпер наўрад ці хто-небудзь назаве яе «іншай планетай» — вельмі шмат шнараў і драпін пакінуў на ёй пакутлівы працэс распаду СССР.

Тым не менш, у Эстоніі я адчуў сябе за мяжой.

Кожны сам сабе дворнік

Здавалася б, ужо чым-чым, а чысцінёй беларуса ўразіць немагчыма. На яе працуе аранжавая армія дворнікаў, якія са сцэны гарадскога жыцця не сыходзяць цэлы дзень, месці вуліцы гоняць беспрацоўных разам з асацыяльнымі элементамі. Пра «самае чыстае месца на глобусе» спяваюць песні. З самай высокай трыбуны аўтарытэтна было заяўлена: 

«Я праехаў увесь свет, я бачыў Еўропу: усё сціснута, усё брудна, людзі труцца адзін аб другога, штурхаюць. Цяжка людзям там. А тут, у цэнтры гэтага хаоса, душа радуецца!»

Парадуецца тут душа, калі па тратуары ідзеш нібы па міннаму полю, абы не наступіць у пляўкі і соплі. Лаўку без шалупіння ад семак вакол яшчэ паспрабуй адшукай. Не кажучы ўжо пра загарадны адпачынак. У дзікай прыродзе дворнікі не водзяцца, на жаль, і тут ты разумееш, што хвалёная чысціня знаходзіцца ў прамой залежнасці ад іх.

byk.jpg

Нават быкі ў Эстоніі не плююць сабе пад ногі :)

Але яшчэ болей, чым адсутнасць пляўкоў на тратуары і шалупіння ад семак вакол лавак, у Эстоніі мяне здзівіў асобна ўзяты гараж у горадзе Курэсаарэ. Самы звычайны гараж у двары самага звычайнага двухпавярховіка пяцідзясятых гадоў пабудовы. Шэрая цэгла, чырвоныя жалезныя дзверы. Мы зайшлі сюды разам з гаспадаром Андрэем Крыкуновым, каб выпіць піва. Работнік рыбзавода Тоомас Мялк, расстроены тым, што не змог паказаць працэс вытворчасці, бо ў гэты дзень быў шторм, і рыбу не лавілі, падарыў нам пакет воблы.

eesti_118.jpg

Сама сабе дворнік

Сядзім, гутарым, чысцім воблу, пацягваем піва, як раптам я разумею — з гэтым гаражом нешта не тое. І не толькі таму, што над сталом мірна вісяць побач нібыта неспалучальныя сімвалы — эстонскі сцяжок і георгіеўская стужка. Андрэй — сын рускага афіцэра і эстонскай жанчыны. Не разрывацца ж напалам… Але ў гаражы нічога няма, апроч маленькага стала, двух крэслаў і двух вузкіх адкрытых слупкоў з палічкамі. На падлозе дыванок, на сценах нічога.

«Ты, мусіць, сам машыну не рамантуеш?» — стаўлю пытанне рубам. Гаспадар кажа, што рамантуе. «А дзе ж твае інструменты?» — не супакойваюся я. Пра бруд і плямы масла пытацца няёмка, хаця ў нармальным гаражы яны таксама павінны быць. Ён, крыху здзіўлены маім пытаннем, дастае аднекуль пластыкавы чамадан, раскрывае — вось інструмент, усё тут.

Нават калі пасля дзвюх пляшак піва гаспадар сказаў, што яму хопіць, я меней здзівіўся.

Ціхая дэмакратыя

Эстонская дзяржава не гоніць з-пад палкі сваіх грамадзян на суботнікі. Яны самі здольныя сабрацца, і не толькі самі, яшчэ і ўвесь свет заразіць сваім прыкладам.

У 2008 годзе Ахці Хейнл (галоўны канструктар Skype) і Райнэр Нылвак (заснавальнік інтэрнэт-партала Delphi) арганізавалі акцыю «Мая Эстонія. Зробім!» па ўборцы краіны ад смецця, якое назапасілася за доўгія гады ўздоўж дарог, у лясах, лугах і іншых месцах.

Народ адгукнуўся на заклік і выйшаў на агульнарэспубліканскі суботнік. Удзельнічаў кожны 27-ы жыхар краіны. За пяць гадзін добра арганізаванай працы 50 тысяч чалавек сабралі 10 тысяч тон смецця, у тым ліку 50 тысяч старых аўтамабільных пакрышак. Акцыі дапамаглі і многія фірмы. Да прыкладу, 40 кампаній, якія займаюцца ўборкай смецця, бясплатна далі ў арэнду транспарт і кантэйнеры, а «Nokia» выдала заснавальнікам 200 тэлефонаў «Nokia N82», якія маюць камеру і GPS.

talgud.jpg

Талака ў рамках акцыі «Мая Эстонія»

Праектам займаўся камітэт аднадумцаў з 11 сябраў. Праграмнае забеспячэнне праекта выканаў галоўны архітэктар «Skype» Ахці Хейнл. Праект уключаў 11 лагістычных патокаў: праграмнае забеспячэнне, рэгістрацыя, фінансы, навакольнае асяроддзе, картаграфаванне, СМІ, ІТ, збор і перасоўванне смецця. У ходзе падрыхтоўкі да рэалізацыі праекта было праведзена картаграфаванне 40 тысячы месцаў нелегальнага смецця па ўсёй краіне. Спецыяльныя каманды зафіксавалі з дапамогай GPS-навігатара гэтыя месцы і нанеслі іх на карту (праграма Google Earth). На сайце суботніка добраахвотнікаў зарэгістравалі для ўдзелу ў ім (групамі 3–15 чалавек), якія паведамілі свае электронныя адрасы. Па гэтых адрасах ім паказалі час і месца збору для ўдзелу ў суботніку. Мясцовыя самакіраванні фінансавалі праект і ажыццяўлялі каардынацыю ўборкі.

Кампанія была прызнана самым важным мерапрыемствам года, а праект быў прызнаны лепшым лагістычным праектам года. Праект «Зробім!» (анг. Let’s do it!) ператварыўся ў міжнародны экалагічны рух, мэтай якога з’яўляецца збор смецця і яго далейшая перапрацоўка. Летась да яе далучылася і Беларусь.

Аднак Райнэр Нылвак, якога трапна назвалі «творцам ціхай дэмакратыі», марыць пра большае, чым проста ўборка смецця. На яго думку, з’яўленне новых тэхналогій можа дазволіць народу наўпрост кіраваць сваім лёсам і разам знаходзіць рашэнні агульных праблемаў.

y.delfi.ee__norm_157187_825_de7d6a6ff8f9106c688ee20e16f84e20.html

Карыкатура на Райнэра Нылвака

«Бюракратыя робіць дзяржаву вельмі дарагой, — кажа ён. — Бюракратыя не давярае людзям, таму яна стварае прадпісанні і войска наглядчыкаў. Праўда, гэта не замінае злачынцам займацца цёмнымі справамі. Маючы сённяшнія тэхналогіі, можна пабудаваць празрыстую сістэму кіравання, каб такія ўчынкі стала здзяйсняць вельмі складана, калі не немагчыма...»

Райнэр лічыць, што «сёння можна ўявіць сабе існаванне такога праграмнага забеспячэння, дзе ад усіх дзеянняў чыноўніка застаецца адбітак і дзе відаць, якую працу ён зрабіў. Праграмнае забеспячэнне з належнай архітэктурай дазваляе ўсталяваць давер, даўшы бакам як абавязкі, так і свабоды».

Яго мара — каб «нейкія дзяржаўныя паслугі грамадзяне змаглі ажыццяўляць самі, напрыклад, старэйшыны вёсак і іх намеснікі, старшыні кватэрных таварыстваў, хатнія гаспадыні або пенсіянеры», што дазволіла б атрымаць «гнуткую сетку паслуг, якая ўлічвае ўсе мясцовыя асаблівасці...»

У будучыню ён глядзіць з аптымізмам: «Праблем, якія мы зможам вырашыць разам, тысячы. Тэхналагічна тут няма нічога немагчымага, хутчэй наадварот — гэтыя рашэнні цалкам рэальныя».

Улады ідэю падхапілі, як расказала каардынатар акцыі «Зробім!» Таццяна Лаўрова. Па ініцыятыве прэзідэнта Эстоніі Тоомаса Хендрыка Ільвэса быў створаны «Народны сход» («Rahvakogu») — інтэрнэт-платформа для сумеснай законатворчасці прадстаўнікоў дзяржавы і грамадства.

Калісьці я напісаў артыкул пра праграмістаў, дзе параўнаў іх з пралетарыятам пачатку ХХ стагоддзя. Не ў сэнсе эксплуатацыі і адносінаў да сродкаў вытворчасці, а па сваім статусе. Пралетарыяў пачатку мінулага стагоддзя было адносна няшмат, але яны выраблялі вельмі важны прадукт. Настолькі важны, што маглі лічыць сябе (і лічылі) творцамі матэрыяльнага свету, стваральнікамі будучыні. Гэтак жа сама намаганнямі праграмістаў сёння ствараецца новы свет у старым, яны падобным чынам знаходзяцца на перадавой прагрэсу. І гэта мусіць падштурхоўваць іх да сацыяльнай творчасці. Прыклад Ахці Хейнла і Райнэра Нылвака даказвае правільнасць маёй высновы.

На вялікі жаль, нягледзячы на тое, што беларускія праграмісты дэманструюць высокі ўзровень кваліфікацыі, выйграюць міжнародныя алімпіяды і конкурсы, іх асяродак падобныя постаці не спараджае. Наадварот, многіх з іх адрознівае высокая ступень сацыяльнай пасіўнасці.

Запалкі дзецям не забава

Што таму віной — гісторыя, геаграфія, клімат? Праславутая ментальнасць, спасылкі на якую набілі аскому? Чаму нават людзі, занятыя сучасным відам дзейнасці, не вельмі залежныя ад дзяржавы і добра забяспечаныя дэманструюць у Беларусі абыякавасць да грамадскіх праблемаў?

Калісьці беларускі прэзідэнт са згоды большасці выбаршчыкаў не павёў свой народ у абяцаны капіталістычны рай наўпрост, па ярах і пагорках, а, як усякія нармальныя героі, рушыў у абыход. Паціху-памаленьку, падтрымліваючы пад ручку, падсцілаючы саломку, дзе трэба, здымаючы з партызанскага атрада лішнія нягоды. Увогуле, атачыў беларусаў бацькоўскім клопатам так, што яны амаль і не заўважылі дарогі, прапырхаўшы над цяжкасцямі і небяспекамі. Нібыта з дому, то бок сацыялізму, не выходзілі, а глядзі ж, вунь ужо і капіталізм мільгае рознакаляровымі агеньчыкамі. Ласкава запрашаем, дарагія!

Так гаворыць афіцыйны міф. І ён цалкам праўдзівы ў той частцы, што стаўка была зробленая на пазбаўленне самастойнасці асобных грамадзян і гаспадарчых суб’ектаў. Дзеля іх жа выгоды, вядома. Як мы памятаем, у нас нават чыноўнікі «нібы дзеці малыя — запалкі трэба хаваць, бо дом спаляць».

Мы і самі адвучыліся іх чапаць, тыя запалкі. Хто яго ведае чым абернецца...

Крэнгольм vs. Камволь

krengol_m.jpg

Велічны будынак Крэнгольмскай мануфактуры

Само параўнанне народа з малымі дзецьмі, якое чырвонай ніткай праходзіць праз усе прамовы з самай высокай трыбуны, вельмі зневажальнае. Але «нябачная рука рынка» сапраўды можа шмат чаго спаліць, калі суб’ектам рынкавых адносінаў прадастаўлена максімальная самастойнасць. Гэтак, у Эстоніі яшчэ ў першыя гады незалежнасці згарэў цэлы шэраг гігантаў савецкай прамысловасці, некаторыя іншыя дагарэлі пазней.

Адзін з найбольш балючых прыкладаў — Крэнгольмская мануфактура ў Нарве, дзе ў сямідзесятыя гады працавала да 12 тысяч чалавек (у 1990 годзе насельніцтва Нарвы складала каля 80 тысяч чалавек). Прыватызаванае ў 1994 годзе, у 2010-м прадпрыемства прызнанае банкрутам. Можаце ўявіць сабе, што гэта азначала для горада.

Тут быў зняты дакументальны фільм «Varesesaare venelased» («Рускія з Варонінай выспы») пра беспрацоўных, бяздомных, наркаманаў, злодзеяў, на здымкі якога дзяржава адмовілася даваць грошы, назваўшы яго «сацыяльнай парнаграфіяй». Самы запамінальны момант — калі зусім малады яшчэ хлопец, у якога ўжо амаль не засталося зубоў і нага гніе ад наркотыкаў, абдымае сваю «каханую жанчыну», таксама наркаманку, і расказвае, што яны пакахалі адно аднаго, калі ён... заразіў яе СНІДам. Хлопец цалуе яе ў жывот і кажа, што хоча, каб яна нарадзіла яму дзяўчынку.

russkie_s_voron_ego_ostrova_1.jpg

Кадр з фільму «Varesesaare venelased»

Зараз паспрабуйце адказаць, нікуды не падглядаючы, у якім беларускім горадзе можна было б зняць падобную «сацыяльную парнаграфію»? Ён насіў калісьці неафіцыйнае званне «сталіцы наркаманіі і СНІДу». Калі вы не змаглі адразу яго ўзгадаць — гэта таксама вынік клопату дзяржавы пра ваш спакой у доўгай дарозе. Навошта «выцягваць брудную бялізну» і «расчэсваць язвы»?

Наўрад ці вы зможаце адразу адказаць, колькі чалавек працуе сёння на ААТ «Камволь». У савецкі час колькасць работнікаў прадпрыемства дасягала 7 тысяч. Цяпер яно ўваходзіць у топы самых стратных, у мінулым годзе тут працавала 949 чалавек. Аб’ёмы вытворчасці скараціліся ў 20 разоў. Прадпрыемства можа «пахваліцца» толькі шматмільярднай крэдыторскай запазычанасцю і заробкам работнікаў у 200–250 еўра. За гэтыя грошы людзі працуюць у напаўпустых, дрэнна асветленых і брудных цэхах, на станках, якім часцяком па 30–40 гадоў.

Прычына крызіснага стану тая ж самая, што і на Крэнгольме, — ніякай змовы цёмных сілаў. Як заўважыў у размове са мной Тармо Тамістэ, мэр Нарвы, ва ўмовах, калі бавоўну везлі сюды з Узбекістана, не пераймаючыся наконт выдаткаў, мануфактура магла існаваць толькі пры існаванні гарантаванага збыту. Пры капіталізме ж ніхто табе нічога не гарантуе, джаст бізнэс.

У Беларусі няма дастатковага пагалоўя авечак, каб забяспечыць «Камволь» сыравінай. «Найлепшыя авечкі ў свеце», якіх прэзідэнт трымае ў сябе на ферме, хаця і «даюць велізарную колькасць воўны», не спраўляюцца. Але ж ён працуе! Няхай высмоктвае з бюджэту грошы, няхай прадукцыя яго не карыстаецца попытам, затое людзі пры справе, не на вуліцы. Палітолаг Дзмітры Ісаёнак называе такую спецыфічную форму прадпрыемства, адзіны сэнс існавання якога палягае ў тым, каб людзі не бадзяліся без справы, «сацыяльным заводам». І лічыць яе больш разумнай, чым выплаты дапамогі па беспрацоўю.

Падмывае з ім пагадзіцца — думка незацяганая, арыгінальная. Толькі для гэтага трэба забыць, што дзяржаўны бюджэт не гумовы. Грошы, якія ўбухваюцца ў кансервацыю безнадзейных прадпрыемстваў, — гэта пераведзены ў смецце абмежаваны рэсурс, адабраныя ў будучыні сродкі.

Заводы і фабрыкі — не егіпецкія піраміды, каб існаваць вечна. Эстонская і беларуская стратэгіі адрозніваюцца тым, што там хвост котцы адразу адсеклі, а ў нас рэжуць па частках. Толькі гэты «хвост» — жывыя людзі...

Lagedi%20ava1.jpg

Новы завод па вытворчасці бетону

У Эстоніі атрымалася стварыць на руінах савецкай прамысловасці новую. Замест заводаў «імя каго-небудзь» выраслі тэхна- і прампаркі, кампаніі і канцэрны. Без ранейшай гігантаманіі, але хапае. Прамысловасць дае 30% ВУП. Ну а раптам не атрымалася б? Ніхто ж нічога не гарантуе, як было сказана вышэй. У большасці постсавецкіх рэспублік выйшаў аблом. Дык лепей не рызыкаваць.

На век прэзідэнта хопіць.

Школа дэмакратыі


Амаль кожны жыхар Эстоніі, калі ён валодае кватэрай, праходзіць вымушаную школу дэмакратыі. Жыльцы прыватызаванай кватэры абавязкова павінны быць членамі кватэрнага таварыства, створанага для сумеснага гаспадарчага абслугоўвання дома і ажыццяўлення агульных інтарэсаў.
Дзяржава больш не абавязана клапаціцца аб стане дамоў, і ўладальнікі кватэр, якія сталі чальцамі таварыства, нясуць калектыўную адказнасць за своечасовую аплату рахункаў, за стан дома і камунікацый. Адпаведна ўсе праблемы, якія ўзнікаюць у ходзе эксплуатацыі дома, кладуцца на плечы жыхароў дома. 

Калі пра гэта даведваешся, валасы ўстаюць дыбарам. Хіба гэта магчыма — самім аднавіць фасад, замяніць ліфт, адрамантаваць трубы? Чакаеш убачыць, што кінутыя дзяржавай дамы будуць знаходзіцца ў жалю вартым стане, мяжуючым з руінамі. 


Не тое каб такіх жалю вартых дамоў зусім не было, яны сустракаюцца, але здзіўляе іх адносна невялікая колькасць. У асноўным нават старыя савецкія шмакватэрнікі выглядаюць добра дагледжанымі, асабліва ўражвае, як блішчаць чыста вымытыя пад'ездныя вокны. Пенсіянерка Марыя Пеэп з Курэссаарэ кажа, што яны мыюць пад'езд самі, па чарзе, каб не траціць лішнія грошы. Відавочна, шарварку адрабляць — перад суседзямі няёмка, мыюць як мае быць. 

Не відаць фасадаў, пафарбаваных у кіслотныя колеры або ружова-бэжавы колер тортаў, якія чамусці вельмі любяць беларускія чыноўнікі ЖКГ. Адрамантаваныя фасады выглядаюць строга і стылёва.   


n%C3%A4ide2_logopaigutus.jpg


Строгі фасад
Вядома, рамонт абыходзіцца ў капейчыну. У доме Марыі летась ацяплялі і фарбавалі сцены. Таварыства ўзяло ў банку крэдыт, на кожную кватэру па 2000 еўра. Хтосці аддаў усе грошы адразу, астатнія плацяць штомесяц дадатковыя 50 еўра. Але цяпер Марыя кажа з гонарам: «Паглядзіце, які прыгожы дом мы зрабілі». Вельмі нязвыкла чуць, бо ў нас сказалі б «нам зрабілі». 
У пад'езде Міхаіла Масарноўскага, наладчыка з Нарвы, нядаўна давялося мяняць ліфт. Агульны кошт — 50 тысяч еўра. Прыкінуў, колькі атрымалася на кожную кватэру, прысвістваю, спяшаюся паспачуваць. Але ён тлумачыць, што першая выплата была мізэрная, астатнюю суму выплачвалі ў крэдыт некалькі гадоў пад невялікі працэнт. «Не так і страшна, а ліфт цудоўны», — кажа Міхаіл. Натуральна, псаваць яго ці мачыцца ў ім у галаву нікому не прыйдзе. 

«Планавых адключэнняў вады як у СССР, "на лета", у Таліне няма ўжо шмат гадоў. Я не памятаю, калі яны былі ў апошні раз, думаю, гадоў 10 таму, можа больш», — расказвае Аляксей Гюнтэр. 


Яшчэ адзін плюс — жыхары эстонскіх гарадоў не ведаюць такога словаспалучэння як «ушчыльненне забудовы». І справа не толькі ў маштабе. Пры ўмове развязаных рук у забудоўшчыкаў яны паўсюль будуць імкнуцца «ушчыльняць», бо ўторкнуць паміж двума дамамі трэці танней, чым пабудаваць яго на новым месцы. У Эстоніі ж значная частка таварыстваў валодаюць не толькі домам, але і ладным зямельным участкам каля яго. Ім не скажаш — цярпіце, бо гэта не ваша. 
Апроч таго, таварыства, калі мае дастаткова зямлі, можа пашырыць сваю паркоўку. Ці абмежаваць доступ да яе, дазволіўшы паркавацца толькі жыльцам дома. 

hruschjovka_s_parkovkoj.jpg

Паркоўка каля хрушчоўкі Ёсць і мінусы. Калі ў адным доме пражываюць людзі рознага дастатку і сацыяльнага становішча, атрымліваецца велізарная камунальная кватэра, і праблемы ўзнікаюць амаль як у камуналцы. Вырашаць іх прыходзіцца на сходзе, які не заўсёды збірае кворум. Прыходзіцца знаходзіць кампраміс паміж самымі беднымі жыхарамі і больш забяспечанымі.

Самастойнасць — гэта яшчэ і адказнасць, якую не кожны захоча на сябе ўзвальваць. Але ж тут нявольна даводзіцца і кантраляваць дзейнасць старшыні таварыства, і браць удзел у сходах, карацей, праяўляць грамадскую актыўнасць. Бо абыякавасць можа дорага каштаваць, а вінаваціць няма каго і бессэнсоўна. 


Існуюць, дарэчы, падобныя таварыствы і ў нас, прычым даволі даўно. Яшчэ ў 2003 годзе была створана «Канцэпцыя развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў РБ да 2015 года», якая прадугледжвала «давядзенне долі жыллёвага фонду, які абслугоўваецца на конкурснай аснове, да 100 працэнтаў шляхам стварэння прыватных арганізацый з пераважнай формай кіравання шматкватэрнымі жылымі дамамі — таварыствамі».  
Аднак у канцы 2012 года, калі атрымалі агалоску канфлікты ў некаторых таварыствах, прэзідэнт робіць выгляд, что нічога пра існаванне такой формы домаўладання ўвогуле не ведаў: «Там нейкія з'явіліся таварыствы забудоўшчыкаў ці як яны называюцца. І калі я асабіста пацікавіўся ў некаторых людзей, яны кажуць: «Мы пра гэта не ведаем, нам вось сказалі і мы плацім дадаткова за гэта і за тое». Адразу ж у дзяржаўных СМІ пачала з'яўляцца негатыўная інфармацыя пра таварыствы ўласнікаў. Выглядала ўсё гэта як спрэчка ў адной асобна ўзятай галаве.
Зрэшты, дзіўна не тое, што на таварыствы абрынуліся з крытыкай, здзіўляе само іх існаванне, якое супярэчыць курсу на мінімальную самастойнасць грамадзян. 

А ці патрэбна яна ім? Па выніках даследвання Рэспубліканскага сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб'яднання «Сумеснае домаўладанне», 85% членаў таварыстваў уласнікаў не ўдзельнічаюць у працы жыллёвых самакіраванняў. «Няма часу», «няма жадання», «не бачу сэнса». 


Створаныя ў новабудоўлях таварыствы ствараюцца звычайна забудоўшчыкам, якому жыльцы часта дазваляюць праводзіць у кіраўніцтва сваіх людзей, бо абіраць уласнага прадстаўніка няма часу. Натуральна, чалавек забудоўшчыка дзейнічае ў першую чаргу ў інтарэсах забудоўшчыка. А разам з тым можа яшчэ і валодаць кампаніяй па абслугоўванню з усімі адпаведнымі наступствамі. Разбірацца ў гэтым у жыльцоў няма жадання.

Тут, вядома, прылятае на крылах усюдыісны супермэн, гатовы пазбавіць няшчаснага грамадзяніна ад цяжару самастойнасці. У абмен на якую яму давядзецца цярпець дробныя нязручнасці кшталту планавых і пазапланавых адключэнняў вады з электрычнасцю. Калі спратрэбіцца, пацерпіць і ўшчыльненне забудовы. Спакойна выслухае папрокі ў тым, што ён утрыманец, бо аплачвае ўсяго 30% паслуг ЖКГ. І будзе ўсё прымаць з удзячнасцю, абы толькі яго не прымусілі адказваць за сябе самога. 


Мне цяжка судзіць, ці з'яўляюцца таварыствы жыльцоў найлепшым вырашэннем жыллёвага пытання. Калі ў доме жывуць адныя пенсіянеры, шмат маламаёмасных сем'яў, натуральна, такому таварыству абы канцы стачыць, расплаціцца за камуналку, на рамонт фасаду і замену ліфта грошай можа і не быць.   
Але я пра іншае — для беларусаў, як ні сумна прызнаваць, нават пачатковая «школа дэмакратыі» аказалася непасільнай. Яна ж, на мой погляд, добра загартоўвае народ.  
***
Рэстаранаў McDonald's у беларускай сталіцы ажно сем, але гэта нас не зрабіла  еўрапейскай нацыяй. І не магло зрабіць. Калі б мяне папрасілі адной характарыстыкай вызначыць, што трэба для таго, каб быць еўрапейцамі, я б сказаў — умець адказваць за сябе. Эстонцы свядома заплацілі дарагую цану, каб навучыцца гэтаму. І яно таго варта было.