КНДР адмовілася ад перамоў з Паўднёвай Карэяй, сустрэча з Трампам пад пытаннем

Абурэнне КНДР выклікалі запланаваныя штогадовая вайсковыя вучэнні ЗША і Паўднёвай Карэі «Max Thunder», паведамляе «Радыё Свабода».

Кім Чэн Ын, архіўнае фота Радыё Свабода

Кім Чэн Ын, архіўнае фота Радыё Свабода

Афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва Паўночнай Карэі KCNA распаўсюдзіла заяву аб скасаванні перамоваў прадстаўнікоў КНДР з Паўднёвай Карэяй.

Паводле агенцтва, цяпер Злучаныя Штаты Амерыкі павінны «сур’ёзна задумацца аб лёсе» запланаванага саміту з удзелам прэзідэнта Дональда Трампа і кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына.

Абурэнне КНДР выклікалі запланаваныя штогадовая вайсковыя вучэнні ЗША і Паўднёвай Карэі «Max Thunder», якія, паводле Паўночнай Карэі, ёсць «рэпетыцыяй нападу» і «правакацыйнай вайсковай шуміхай».

У Белым доме заявілі, што будуць і далей «працаваць у цеснай каардынацыі са сваімі хаўруснікамі». Дзяржаўны дэпартамент ЗША заявіў, што працягвае падрыхтоўку да «паўночнакарэйскага» саміту. Пентагон нагадваў, што мэты вучэнняў з Паўднёвай Карэяй выразна заяўляліся цягам многіх дзесяцігоддзяў: пашырэнне магчымасцей альянсу па абароне Рэспублікі Карэя, узмацненне бяспекі і падвышэнне боегатоўнасці».

Паўднёвая і Паўночная Карэі днём раней дамовіліся правесці перамовы на высокім узроўні 16 траўня на паўднёвым баку Пахнмунджома, размешчанага ў дэмілітарызаванай зоне паміж дзвюма краінамі. Гэта маглі быць першыя афіцыйныя перамовы пасля сустрэчы лідэраў дзвюх краінаў, Мун Чжэ Іна і Кім Чэн Ына, якая прайшла 27 красавіка 2018 году, якія сталі першай сустрэчай на найвышэйшым узроўні паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй за больш чым 10 гадоў.

Трамп тыдзень таму паведаміў, што яго сустрэча з Кім Чэн Ынам адбудзецца ў Сінгапуры 12 чэрвеня. Як напісаў Трамп у твітары, абодва лідары паспрабуюць ператварыць сустрэчу ў «асаблівую падзею» для справы міру ва ўсім свеце.