Кітай паведаміў аб выпрабаваннях «немагчымага рухавіка»
Кітайская акадэмія касмічных тэхналогій паведаміла, што яе супрацоўнікамі быў падрыхтаваны працоўны прататып «немагчымага рухавіка» EmDrive і ён ужо праходзіць выпрабаванні на арбіце на запушчанай 15 снежня касмічнай лабараторыі «Цяньгун-2».
EmDrive быў створаны брытанскім інжынерам Роджэрам Шойерам ў 2001 годзе. Але прызнання ён не атрымаў да гэтага часу. Фізікі, уключаючы і стваральніка рухавіка, так і не змаглі прапанаваць задавальняючы тлумачэнне прынцыпу яго працы. Зыходзячы з сучасных навуковых уяўленняў, EmDrive працаваць не можа, бо парушае закон захавання імпульсу. Перыядычна з'яўляліся паведамленні аб тым, што ў чарговых выпрабаваннях была зафіксавана цяга, якая развіваецца EmDrive, але потым нязменна апыноўвалася, што ў ходзе эксперыментаў не былі ўлічаны якія-небудзь знешнія эфекты і гэта адбілася на выніках.
Сярод навуковых цэнтраў, дзе праводзіліся выпрабаванні быў і кітайскі Паўночна-заходні політэхнічны універсітэт у горадзе Сіань, але да апошняга часу прафесар Цюань Ян, які кіраваў працамі, казаў, што выяўленая цяга вельмі малая і можа быць вынікам хібнасці вымярэнняў ці знешніх цеплавых або магнітных эфектаў.
Апошняй навіной пра EmDrive стала абнародаваньне ў пачатку лістападзе прэпрынтаў лабараторыі НАСА Eagleworks, згодна з якімі, у чарговых выпрабаваннях «немагчымы рухавік» паказаў цягу ў 1,2 ± 0,1 міліньютона на кілават у вакууме. 17 лістапада артыкул пра гэта надрукаваў Journal of Propulsion and Power. Але нават гэтая публікацыя не пераканала скептыкаў.
Цяпер, па словах кітайскіх навукоўцаў, «немагчымы рухавік» у праведзеным імі тэсце паказаў цягу ў некалькі міліньютонаў на кілават. Яны запэўніваюць, што ў эксперыменце былі выключаныя магчымыя перашкоды і вонкавыя ўплывы. Цяпер Кітайскае нацыянальнае касмічнае кіраванне заяўляе аб планах выкарыстоўваць гэтую тэхналогію на калязямных спадарожніках.
Варта разумець, што нават гэта паведамленне не развее абгрунтаванага недаверу навукоўцаў да EmDrive. Прынамсі, пакуль не будуць вядомыя дэталі праведзеных эксперыментаў. Адзіная надзейная выснова, якую можна зрабіць цяпер, складаецца ў тым, што Кітай настолькі не шкадуе сродкаў на касмічную праграму, што можа вырашыцца на праект, шанцы на паспяховую рэалізацыю якога вельмі малыя.
Паводле Pro Science