Кіеў не будзе абменьваць палонных расійскіх спецназаўцаў

Служба бяспекі Украіны выключыла абмен двух затрыманых у Луганскай вобласці расійскіх вайскоўцаў на палонных украінскіх салдат.



palonnyja.jpg

Як заявіў на брыфінгу кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка, затрыманых чакае крымінальная адказнасць, цяпер з імі працуюць следчыя.
«Яны павінны адказаць па артыкуле 258 Крымінальнага кодэксу — тэрарыстычная дзейнасць і тэрарыстычныя злачынствы», — сказаў кіраўнік службы.
Раней украінскія ўлады паведамілі пра затрыманне ў Луганскай вобласці на кантраляванай імі тэрыторыі двух расійскіх вайскоўцаў-спецназаўцаў з Галоўнага разведвальнага ўпраўлення генштаба ўзброеных сіл Расіі.
Расія катэгарычна адмаўляе прысутнасць сваіх вайскоўцаў у зоне канфлікту на ўсходзе Украіны, але прызнае, што там могуць знаходзіцца добраахвотнікі з Расіі, якія прыбылі па сваёй ініцыятыве.
У дадзены момант затрыманыя, якія атрымалі раненні ў ходзе бою, пераведзеныя ў Кіеў і знаходзяцца на лячэнні ў Галоўным ваенным клінічным шпіталі, заявіў на прэс-канферэнцыі начальнік генштаба Украіны генерал Віктар Мужэнка.
Паводле яго слоў, ёсць неабвержныя фота- і відэадоказы таго, што гэта вайскоўцы расійскай арміі, якія знаходзяцца на службе. Гэтыя доказы паабяцалі апублікаваць «пасля пэўнай апрацоўкі».
Бі-Бі-Сі