Як у Казахстане будуюць атамную станцыю
На сустрэчы з новым прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым Пуцін прапанаваў дапамогу ў пабудове мясцовай АЭС. Многія казахі ўбачылі ў словах кіраўніка Расіі геапалітычны падтэкст.
У Казахстане папулярны жарт пра тое, што жыхароў Алматы можна вызначыць па рэакцыі на падземныя штуршкі. Сапраўдны жыхар горада павінен рэагаваць на іх словамі: «Нешта я нічога не адчуў». Гэты жарт у тым ліку сведчыць пра тое, што старая сталіца Казахстана знаходзіцца ў сейсмічна актыўным раёне. Невыпадкова Назарбаеў, калі лабіраваў праект з пераносам сталіцы, асабліва падкрэсліваў гэты момант. Самы моцны ў гісторыі Сярэдняй Азіі землятрус быў зафіксаваны менавіта ў раёне Алматы. У 1910 годзе землятрус з інтэнсіўнасцю ў эпіцэнтры 10–11 балаў знішчыў усе будынкі ў Верным (тагачасная назва горада).
У кантэксце згаданага, мякка кажучы, дзіўна, што казахскім Астраўцом наканавана стаць пасёлку, які знаходзіцца ў Алмацінскай вобласці. Гаворка пра населены пункт Улькен, які быў заснаваны ў сярэдзіне 1980-х гадоў дзеля запланаванага будаўніцтва побач ГРЭС. Станцыю ў выніку так і не пабудавалі, але і насельніцтва не вымерла. Сёння Улькен уяўляе сабой комплекс бетонных пяціпавярховікаў, дзе жывуць прыкладна дзве тысячы чалавек.
Пра тое, што Улькену наканавана быць горадам атамшчыкаў, загаварылі пару гадоў таму. Да гэтага станцыю планавалі размясціць спачатку на возеры Балхаш, а потым на беразе Каспія. Аднак усе падобныя прапановы тарпедавала калектыўная памяць казахаў пра Сяміпалацінскі палігон, дзе ў часы СССР выпрабоўвалі атамную зброю. Прыкладна за 50 гадоў на палігоне было падарвана каля 500 ядзерных фугасаў, што заканамерна негатыўна адбілася на здароўі тутэйшых людзей. Дастаткова прачытаць вынікі даследаванняў за 1989 год, паводле якіх амаль 50% дзяцей вобласці пакутавала на хранічныя захворванні. Разумовая адсталасць дзяцей па вобласці была ў тры разы вышэй за рэспубліканскі ўзровень. Прычым мутацыі, якія выклікала радыяцыя ад ядзерных выпрабаванняў на Сяміпалацінскім палігоне, перадаюцца і ўнукам.
Памяць пра Сяміпалацінск нікуды не знікла і пасля 20 гадоў пасля закрыцця палігона. Інакш бы казахі так негатыўна не адрэагавалі на ідэю Пуціна наконт казахскай АЭС, якую той агучыў у рамках рандэву з Такаевым падчас візіту апошняга ў Маскву. А казахскія ўлады, гледзячы на першую рэакцыю, пазітыўна ўспрынялі прапанову пра АЭС.
У адказ казахскі інтэрнэт літаральна выбухнуў. У сетцы ўспомнілі не толькі Сяміпалацінск. Будаўніцтва новай атамнай станцыі, на думку яе крытыкаў, каштуе некалькі мільярдаў долараў. Аднак ёсць сумнеў, што сёння самы прыдатны час для такіх супердарагіх праектаў.
«Нацпаты» (такім скарачэннем ад слова «нацыянал-патрыёт» называюць казахскіх нацыяналістаў) указваюць на тое, што для Расіі будаўніцтва АЭС — гэта не толькі эканамічнае, але і палітычнае пытанне. Дзяржава, якая прасоўвае свой атамны рэактар іншай дзяржаве, разлічвае прывязаць свайго партнёра на доўгія гады рознымі абавязацельствамі, рыхтуючы спецыялістаў толькі ў Расіі, закупляючы тэхніку толькі расійскую і прапануючы шматгадовае тэхніка-сэрвіснае абслугоўванне толькі пры ўдзеле Расіі. Замест АЭС заклікаюць навесці парадак у газавым сектары, які лічыцца гняздом карупцыі.
Урад імкнецца падавіць радыяфобію абяцаннем правесці кансультацыі, грамадскія слуханні і ўзгадненні. У тым ліку з жыхарамі Улькена. Для заспакаення «нацпатаў» засяроджваецца ўвага на тым, што Казахстан сам вядзе здабычу ўрану, здольны вырабляць атамнае паліва, то-бок, ступень залежнасці ад Масквы будзе не такой крытычнай, як у выпадку з той жа БелАЭС. Ну і, нарэшце, як звычайна ў такіх выпадках, у ход ідзе вядомы рытарычны прыём. Праўладныя каментатары нагадваюць крытыкам АЭС пра тое, што праз ДТЗ у Казахстане штогод гіне дзве з паловай тысячы чалавек. Маўляў, калі ўжо і асцерагацца небяспечных для людзей тэхналогій, дык перш за ўсё трэба адмовіцца ад аўтамабіляў.
У любым выпадку, дэбаты наконт АЭС — унікальны выпадак для Казахстана, дзе пераважная большасць імкнецца трымацца далей ад палітыкі. А вось «антыатамны сіндром» назіраецца не толькі сярод свядомых юзераў, але і сярод простых грамадзян. Хаця, з улікам слабасці інстытутаў грамадзянскай супольнасці, пакуль цяжка ўявіць, як віртуальны пратэст выйдзе ў рэал. Зрэшты, у прэсе не выключаюць далучэння да канфлікту фракцыі бізнес-эліты, якая нейкім чынам атрымлівае профіт у вугальнай або газавай сферах і, як вынік, не зацікаўленая ў развіцці атамнага сектара. Пішуць, што тая фракцыя можа стаць спонсарам маштабнай антыатамнай кампаніі.
Нарэшце, не выключаны варыянт, што ўся эпапея з казахскай АЭС скончыцца банальным распілам грошай. Дастаткова прыгадаць, што пару гадоў таму ў Казахстане збіраліся запусціць тэрмаядзерны рэактар, які, дарэчы, таксама быў пабудаваны пры ўдзеле расійскіх кампаній. На рэактар было выдаткавана бездань бюджэтных грошай, аднак дасюль цалкам не зразумела, што атрымалася ў выніку.