Кантрабанда паўтоны какаіну праз порт Пецярбурга — суд апраўдаў абвінавачаных
Масгарсуд апраўдаў абвінавачаных у кантрабандзе 472 кілаграмаў какаіну з Эквадора ў Пецярбург. Затрыманым у 2019 годзе грамадзянам Літвы пагражала пажыццёвае пазбаўленне волі за стварэнне АЗГ з мэтай паставак наркотыкаў. За час следства былі дапытаныя больш за 230 сведак і праведзена звыш 50 ператрусаў і 150 экспертыз.
Масгарсуд вынес апраўдальны прысуд тром грамадзянам Літвы і двум расіянам паводле крымінальнай справы аб кантрабандзе 472 кілаграмаў какаіну з Эквадора праз порт Санкт-Пецярбурга.
Падсудныя Эрнэстас Казлаўскас, Міндаўгас Карэцас, Ігарыс Грыгас, Георгій і Іван Радаміравы абвінавачваліся ў стварэнні арганізаванай злачыннай групоўкі (АЗГ) з мэтай паставак наркотыкаў. Па артыкулах ім пагражала пажыццёвае пазбаўленне волі.
Справу аб кантрабандзе разглядалі прысяжныя. Яны палічылі, што ў частцы стварэння аб’яднанай злачыннай групіроўкі адсутнічала падзея злачынства, а дачыненне падсудных да кантрабанды наркотыкаў абвінавачанне не змагло даказаць.
Абвінавачаных вызвалілі ў зале суда. Ігарыса Грыгаса, якога называлі стваральнікам АЗГ, прызналі вінаватым у незаконным перасячэнні мяжы, аднак таксама вызвалілі, паколькі суд залічыў яму тэрмін знаходжання ў СІЗА.
Як сцвярджала следства, фігуранты справы стварылі злачынную супольнасць у студзені 2013 года і да моманту свайго затрымання ў красавіку 2019 года здзейснілі 15 цяжкіх злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў, у тым ліку шэсць кантрабандных паставак какаіну агульнай масай больш за 472 кілаграмы з Эквадора ў марскі порт Пецярбурга.
У МУС заяўлялі, што ўдзельнікі АЗГ выкарыстоўвалі для кантрабанды «практычна любы кантэйнер, які рухаўся з камерцыйным і гандлёвым грузам у Расійскую Федэрацыю, і любое марское судна з ліку тых, што курсуюць паміж эквадорскімі партамі і Санкт-Пецярбургам». Брыкеты з какаінам яны нібыта хавалі ў тэхнічных пустотах кантэйнераў альбо разам з упакаванай садавіной.
Акрамя таго, па версіі абвінавачання, фігуранты распрацавалі сістэму канспірацыі і абароны ад выкрыцця іх дзейнасці праваахоўнымі органамі. «Ігарыс Грыгас, ведаючы пра тое, што ўезд у Расійскую Федэрацыю яму не дазволены, спецыяльна змяніў імя і прозвішча, што дазволіла яму незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу Расійскай Федэрацыі для кантролю за незаконнай дзейнасцю супольнасці», – падкрэслівалася ў прэс-рэлізе ў МУС.
Паводле абаронцаў падсудных, на суд прысяжных былі прадстаўлены допыты аператыўных супрацоўнікаў, якія спасылаліся на наяўнасць у іх аператыўнай інфармацыі аб дачыненні абвінавачаных да злачынства. Пры падрабязным допыце крыніцы такіх звестак яны патлумачыць не маглі, — спасылаліся на сакрэтнасць, заявіла «Ведомостям» адвакат Алена Белазёрава.
Больш за тое, з ейных слоў, у якасці сведак абвінавачання ў суд былі запрошаныя раней асуджаныя за махлярства ў дачыненні да Грыгаса і Івана Радамірава былыя аператыўныя супрацоўнікі ФСКН.
Да расследавання былі падключаныя аператыўныя супрацоўнікі Цэнтральнага апарата ФСБ Расіі, Галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні наркотыкаў МУС Расіі, Федэральнай мытнай службы і пагранічнага ўпраўлення па Пецярбургу і Ленінградскай вобласці.
Крымінальная справа аб кантрабандзе налічвала 270 тамоў. За час следства былі дапытаныя больш за 230 сведак і праведзена звыш 50 ператрусаў і 150 экспертыз.