Канада. Хто падставіў дэсантнікаў?
Нягледзячы на не надта круглую дату, у Канадзе з новай сілай успыхнулі дэбаты вакол падзей 19 жніўня 1942 года. У гэты дзень войскі антыгітлераўскай кааліцыі паспрабавалі арганізаваць дэсант у акупаванай немцамі Францыі пад горадам Д’еп. Аперацыя закончылася правалам
Найбольш ахвяраў прыйшлося на канадскія часткі. З пяці тысяч канадскіх салдат прыкладна 900 былі забітыя, а яшчэ 2000 параненыя або трапілі ў палон. Цяпер гісторыкі лічаць, што тых канадскіх жаўнераў накіравалі на смерць. Проста Лондану і Вашынгтону было патрэбна неяк даводзіць Сталіну, што яны думаюць пра Другі фронт.
На самай справе, для сапраўднай маштабнай аперацыі саюзнікі гатовыя не былі. На карысць гэтай версіі сведчаць малая колькасць удзельнікаў рэйду на Д’еп. Чэрчыль даслаў туды ўсяго адзін дывізіён (10 тысяч чалавек), якім, дарэчы, супрацьстаяла ўсяго 1 500 немцаў.
Таксама ёсць версія, што саюзнікі проста вывучалі, як працуе берагавая абарона Вермахту. Аднак самую незвычайную версію прапанавалі французскія СМІ. Яны сцвярджаюць, што большасць забітых пад Д’епам канадскіх дэсантнікаў — хлопцы з франкамоўнай правінцыі Квебек. Паколькі Францыя лёгка капітулявала ў 1940 годзе, а французская калабарацыя была вельмі моцнай, вялікай надзеі на французаў не было. У такой сітуацыі брытанцы вырашылі пазбавіцца патэнцыйна нелаяльных франкамоўных канадцаў, даслаўшы іх пад нямецкія кулі.
Паводле французскай прэсы