Юбілей права на выпіўку
5 снежня 1933 года ўсе амерыканцы напружана чакалі навінаў са штата Юта. Парламент Юты вырашаў, падтрымаць ці адхіліць праект 21-й папраўкі да Канстытуцыі. Тэкст папраўкі зноў дазваляў грамадзянам набываць і ўжываць алкаголь.Ратыфікацыя праекту гэтым заходнім штатам азначала, што ініцыятыва за легалізацыю гарэлкі атрымала неабходную колькасць галасоў.
5 снежня 1933 года ўсе амерыканцы напружана чакалі навінаў са штата Юта. Парламент Юты вырашаў, падтрымаць ці адхіліць праект 21-й папраўкі да Канстытуцыі. Тэкст папраўкі зноў дазваляў грамадзянам набываць і ўжываць алкаголь.Ратыфікацыя праекту гэтым заходнім штатам азначала, што ініцыятыва за легалізацыю гарэлкі атрымала неабходную колькасць галасоў.
Юта прагаласавала «за». Што тут пачалося! Цэнтры вялікіх гарадоў сталі сведкамі натуральнага шаленства. Людзі, якія ссумаваліся па моцных напоях, не шкадавалі грошай. У Нью-Йорку, як пісалі газеты, адзін капіталіст набыў у прыступе радасці порцыю віскі за 90 долараў — сума, жудасная нават па цяперашніх часах. Зразумець гэта можна: амерыканцы фармальна не пілі амаль 14 гадоў — столькі дзейнічаў сухі закон.
Ідэя забароны алкаголю ў прынцыпе не новая. Так, у Расіі сухі закон дзейнічаў з пачатку першай сусветнай вайны аж да 1925 года. У 1915 годзе забаранілі алкаголь у Ісландыі, праўда, толькі на два гады. Потым чамусьці гарэлку дазволілі, а піва — не. Яго легалізавалі толькі ў 1989 годзе. У 30-я гады алкаголь быў забаронены ў Фінляндыі.
У ЗША вайна за цвярозы лад жыцця пачалася яшчэ ў часы калоній. У 1657 годзе генеральны суд брытанскай калоніі Масачусетс забараніў продаж рому, брэндзі, віна і яшчэ шэрагу моцных алкагольных напояў. Аўтарамі гэтага праекту (як, дарэчы, і пазнейшых) былі лідэры пратэстанцкіх грамад. Яны распрацавалі цэлую тэорыю аб месцы гарэлкі ў вучэнні Хрыста. На думку пратэстантаў, паколькі гарэлка існуе, яна ёсць прадукт дзейнасці Бога. А вось негатыўны ўплыў, які яна робіць на людзей, — справа д’ябла.
У 1789 годзе ў Канэктыкуце 200 фермераў стварылі першую арганізацыю цвярознікаў у ЗША. Хутка падобныя ініцыятывы былі створаны ў кожным штаце. Сама ідэя сухога закону, аднак, узнікла толькі ў 1840 годзе сярод прыхільнікаў метадысцкай царквы. У 1850 годзе актывісты руху за цвярозасць дабіліся першай перамогі. Штат Мэн забараніў вырабляць і прадаваць алкаголь на сваёй тэрыторыі. Развіць поспех не атрымалася: грамадзянская вайна паміж Поўначчу і Поўднем зрабіла праблему не актуальнай.
Рух адрадзіўся напрыканцы 60-х гадоў ХІХ стагоддзя. У 1869 годзе была створана Prohibition Party (PRO) (Партыя забароны), праграмны пункт якой быў вельмі катэгарычны — татальная забарона алкаголю ў краіне.
PRO не магла канкурыраваць з вядучымі партыямі, аднак навязаць тэму была здольная. Ідэя забароны алкаголю атрымала шырокую сацыяльную базу. Натуральна, яе падтрымлівалі жанчыны, якіх дасталі п’яныя мужы. Пад ёй падпісваліся пратэстанты, якія верылі, што з-за адсутнасць пляшкі чалавек хутчэй зацікавіцца рэлігіяй. PRO падтрымлівалі сацыялісты, якім прасцей было тлумачыць вучэнне Маркса цвярозым працоўным. Як і расісты з Ку-Клус-Клана: яны верылі, што колькасць беласкурых людзей у краіне вырасце дзякуючы забароне выпіўкі. Ідэю падзялялі буйныя бізнесмены кшталту Ракфелера. Ім былі патрэбныя дысцыплінаваныя рабочыя.
У той час нават было модна фармаваць групы, якія заходзілі ў салуны, маліліся там, спявалі антыалкагольныя куплеты, галосна чыталі лекцыі. Адным словам, даставалі бармена. Апошні ў выніку падобных інтэрвенцый прыбіраў з меню назвы алкагольных напояў.
У 1881 годзе Канзас стаў першым штатам, які забараніў вырабляць у сябе алкагольную прадукцыю. Паступова тэма магчымай забароны стала часткай агульнанацыянальнага палітычнага дыскурсу. Як у асяроддзі рэспубліканцаў, так і дэмакратаў узніклі моцныя фракцыі за забарону алкаголю. У 1916 годзе кандыдат «забаронцаў» быў нават абраны губернатарам Фларыды.
Аднак сапраўдны трыумф для амерыканскіх «гарбачовых» прыйшоў у 1920-м, калі галоўнае патрабаванне цвярознікаў было выканана. Гэтаму, натуральна, садзейнічала гістарычная атмасфера. Калі ў 1917 годзе законапраект упершыню прадставілі грамадскасці, на двары стаяла першая сусветная вайна. У апанентаў ідэі не было аргументаў: час вымагаў мабілізацыі нацыі.
У 1920 годзе вайна ўжо закончылася, але затармазіць праект было немагчыма. 16 студзеня Акт аб забароне алкаголю ўступіў у сілу. Адзінымі на той момант, хто публічна яго крытыкаваў, былі медыкі. Медыцына была яшчэ не вельмі развітая, і алкаголь быў складнікам шматлікіх лекаў. Цікава, што некаторыя пратэстанцкія грамады таксама выступалі супраць забароны алкаголю. Яны лічылі, што адмова ад алкаголю павінна стаць свядомым маральным выбарам, а прымус дзяржавы не зробіць сапраўднага перавароту ў сумленні. Цяпер адзіны легальны напой у штатах быў сідр, зроблены ў хатніх умовах. Праўда, дазволены аб’ём прадукцыі напою быў абмежаваны.
Фінал пражэкту з забаронай гарэлкі аказаўся самым трагічным. Назіральнікі пісалі, што рэалізацыя ідэі сухога закону чымсьці падобнае на вынікі сацыялістычнага эксперыменту ў Расіі: думка добрая, але вынік адмоўны. Праз некалькі гадоў нават аўтары закону прызнавалі ягоны правал.
Першы вынік: людзі сталі піць яшчэ больш. Спажываць алкаголь, які стаў сімвалам чагосьці крутога, стала добрым тонам нават сярод жанчын.
Сухі закон быў дэтанатарам выбуху арганізаванага крыміналу, які заняўся кантрабандай алкаголю і яго нелегальным продажам. Так, толькі вядомы гангстэр Аль Капоне напрыканцы 20-х гадоў кантраляваў 10 тысяч (!) кафэ, якія нелегальна разлівалі алкаголь кліентам. Бандыты мелі каласальныя прыбыткі. Яны штогод тайна прадавалі амерыканцам алкаголю на 500 мільёнаў долараў. Маючы столькі грошай, гангстэры пашырылі сферы ўплыву: пачалі падкупляць суды, палітыкаў, браць пад кантроль іншыя сектары гаспадаркі. Дзякуючы сухому закону свет упершыню даведаўся слова «рэкет».
Закон аказаўся непапулярным, аднак патрэбна была вялікая дэпрэсія, якая дала падставы палітыкам для новых радыкальных ініцыятыў.
Спачатку ў кангрэсе адбыліся дэбаты наконт рэабілітацыі піва. На пачатку 30-х сапраўды піва дазволілі, аднак утрыманне спірту ў напоі мусіла быць менш за 4 градусы. І толькі 5 снежня 1933 года дазволілі продаж алкаголю якога заўгодна гатунку і моцнасці.
Праўда, 21-я папраўка пакідала за штатамі права кантраляваць гэту сферу. У выніку Місісіпі дазволіў продаж алкаголю толькі ў 1966 годзе, а Канзас да 1987-га не дазваляў прадаваць у крамах моцныя алкагольныя напоі.
Аднак нельга казаць, што эра сухога закону мела выключна негатыўныя вынікі. Парадаксальна, аднак пасля 5 снежня 1933 года ў краіне адкрылася толькі палова ад колькасці салонаў і бараў, якія працавалі да пачатку «сухіх часоў». Вялікім дасягненням гэтай эры забароны лічыцца папулярызацыя піўной культуры, так званай «beer lager». Кліент прыходзіць у бар, каб выпіць пару кубкаў піва і паразмаўляць з сябрамі, а не напіцца як парася.
І напрыканцы яшчэ адзін цікавы факт пра сухі закон. Дзякуючы яму ў ЗША — краіне эмігрантаў — упершыню з’явіліся свае эмігранты. У 20-я гады з Штатаў эмігрыравалі вінаробы.