Як Амерыка выціснула з сябе рабства
Больш за 150 гадоў таму, 18 снежня 1865 года, набыла дзеянне Трынаццатая папраўка да канстытуцыі ЗША, якая афіцыйна адмяняла ў краіне рабства. Аб гэтым урачыста абвясціў у сваёй прамове дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Уільям Сьюард. З гэтага моманту гісторыя краіны пачала новы адлік.
Бацькі-заснавальнікі і рабства
Прынята лічыць, што першыя рабы трапілі на тэрыторыю брытанскай калоніі ў Паўночнай Амерыцы, Вірджыніі, у 1619 годзе. Спачатку іх было зусім не шмат. Але з ростам сельскагаспадарчых плантацый павялічвалася і патрэбна ў працоўных руках. Пачаўся масавы завоз рабоў з Афрыкі. Так, калі ў 1680 годзе толькі прыкладна 7% вірджынцаў былі афрыканскага паходжання, то ў 1750-м такіх было ўжо каля 44%.
Пасля атрымання незалежнасці і ўтварэння Злучаных Штатаў, бацькі-заснавальнікі Амерыкі, замацоўваючы важнасць свабоды і роўнасці для грамадзян маладой краіны ў сваіх асновапалягаючых дакументах, такіх як Дэкларацыі незалежнасці ці Канстытуцыя, не палічылі неабходым распаўсюдзіць дзеянне гэтых прынцыпаў на шматлікіх рабоў. Хоць у Канстытуцыі ЗША 1789 года рабства прама і не згадвалася, але яго існаванне ўскосна прызнавалася. Гэта быў кампраміс, на які стваральнікі амерыканскай дзяржавы былі вымушаны пайсці, каб пазбегнуць канфлікту паміж рознымі штатамі. Але такая асцярожнасць пераўтварылася ў міну запаволенага дзеяння і прывядзе да цяжкіх наступстваў у будучыні.
Першыя спробы змяніць сітуацыю з гандлем людзьмі пачаліся на пачатку ХІХ стагоддзі. Прэзідэнт Томас Джэферсан у 1808 годзе падпісаў закон, які на федэральным узроўні забараняў увоз паняволеных на тэрыторыю ЗША. Але гэта толькі часткова вырашыла праблему. Галоўная яе крыніца была не звонку, а ўнутры краіны.
Дзве Амерыкі
З цягам часу ў розных частках краіны пачалі выяўляцца абсалютна розныя погляды і на яе далейшае развіццё. У фармальна адзінай дзяржаве ўтварыліся дзве зусім непадобныя адна на адну эканамічныя сістэмы. На поўначы хуткімі тэмамі развівалася прамысловасць, буйныя паўночныя гарады сталі цэнтрамі прыцягнення працоўных мігрантаў з усяго свету. Рабства многія паўночныя штаты адмянілі яшчэ нават да ўваходу ў склад ЗША.
У паўднёвых жа штатах шырокае распаўсюджанне атрымала плантатарская гаспадарка, аснову якой складала вырашчванне бавоўны, пасеў і збор якой выконваўся амаль выключна ўручную. Гэта была марудная і фізічна цяжкая праца. Заманіць туды працаўніка дабраахвотна было даволі няпростай задачай.
Таму адмаўляцца ад практычна бясплатнай працоўнай сілы там ніхто не збіраўся. Спачатку будучых рабоў увозілі ў краіну кантрабандай, а пасля асобныя буйныя плантатары адшукалі больш танны і менш рызыкоўны спосаб вырашэння праблемы недахопу працоўных рук. У сваіх сядзібах яны пачалі разводзіць рабоў дзеля продажу. Гэтак жа, як яны рабілі гэта з племяннымі жывёламі. Нягледзячы на тое, што нават многія плантатары, большасць з якіх былі выхаваны ў пратэстанцкай этыцы, ставіліся да гэтага з пагардай, з цягам часу ўнутраны гандаль такімі рабамі пераўтварыўся ў вельмі прыбытковы від дзейнасці, які пераўзышоў па сваіх паказчыках многія іншыя формы бізнесу. Бо тыя, хто грэбаваў разводзіць людзей на продаж, зусім не грэбаваў пасля такіх рабоў купляць.
Згодна з перапісам 1860 года ў Злучаных Штатах, насельніцтва якіх складала 31 з паловай мільёны, налічвалася амаль 4 мільёны чалавек, якія афіцыйна лічыліся рабамі, больш за 10% ад агульнай колькасці. Абсалютная большасць з іх былі афрыканскага паходжання.
Шчыра кажучы, няправільна лічыць, што рабамі маглі валодаць толькі белыя. У паўднёвых штатах рабства настолькі моцна ўкаранілася ў мясцовае грамадства, што рабамі там стараліся абзавесціся самыя розныя групы насельніцтва. Імі валодалі і заможныя чарнаскурыя, якія самі некалі маглі быць рабамі, а затым атрымалі свабоду, і нават прадстаўнікі мясцовых карэнных народаў. Рабства стала практычна неад’емнай часткай эканомікі поўдня, адным з яе галоўных падмуркаў.
Фактычна на сярэдзіну ХІХ стагоддзя адбыўся падзел краіны на две слаба звязаныя паміж сабой тэрыторыі (так званы секцыяналізм). Эканамічныя іх інтарэсы паступова сталі прама супрацьлеглымі. Таму, калі ў 1860 годзе на прэзідэнцкіх выбарах перамог Абрам Лінкальн, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, якую лічылі лабістам інтарэсаў поўначы, а многія яе сябры былі адкрытымі абаліцыяністамі, некалькі паўднёвых штатаў выйшлі са складу ЗША, утварыўшы ў лютым 1861 года Канфедэратыўныя Штаты Амерыкі. Пачалася Грамадзянская вайна. Яна працягнецца чатыры гады і будзе каштаваць краіне соцень тысячаў жыццяў з абодвух бакоў.
Пракламацыя аб вызваленні
Хаця Абрам Лінкальн з асабістых перакананняў лічыў рабства ганебнай з'явай, ён на працягу ўсёй сваёй палітычнай кар'еры вагаўся ў пытанні аб тым, што рабіць з гэтай праблемай.
Перад самой вайной і сам Лінкальн, і іншыя кіраўнікі Рэспубліканскай партыі хацелі не поўнай забароны рабства, а толькі абмежавання яго распаўсюджання на новыя амерыканскія тэрыторыі на захадзе. Ён неаднаразова заяўляў, што для яго галоўнай мэтай ёсць менавіта захаванне дзяржавы, а не адмена рабства.
Але бліжэй да 1862 года ён упэўніўся, што толькі поўнае вызваленне чарнаскурых рабоў на поўдні дапаможа Саюзу выйграць вайну. 22 верасня 1862 года Лінкальн выдае сваю знакамітую Пракламацыю аб вызваленні, якая ўступіла ў сілу 1 студзеня 1863 года і абвясціла, што ўсе рабы «будуць з гэтага часу і назаўжды свабоднымі». Сама па сабе Пракламацыя не забараніла рабства ў краіне ў цэлым. Яе дзейнасць распаўсюджвалася толькі на тыя 11 паўднёвых штатаў, якія ваявалі супраць Саюза, і нават не закранала рабаўладальніцкія штаты, што засталіся верныя Вашынгтону. Каб адмяніць рабства цалкам і на ўсёй тэрыторыі, патрэбна было ўнясенне адмысловай папраўкі непасрэдна ў сам тэкст канстытуцыі, папраўкі, якая забараніла б гэту з’яву як сацыяльны інстытут.
Бітва за 13-ю папраўку
Аднак Пракламацыя аб вызваленні, нягледзячы на сваю недапрацаванасць, паслужыла каталізатарам для праціўнікаў рабства ў парламенце ЗША. Яны пачалі дзейнасць, вынікам якой мусіла стаць вырашэнне гэтай праблемы раз і назаўжды.
14 снежня 1863 года, дэпутат-рэспубліканец ад штата Агаё Джэймс Эшлі ўнёс на разгляд Кангрэса праект папраўкі аб поўнай забароне рабства на ўсёй тэрыторыі Злучаных Штатаў.
У красавіку 1864 года Сенат прыняў прапанаваную папраўку неабходнай большасцю ў дзве траціны галасоў. Але раптоўна пачаліся праблемы ў Палаце прадстаўнікоў. Прапанова не змагла набраць патрэбную колькасць галасоў, бо шмат хто з дэпутатаў ад Дэмакратычнай партыі адмовіліся падтрымаць праект, што зыходзіў ад іх галоўных палітычных супернікаў.
Праз чатыры месяцы пасля першага галасавання, у чэрвені 1864 года, Палата паспрабавала прыняць папраўку ў другі раз. Гэтым разам колькасць галасавалых «за» была больш, але зноў прыхільнікі адмены рабства не змаглі атрымаць неабходныя две траціны.
Гэта быў даволі цяжкі час для прэзідэнта Лінкальна і яго Рэспубліканскай партыі. Яго перавыбранне на выбарах, што павінны былі адбыцца восенню таго ж года, выглядала далёка не гарантаваным. Амерыканцы стаміліся ад вайны, што цягнулася ўжо трэці год, а кандыдат ад Дэмакратычнай партыі генерал Джордж Маккелан ішоў на выбары як раз з заклікамі аб неабходнасці пачатку мірных перамоў. І тут на дапамогу свайму прэзідэнту прыйшла армія Саюза. Распачатыя перамогі на полі бою значна падвысілі веру грамадзян ЗША ў вайсковы і палітычны геній Лінкальна. У канчатковым выніку на выбарах 8 лістапада ён перамог свайго апанента з аглушальнай перавагай, набраўшы 212 з 233 галасоў выбаршчыкаў.
Калі Кангрэс зноў сабраўся ў снежні 1864 года, канчаткова асмялелыя рэспубліканцы паставілі галасаванне па прапанаванай папраўцы ў першую чаргу парадку дня. Дэмакраты, дэмаралізаваныя паразай свайго кандыдата на выбарах прэзідэнта, гэтым разам не здолелі арганізаваць ніякага супраціву.
Папраўка прынята
31 студзеня 1865 года Палата прадстаўнікоў прымае прапанаваную папраўку 119 галасамі супраць 56. Гэта было нават крыху больш за неабходную колькасць. На наступны дзень Лінкальн зацвердзіў сумесную рэзалюцыю Кангрэса па гэтым пытанні, прадставіўшы яе на ратыфікацыю ў заканадаўчыя органы штатаў.
Першапачаткова працэс ратыфікацыі ішоў даволі хутка. Да канца сакавіка за папраўку прагаласавалі ўжо 19 штатаў з неабходных 27. Але затым працэс моцна затармазіўся. Толькі 6 снежня 1865 года, амаль праз дванаццаць месяцаў пасля таго, як Лінкальн урачыста падпісаў дакумент, Джорджыя ратыфікавала папраўку, стаўшы тым самым патрэбным 27-м штатам. Праз 12 дзён яна ўступіла ў законную сілу, а дзяржсакратар Сьюард змог зрабіць сваю гістарычную заяву.
Тэкст папраўкі абвяшчаў:
Раздзел 1. Ні рабства, ні прымусовая праца не павінны існаваць у Злучаных Штатах або ў любым месцы, якое падпадае пад іх юрысдыкцыю, за выключэннем пакарання за злачынства, за якое бок павінен быць належным чынам асуджаны.
Раздзел 2. Кангрэс мае права забяспечыць выкананне гэтага артыкула адпаведным заканадаўствам.
Сам Абрам Лінкальн не дажыў да ўступлення папраўкі ў сілу. 14 красавіка 1865 года ён быў смяротна паранены прыхільнікам Канфедэрацыі падчас тэатральнага спектаклю ў Вашынгтоне і памёр на наступны дзень, не прыходзячы ў прытомнасць.
Чорныя кодэксы
У рэчаіснасці жыццё чорных амерыканцаў змянілася вельмі мала. У паўднёвых штатах хутка былі прынятыя так званыя «Чорныя кодэксы» — набор правілаў і абмежаванняў для чарнаскурага насельніцтва, якія павінны былі дапамагчы абыходзіць новыя патрабаванні Канстытуцыі. Таксама шмат заставалася сярод мясцовых жыхароў людзей, хто працягваў і далей ставіцца да былых рабоў як да грамадзян другога гатунку.
У такой сітуацыі, каб прымусіць паўднёўцаў выконваць папраўку, Кангрэс быў вымушаны звярнуцца да яе другога раздзелу. 9 красавіка 1866 года ён прымае «Закон аб грамадзянскіх правах». Гэта быў першы федэральны закон ў Злучаных Штатах, які пацвярджаў, што ўсе грамадзяне ЗША роўныя перад дзяржавай і таму ў роўнай ступені павінны быць абаронены законам. Кангрэс прызнаў несапраўднымі «чорныя кодэксы» і патрабаваў іх адмены. Новы прэзідэнт краіны Эндру Джонсан паспрабаваў накласці сваё вета на яго прыняцце, але дэпутаты большасцю ў дзве траціны галасоў у кожнай палаце гэтае вета адмянілі, і закон набыў сілу.
Гэтая барацьба цягнулася яшчэ шмат гадоў. Закон аб грамадзянскіх правах пачне афіцыйна дзейнічаць толькі ў 1870 годзе, толькі праз чатыры гады пасля свайго прыняцця. А каб ён змог працаваць па-сапраўднаму, спатрэбіліся яшчэ тры асобныя законы. Сто гадоў спатрэбілася Амерыцы, каб дэ-юрэ зраўнаваць у правах чарнаскурае і белае насельніцтва краіны, і яшчэ паўстагоддзя, каб зрабіць гэта дэ-факта. Так, канчатковая ратыфікацыя 13-й папраўкі апошнім з амерыканскіх штатаў — Місісіпі — адбылася толькі ў 2013 годзе.
Аднак давайце сёння ўявім той велізарны крок, які зрабілі Злучаны Штаты за гэтыя 150 год. Крок ад дзяржавы, дзе шмат гадоў мільёны людзей лічыліся маёмасцю, да фактычна галоўнай дэмакратыі свету. Разам з прынятымі пазней 14-й папраўкай, якая паўтарала палажэнні Закона аб грамадзянскіх правах, і 15-й папраўкай, якая давала былым рабам права голасу, была забяспечана канстытуцыйная аснова для таго, што зараз стала сапраўдным падмуркам сучаснага амерыканскага грамадства.