Ізраіль забараніў сваім грамадзянам наведваць Беларусь
Міністэрства аховы здароўя Ізраіля 9 ліпеня паведаміла аб пашырэнні «чырвонага» спісу краін, якія ізраільцянам забаронена наведваць праз пагрозу заражэння каронавірусам: у спіс з 12 ліпеня ўключаны Беларусь і Узбекістан, перадае «Радыё Свабода».
Як адзначае сайт newsru.co.il, гаворка ідзе пра краіны, якія не апавяшчалі Сусветную арганізацыю аховы здароўя аб значным росце колькасці тых, хто заразіўся каронавірусам або памерлых ад COVID-19. «Гледзячы па ўсім, менавіта адсутнасць дакладнай інфармацыі паслужыла падставай для ўключэння гэтых краін у „чырвоны“ спіс», — дадае згаданы сайт.
Паводле афіцыйных звестак, у Беларусі з пачатку пандэміі каронавірусам заразіліся каля 425 тысяч чалавек, з якіх памерлі 3412 (смяротнасць — 0,8%). Сярэдняя смяротнасць сярод заражаных у свеце — 2,2%.
Такім чынам, з 12 ліпеня ў ізраільскі спіс краін з максімальнай рызыкай заражэння каронавірусам уключаны: Расія, Беларусь, Узбекістан, Аргентына, Бразілія, Мексіка, Індыя і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.