Ізраіль на два тыдні закрые ўезд для іншаземцаў у сувязі з новым штамам каронавіруса
Грамадзянам Ізраіля, якія вяртаюцца на радзіму, зробяць больш жорсткімі правілы для тэставання і самаізаляцыі, піша Свабода.
Улады Ізраіля з вечара 28 лістапада на два тыдні забароняць уезд іншаземцам праз распаўсюджанне новага штаму каронавіруса В.1.1.529, які атрымаў назву «Амікрон», паведамляе Times of Israel. Мера не закране тых, хто атрымае спецыяльны дазвол ад урадавай камісіі.
Ізраіль стаў першай краінай, якая закрыла межы для замежнікаў праз новы варыянт вірусу SARS-CoV-2. Акрамя гэтага, улады ўвялі больш строгія правілы па тэставанні і самаізаляцыі для ізраільцян, якія прыбываюць у краіну з-за мяжы.
Як паведамляе Haaretz са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя краіны, у Ізраілі пацверджаны адзін выпадак заражэння новым штамам В.1.1.529, размова ідзе пра жанчыну, якая вярнулася ў краіну з Малаві (Паўднёва-Усходняя Афрыка). Яшчэ сем чалавек з падазрэннем на гэты штам праходзяць праверку, з іх чацвёра таксама вярнуліся з-за мяжы.
Раней праз небяспеку распаўсюду новага штаму Ізраіль забараніў уезд сваім грамадзянам у 50 краін Афрыкі за выключэннем выпадкаў, ухваленых спецыяльнай камісіяй. Ізраільцяне пасля вяртання з гэтых краінаў павінны прайсці мінімум тыднёвы каранцін. Уезд іншаземцаў з гэтых краінаў у Ізраіль таксама забаранілі.
Штам «Амікрон» выявілі на поўдні Афрыкі ў лістападзе. Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала В.1.1.529 пагрозай, бо ён можа перадавацца хутчэй за іншыя штамы, заражаць тых, хто ўжо перахварэў, і аслабляць дзеянне вакцын.
Выпадкі заражэння штамам «Амікрон» пацверджаныя ў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Ганконгу, Нямеччыне, Італіі і Чэхіі.