Інтым афіцыйнага ўзроўню

Заява 84-гадовай Барбары Ярузельскай пра намер скасаваць шлюб з 90-гадовым Войцэхам Ярузельскім выклікала па той бок Бугу вялікі інтарэс да гісторый кахання першых лэдзі камуністычнай Польшчы.  



20140207_095204_902.jpg

Войцэх і Барбара Ярузельскія

Хаця па канстытуцыі сацыялістычная Польшча была рэспублікай са сваімі заканадаўчымі і, адпаведна, выканаўчымі органамі, відавочна, што на самай справе ўся ўлада знаходзілася ў руках першага сакратара Польскай аб’яднанай рабочай партыі (PZPR).

За час існавання Польскай Народнай Рэспублікі гэтую пасаду займала сем асобаў. Усе яны былі жанатымі мужчынамі, прычым некаторыя паспелі схадзіць у ЗАГС некалькі разоў. У дадатак шэраг апаратчыкаў жылі ў грамадзянскім шлюбе. Цікава, што сярод каханак лідараў камуністычнай Польшчы сустракаецца і беларуска. Гэта Анастасія Калеснікава, якая падчас вайны жыла ў Мінску разам з Баляславам Берутам, пасляваенным кіраўніком савецкай Польшчы. Дарэчы, у 1970-я гады Анастасія спрабавала пісаць тагачаснаму лідару PZPR Эдварду Герэку лісты, патрабуючы ўзнагароды за гэты перыяд свайго жыцця.

Цікава, што на час раману з Калеснікавай у Берута была не толькі афіцыйная жонка Яніна Гужынска і двое дзяцей, аднак і грамадзянская — Малгажата Фарнальска, якая нарадзіла яму дачку. З Малгажатай Берут пазнаёміўся ў Маскве, дзе малады камуніст з 1927 года вучыўся ў Ленінскай партшколе. Цікава, што пасля Берут перацягнуў у Маскву і Яніну з дзецьмі. Усе яны жылі разам і, мяркуючы па ўспамінах сына Берута, ніякіх канфліктаў у вялікім сямействе не было.

Хаця Малгажата была забітая гестапаўцамі падчас Варшаўскага паўстання, да Яніны Баляслаў не вярнуўся. Новай пасіяй правадыра польскага пралетарыяту стала Ванда Гурска, ягоная сакратарка, якую за вочы называлі «Каралева Бельведэру» (Бельведэрскі палац — рэзідэнцыя кіраўнікоў Польшчы). Праўда, адпаведна афіцыйным даведнікам, менавіта Яніна была «першай лэдзі». Яна перажыла мужа на 29 гадоў і, відаць, асабліва не шкадавала, што муж жыве з Вандай. Захаваліся яе асабістыя лісты да Берута, у якіх яна называе яго «Пан прэзідэнт».

Пасля смерці Берута ў 1956 годзе ў Польшчы пачынаецца эра Уладзіслава Гамулкі. Разам з ім на палітычнай сцэне з’яўляецца і яго жонка Соф’я Гамулка, якая, дарэчы, мела яўрэйскія карэнні. Гэты факт не дае спакою гісторыкам, паколькі ў сакавіку 1968-га менавіта Гамулка быў ініцыятарам антысеміцкай кампаніі. Таксама не зразумела, чаму пара, якая жыла разам з 1928 года і мела сына, заключыла шлюб толькі ў 1950-м. Так ці інакш, ужо праз год муж і жонка былі арыштаваныя падчас чарговай чысткі. Дзякуючы хрушчоўскай адлізе і славутаму паўстанню ў Познані, у 1956 годзе Гамулкі пакінулі турму, а Ула­дзіслаў як былы крытык Берута нават заняў вышэйшую пасаду ў партыі. Што тычыцца яго жонкі, то яна спрабавала таксама ўдзельнічаць у палітычным жыцці, аднак гэта хутчэй выклікала смех у грамадстве. Перш за ўсё, Соф’я нічога не разумела ў сучаснай культуры, дзякуючы чаму стала героем анекдотаў.

Трагедыя ў Гданьску ў снежні 1970 года, калі міліцыя страляла ў страйкуючых рабочых, прывяла да новых ракіровак унутры апарату PZPR. Да перамогі сацыялізму Польшчу цяпер павёў Эдвард Герэк, які дзякуючы замежным крэдытам на нейкі час забяспечыў краіне высокія тэмпы развіцця. Адным з сімвалаў новай эпохі лічыцца і Станіслава — жонка Герэка. За хараство і розум яе называлі не толькі першай дамай Польшчы, аднак і ўсяго сацыялістычнага блоку.

Стася (так звалі Станіславу ў народзе) мела вышэйшую адукацыю і, больш таго, актыўна цікавілася палітыкай. Лічыцца, што менавіта яна пераканала мужа не абвяшчаць ваеннае становішча, калі ў 1980 годзе пачаўся страйк на Гданьскай верфі. Прынамсі, апазіцыйная прэса сцвярджала, што мірныя перамовы з забастоўшчыкамі — гэта якраз справа Станіславы Герэк, якая, напэўна, не ведала, што дні яе мужа на пасадзе першага сакратара скончаныя. Крэмль не прабачыў Варшаве тое, што яна міндальнічае з Валенсам.

У 1980 годзе Герэка замянілі на Станіслава Каня, што было пралогам для прыходу да ўлады сілавіка Ярузэльскага. Жонка Каня Барбара чымсьці нагадвала Станіславу Герэк. Яна таксама мела вышэйшую адукацыю (у 1969 годзе стала магістрам германістыкі) і займалася танцамі і спевамі. Аднак у адрозненні ад папярэдніцы ў палітыку прынцыпова не лезла. Нават адмаўлялася ад удзелу ў публічных раутах, цалкам надаючы прыярытэт навуцы і хатнім справам.

Сціпласць і непублічнасць Барбары кампенсавала апошняя першая лэдзі сацыялістычнай Польшчы — Эльжбета Кемпіньска — другая жонка першага сакратара Мечыслава Ракоўскага. Ракоўскі займаў гэту пасаду ўсяго 6 месяцаў у 1989 годзе (хутка PZPR самараспусцілася). Аднак гэтых шасці месяцаў хапіла, каб грамадства ўзгадала адну з найбольш пікантных гісторый часоў польскага сацыялізму.

У 1960-я гады Ракоўскі — супрацоўнік цэнтральнага апарату партыі — быў жанаты на вядомай скрыпачцы Вандзе Вілкамірскай, якая мела ад яго двух дзяцей, аднак захапіўся акторкай Эльжбетай Кемпіньскай. Яны тайна сустракаліся амаль дзесяць гадоў, прычым Эльжбета і Ванда пры гэтым заставаліся блізкімі сяброўкамі. Пасля таго, як праўда пра адзюльтэр усплыла, Ванда пагадзілася на развод. На гэты час Ракоўскі быў ужо сябрай Цэнтральнага Камітэту PZPR.

У прынцыпе, уся тэма першых дам сацыялістычнай Польшчы і адносін унутры сямей першых сакратароў патрабуе дадатковага вывучэння. Відавочна, што сямейная атмасфера магла паўплываць таксама на палітычныя ўчынкі.