«Гульня тронаў» па-польску
Cамы буйны праект на польскім тэлебачанні пасля рэстаўрацыі дэмакратыі, як мінімум, будзе здольны скласці канкурэнцыю вядомаму турэцкаму серыялу «Бліскучае стагоддзе». Як максімум — складзе годную канкурэнцыю славутай «Гульні тронаў».
Прыблізна такія амбіцыі агучвалі аўтары серыялу «Карона
каралёў» («Korona królów»),
калі прыкладна паўтара гады таму анансавалі яго здымкі. Фабулай для стужкі павінны
былі стаць падзеі пры двары сярэднявечнага польскага караля Казіміра Вялікага (1310–1370). Пасля смерці яго бацькі,
Уладзіслава
Лакетака, маладому каралю прыйдзецца сутыкнуцца са шматлікімі праціўнікамі, незадаволенымі
яго палітыкай.
Напалеонаўскія амбіцыі аўтараў «Кароны каралёў» публіка спачатку ўспрыняла ўсур'ёз. Па-першае, сярэднявечная гісторыя Польшчы — кландайк драматычных сюжэтаў, вартых экранізацыі. Па-другое, лабістам серыялу, па-сутнасці, выступіў цяперашні кансерватыўны ўрад Польшчы, які намагаецца стымуляваць цікавасць да айчыннай гісторыі.
Аднак паступова энтузіязму наконт поспеху «Кароны каралёў» стала значна менш. Перш за ўсё — праз скандал з пераносам прэм’еры. Першапачаткова фільм планавалі прадэманстраваць 21 лістапада мінулага года, аднак літаральна за пару тыдняў стала вядома, што рэліз пераносяць на студзень 2018-га. Інсайдары паведамлялі, што некаторыя эпізоды, быццам бы, аказаліся настолькі слабымі, што іх давялося тэрмінова пераздымаць.
Праўда, усё выправіць не паспелі. Інакш бы рэліз «Кароны каралёў» не выклікаў такой адмоўнай рэакцыі. Узнікла ўражанне, што стваральнікі серыялу прапанавалі кожнай частцы польскай аўдыторыі асобную падставу, каб расчаравацца.
Натуральна, больш за ўсіх абурыліся гісторыкі, якія знайшлі ў серыяле сапраўдны гербарый гістарычных ляпаў. Дастаткова ўзгадаць, што карона на экране (праз якую ўвесь сыр-бор) не адпавядае дызайну арыгінала. Да таго ж, у адрозненне ад акторак серыялу, жанчыны ў сярэднявечнай Польшчы намагаліся не дэманстраваць свой твар, і нават валасы, на людзях. У пакоях не было такой багатай мэблі, а самі пакоі былі значна больш брудныя. Нарэшце, манахі ў карціне кажуць пропаведзі на лаціне ў версіях, якія былі зацверджаныя Ватыканам толькі ў мінулым стагоддзі. Найбольш правакатыўныя гісторыкі вінавацяць аўтараў стужкі ў тым, што яны не паказалі педафільскія прыгоды Казіміра (пра гэта, быццам, кажуць летапісы).
У тым жа ключы вытрыманыя рэцэнзіі ў медыя. Уплывовы часопіс “Polityka” называе фільм пародыяй на славутую камедыю “Monty Pythona” пра караля Артура. Адзіная розніца ў тым, што ў комікаў не было грошай на коняў, такія дурныя строі і смешныя парыкі, як у «Кароне каралёў». Дарэчы, пра грошы. Шмат хто заклікае пракуратуру праверыць, як «пілавалі» бюджэт карціны (каля чатырох мільёнаў еўра). На інтэрнэт-форумах даводзяць, што карону, выяўленую на экране, можна набыць на любым спажывецкім рынку Польшчы ўсяго за 7 злотых (прыкладна тры беларускія рублі).
Менш агрэсіўныя культуролагі лічаць, што на самай справе прадукцыя адпавядае тым грошам, якія былі ў яе ўкладзеныя. І ў гэтым была галоўная памылка аўтараў. З бюджэтам, што ў некалькі разоў меншы за бюджэт «Гульні тронаў», лепш было б утрымацца ад абяцанак зрабіць прадукт сусветнага калібру. Кепскай аказалася таксама ідэя паставіць серыял у навагоднюю сетку ТБ-праграмы, што выклікала нездаровы ажыятаж вакол прэм’еры і — як следства — эфект завышанага чакання. Таксама варта ўлічыць, што па сутнасці ў Польшчы яшчэ ніколі не здымалі тэлевізійныя касцюмаваныя навелы. Акцёры, якія звычайна выконваюць ролі сучасных герояў, адчуваюць сябе ў сярэднявечных строях ненатуральна.
У прынцыпе, для любога нацыянальнага кінематографу характэрныя як поспехі, так і правалы. Дастаткова ўзгадаць, што фільм «Варшаўская бітва» славутага Ежы Гофмана таксама выклікаў шмат некамплементарных водгукаў. Таму можна было чакаць, што аўдыторыя, расчараваная ў серыяле, хутка пра яго забудзецца. Аднак скандал вакол «Кароны каралёў» працягваецца праз прысутнасць палітычнага падтэксту. Шмат хто ў інтэрнэце крытыкуе «Карону каралёў», каб выказаць сваё стаўленне да кіруючай у Польшчы партыі Качынскага. Нездарма самога Яраслава Качынскага вельмі модна выяўляць у мемах як сярэднявечнага караля.
Лагер Качынскага, у сваю чаргу, намагаецца контратакаваць. Правая прэса намякае, што за крытыкамі серыялу тырчаць вушы Берліну і Бруселю. Нагадаем, што цяпер Польшча і ЕС, дзе рэй вядзе ФРГ, моцна канфліктуюць наконт шэрагу пытанняў. Падлілі алею ў агонь і скандальныя публікацыі пра тое, што кансерватары за грошы замовілі некаторым СМІ пазітыўныя рэцэнзіі на фільм.
Застаецца дадаць, што серыял толькі стартаваў. Гледача чакаюць яшчэ прыкладна 80 эпізодаў, змест якіх, відавочна, будзе падставай для новых палітычных спекуляцый. З іншага боку, магчыма, гэта і някепска. Мяркуючы па польскіх СМІ, скандальны антураж «Кароны каралёў» сапраўды спрыяў інтарэсу да выяўленых у фільме фрагментаў польскай гісторыі.