Футбол і прэзідэнцкія выбары

Super Bowl — фінальная гульня за званне чэмпіёна Нацыянальнай футбольнай лігі (NFL) — адбыўся ў ЗША 7 лютага. Сам фінал і маштабныя яго святкаванні ўплываюць нават на палітыку і вынік прэзідэнцкіх выбараў.



levis_stadium_100528726_primary_idge_.jpg

Фота www.ibtimes.com

Каб ацаніць значэнне Super Bowl для амерыканскай культуры, дастаткова пачытаць артыкул у газеце «Wall Street Journal» ад 8 лютага 2016-га, у якім прапануецца абвясціць панядзелак — наступны дзень пасля нядзелі, калі адбываецца фінал, — дзяржаўным святам. Логіка ініцыятара зразумелая. Super Bowl святкуецца так шырока, што на наступны дзень пасля фіналу ўся Амерыка ледзь-ледзь адыходзіць ад наступстваў святкаванняў. Дарэчы, гэтую ідэю актыўна падтрымалі амаль усе кандыдаты ад Рэспубліканскай партыі.

З улікам маштабаў папулярнасці Super Bowl і амерыканскага футболу, без палітыкі тут, натуральна, не абыходзіцца. Увогуле, калі б не палітыкі, магчыма, амерыканскі футбол забаранілі б яшчэ сто гадоў таму. Так здарылася, што ў 1905 годзе за адзін сезон ад атрыманых на полі траўмаў памерлі 18 (!) футбалістаў. Натуральна, сярод грамадскасці дыскутавалася пытанне забароны футболу.

На дапамогу спартоўцам і заўзятарам прыйшоў асабіста прэзідэнт Тэадор Рузвельт. Ён падкарэктаваў правілы гульні, забараніўшы найбольш жорсткія прыёмы, накшталт калектыўных клінаў, і пастанавіў стварыць спецыяльную асацыяцыю, клубы-ўдзельнікі якой мусілі гуляць па зацверджаных ім правілах.

Магчыма, менавіта футболам зрабіў сабе імя Рональд Рэйган, які ў 1940 годзе выканаў ролю легендарнага футбаліста (George Gipp), які памёр ва ўзросце 25 гадоў у зеніце славы. Фільм меў гучны поспех, і да Рэйгана прыклеілася мянушка «Гіппер». Пазней, падчас выбарчай кампаніі, ён ахвотна параўноўваў сябе са сваім персанажам. Піярыліся на футболе і іншыя. Біл Клінтан, калі пачынаў гонку за пасаду губернатара Арканзаса, выкарыстоўваў футбольную тэрміналогію ў тэксце сваёй выбарчай праграмы. Неяк выступаючы перад аўдыторыяй, ён заявіў: «Калі нешта сапраўды важна для нас, як футбол, — мы паклапоцімся пра факты».

Часам практыка выкарыстаць футбол мела негатыўныя наступствы для палітыкаў. Напрыклад, Рычард Ніксан — фанат сталічнай каманды «Redskins», спрабаваў перад фіналам 1971-га па тэлефоне даваць інструкцыі трэнеру. У выніку фінальны матч «Redskins» прайгралі. Пасля таго, як гісторыя пра няўдалага трэнера-прэзідэнта трапіла ў прэсу, рэйтынгі Ніксана пайшлі ўніз. Некаторыя гісторыкі лічаць, што з-за гэтага грамадства абыякава паставілася і да імпічменту Ніксана, які стаў наступствам Уотэргейта.

Натуральна, не абышлі тэму футболу і цяперашнія кандыдаты ў прэзідэнты. На думку прэсы, Super Bowl–2016 вельмі кепска паўплывае на кампанію Дональда Трампа, паколькі касцяк футбольных фанатаў — простыя людзі, якія ў вольны ад футболу час захапляліся папулісцкімі прамовамі Трампа. Атмасфера вакол футболу (звычайна нагнятаць інтрыгу вакол фіналу пачынаюць за тыдзень) яўна пераключыла іх увагу ад праймерыз. Акрамя таго, на Super Bowl звычайна выцягваюць музычных зорак, актораў, вядомых асобаў, якія таксама аслабілі інтарэс да скандальнага кандыдата. Трамп, дарэчы, сам прызнаўся, што інтарэс да яго знізіўся праз футбол.

Спрабуе выкарыстаць Super Bowl Хілары Клінтан. Сімпатызуючыя ёй палітычныя каментатары звяртаюць увагу на каласальныя грошы, што былі ўкладзеныя буйнымі кампаніямі ў гэта спартовае шоу, якое вельмі падабаецца людзям. А чаму ў такім выпадку амерыканцам не можа падабацца тое, што буйны капітал дапамагае той жа Хілары рабіць якасную выбарчую кампанію? Тэма ўдзелу буйных трэстаў у фармаванні бюджэту выбарчага штабу Клінтан вельмі важная для яе, паколькі менавіта на гэтым часта гуляе асноўны канкурэнт Хілары — Берні Сандэрс. «Калі прэзідэнцкая кампанія будзе праходзіць па тых жа стандартах, што і матч камандаў «Broncos» і «Panthers», то шмат з нас будуць за ёй сачыць. Мы павінны вітаць камерцыялізацыю», — заключае адзін з калумністаў з «The Washington Post».

Што тычыцца кандыдатаў-рэспубліканцаў, то большасць з іх (у тым ліку пераможца першага праймерыз Тэд Круз) кінулася падтрымліваць каманду «Panthers» з Караліны. Гэта тлумачыцца тым, што Караліна адносіцца да паўднёвых штатаў, дзе, як правіла, галасуюць за партыю «сланоў». Наперадзе праймерыз на Поўдні, і імідж фаната клубу з Караліны можа дадаць пунктаў. Праўда, у выніку «Panthers» прайгралі камандзе «Broncos» з Дэнвера, што выклікала новыя незвычайныя спрэчкі.

Справа ў тым, што яшчэ ў 1990-я гады аматары спартовай статыстыкі заўважылі цікавую акалічнасць, якая, быццам, дазваляе спрагназаваць вынікі прэзідэнцкага галасавання. Пачаць трэба з таго, што ў фінальнай гульні сустракаюцца прадстаўнікі дзвюх ліг: Амерыканскай Футбольнай Канферэнцыі (AFC) і Нацыянальнай Футбольнай Канферэнцыі (NFC), якія структурна ўваходзяць у Нацыянальную футбольную лігу (NFL). Калі ў год прэзідэнцкіх выбараў перамагала каманда з AFC, прэзідэнтам станавіліся рэспубліканцы. У выпадку трыумфу клуба ад NFC — пераможцам на выбарах выходзіў кандыдат-дэмакрат.

Паколькі цяперашні ўладальнік чэмпіёнскага тытулу Broncos гуляе ў AFC, атрымліваецца, што ўвосень трэба чакаць перамогі кандыдата ад рэспубліканцаў. Праўда, з улікам хаосу, які пануе ў рэспубліканскім лагеры, і засілля там радыкалаў, цяжка ўявіць сабе, хто зможа на роўных супрацьстаяць Хілары Клінтан — найбольш верагоднаму прадстаўніку дэмакратаў. З іншага боку, у палітыцы, як і ў спорце, магчыма ўсё.