Феномен Астэрыкса

Некаторыя еўрапейскія антырасісцкія грамадскія арганізацыі напярэдадні 50-й гадавіны з’яўлення коміксу пра Астэрыкса заклікалі стваральнікаў серыі ўнесці змены ў яго канцэпцыю.



ebd6d2f5d60ff9afaeda1a81fc53e2d0.jpg

Некаторыя еўрапейскія антырасісцкія грамадскія арганізацыі напярэдадні 50-й гадавіны з’яўлення коміксу пра Астэрыкса заклікалі стваральнікаў серыі ўнесці змены ў яго канцэпцыю.
«Мы знаходзімся ў 50-м годзе да нараджэння Хрыста. Уся Галія захопленая рымлянамі. Уся? Аднак ёсць яшчэ адна маленькая вёска, якая супрацьстаіць захопнікам», — гэтыя словы ведаюць амаль усе. Такой фразай пачынаецца кожная кніга з графічнай серыі пра прыгоды гала Астэрыкса і яго сяброў. Яны разам вядуць вайну з рымлянамі і асабіста з Цэзарам. Пры гэтым героям даводзіцца падарожнічаць па розных краінах.
Упершыню пра гэтую кампанію свет даведаўся роўна 50 гадоў таму, калі ў часопісе «Pilote» з’явілася першая публікацыя «Астэрыкс з Галіі». Яе аўтарамі былі Альбер Удэрзо і Рэне Госіні.
Мала хто ведае, аднак, па вялікім рахунку, «Астэрыкс» — гэта плагіят. Тэма барацьбы галаў і рымлян вельмі папулярная ў французскай рамантычнай літаратуры. Па-сутнасці, аўтары коміксу выкарысталі сюжэт кнігі «Les martyrs» пісьменніка Франсуа Рэне дэ Шатабрыяна. Падзеі кнігі адбываюцца ў Брэтані ў першым стагоддзі нашай эры. Друід арганізуе барацьбу кельцкіх плямёнаў супраць рымскіх акупантаў.
Другі не вельмі этычны крок Удэрзо і Госіні — яны спецыяльна прыдумалі так, каб імя галоўнага персанажа пачыналася з літары «А». За кошт гэтага іхні прадукт трапіў у першыя радкі каталогаў коміксаў, што гарантавала яму большую цікавасць з боку чытачоў.
Аднак сакрэт поспеху «Астэрыкса» ўсё ж быў у іншым. Структура коміксаў пра Астэрыкса — гэта адна сюжэтная лінія плюс шмат маленькіх гэгаў (камічных эпізодаў). Гумарыстычны эфект дасягаецца за кошт таго, што элементы побыту ХХ стагоддзя быццам прысутнічаюць у старажытныя часы. Так, напрыклад, падчас візіту ў Брытанію Астэрыкс наведвае матч па рэгбі і мае справу з раз’юшанымі англійскімі фанатамі.
Цяжка казаць, пасля якога выпуску «Астэрыкс» стаў культавым творам і нават сімвалам французскай нацыі. Астэрыксаведы кажуць, што пераломнай стала сярэдзіна 1960-х. У 1965 годзе выпуск «Астэрыкс і Клеапатра» выйшаў накладам 100 тысяч экземпляраў. Наклад папярэдніх выпускаў быў не больш за 15 тысяч. У тым жа годзе Францыя даслала ў космас свой першы спадарожнік, які называўся «Астэрыкс».
Усяго з 1959 года было выдадзена 33 выпускі. Зняты мультыплікацыйны серыял і тры мастацкія фільмы з удзелам першых зорак еўрапейскага кіно (Жэрара Дэпардзье, Алена Дэлона і інш).
Сёння «Астэрыкс» — больш чым проста папулярны комікс. Гэта яшчэ і шалёныя грошы. Не дарма нехта з родзічаў аўтараў коміксаў да гэтага часу хоча адсудзіць аўтарскія правы на выданне.
Адначасова некалькі вёсак у Брэтані змагаюцца за права называцца апошнімі пунктамі супраціву рымскай каланізацыі, каб зацягнуць сюды турыстаў — фанатаў «Астэрыкса».
Аднак не ўсё так проста з «Астэрыксам» у цяперашнія часы глабалізацыі і мультынацыянальнай культуры. Некалькі грамадскіх арганізацый Еўропы, якія займаюцца барацьбой з расізмам, патрабавалі ад аўтараў «Астэрыкса» ўнесці некаторыя змены ў фабулу твора.
Высвятляецца, што «Астэрыкс» — трывіяльная прапаганда чыстага расавага грамадства. Маленькая вёска ў Брэтані, дзе жывуць героі Удэрзо і Гасіні, своеасаблівая ікона белага расізму, мара французскіх фашыстаў. Больш таго, этнічна і расава гамагеннае насельніцтва вёскі адмаўляецца ад любых, нават асабістых і камерцыйных, кантактаў з народамі шматнацыянальнай рымскай цывілізацыі. Усё ў імя архаічнай сялянскай сацыяльнай ідыліі.
Адным словам, робяць высновы антырасісты, у лепшым выпадку такі комікс прапагандуе антыглабалізм: дае ўстаноўку не быць часткай сістэмы. У горшым — выклікае міжрасавую напружанасць у дзіцячым калектыве.
Самае цікавае, што, калі «Астэрыкс» пабачыў свет, французы левых поглядаў заўважылі ў ім рэкламу палітыкі дэ Голя, які на той час пасварыўся з NАТО і шмат казаў пра французскі патрыятызм. А ў 1970-я гады маленькі гал быў сімвалам нямецкага руху, сябры якога выступаў за стварэнне экалагічных камун. Здаецца, што ў кожнага часу свая трактоўка постаці Астэрыкса, што робіць яго сапраўдным культурным феноменам.