Ерэван паралізаваны. Пратэстоўцы рыхтуюцца блакаваць парламент
Дэманстранты, якія выступаюць супраць вылучэння экс-прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна на пасаду прэм’ер-міністра, заблакавалі шэраг аўтадарог, якія злучаюць спальныя раёны гораду з цэнтрам.
Кіроўцы з уключанымі аварыйнымі сігналамі пакінулі свае аўто. Людзі кладуцца на асфальт, не прапускаючы ў тым ліку грамадскага транспарту.
Людзі накіроўваюцца ў бок будынку парламента Арменіі на праспекце Баграмяна. Паліцыя заблакавала подступы да яго і пачала зачыстку праезнай часткі цэнтральных аўтадарог.
Дырэктар Інстытуту Каўказу Аляксандр Іскандаран у каментары belsat.eu распавёў пра цяперашнюю сітуацыю ў сталіцы Арменіі.
«На вуліцах у асноўным моладзь і студэнты. Перакрытыя некалькі вузлавых вуліцаў. Агулам моцна паралізаваны горад. Думаю, гэта пратрывае ўвесь дзень і да заўтрашняй раніцы, калі будзе пасяджэнне парламенту. Гэта спроба набраць дастатковую колькасць людзей, каб заўтра атачыць будынак парламенту. Мне не падаецца, што людзей вельмі шмат, але каб перакрыць дзверы ў парламент, будзе дастаткова».
Суразмоўца адзначае, што паліцыя не чапае дэманстрантаў.
«Аднак заўтра магчыма прыйдзецца іх адцягваць, калі яны будуць блакаваць уваход у парламент».
У мінулую нядзелю дэпутат парламента Арменіі, кіраўнік апазіцыйнай фракцыі «Ельк» Нікол Пашынян, які ўзначальвае дэманстрантаў, заклікаў жыхароў Ерэвана арганізаваць «масавыя акцыі грамадзянскага непадпарадкавання».
У Арменіі праведзена канстытуцыйная рэформа, у выніку якой рэспубліка перайшла ад прэзідэнцкай да парламенцкай формы кіравання. Першыя пасля рэформы выбары прэм’ера-міністра, які атрымлівае шырокія паўнамоцтвы, прызначаныя ў парламенце на 17 красавіка.
Кіроўная Рэспубліканская партыя Арменіі 14 красавіка вылучыла на пасаду прэмʼер-міністра Сержа Саргсяна, які з 2008 па 2018 года займаў пасаду прэзідэнта.