Экс-рэдактарка расійскага «Першага канала» Марына Аўсяннікава збегла з-пад хатняга арышту

Экс-рэдактарка расійскага «Першага канала» Марына Аўсяннікава збегла з-пад хатняга арышту. Гэта адбылося ў ноч на 1 кастрычніка, паведамляе RT са спасылкай на яе былога мужа Ігара Аўсяннікава.

0b7664f3f5b87bf0688cb831f0bfb49d.jpg

З ягоных слоў, былая жонка разам з іх 11-гадовай дачкой знікла ў невядомым кірунку. Ён не ведае, куды менавіта магла паехаць Аўсяннікава.

Раней былы муж журналісткі напісаў заяву ў паліцыю. Ён патрабаваў вярнуць яму 11-гадовую дачку. Усё праз тое, што дзяўчынку павезлі да маці, якая ўжо тады знаходзілася пад хатнім арыштам паводле крымінальнай справы аб «фэйках аб ВС РФ».

Да гэтага Аўсяннікава заяўляла, што мае намер забраць сваю дачку і выехаць з ёй за мяжу. Яе экс-муж — былы супрацоўнік «Першага канала», а цяпер прапагандыст RT — наклаў забарону на вываз дзіцяці. Таксама ў дзяўчынкі няма замежпаспарта.

Паводле крымінальнага артыкула пра «фэйкі» Аўсяннікавай пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Крымінальная справа была заведзеная пасля адзіночнага пікету экс-рэдактара ў Маскве.