Чырвонаармеец Адольф Гітлер
Германія адзначае сотую гадавіну стварэння Баварскай савецкай рэспублікі, у часы якой, як высвятляецца зараз, і пачалася палітычная кар’ера Адольфа Гітлера.
Сёння словы «Баварыя» і «рэвалюцыя» гучаць як антонімы. Пасля вайны зямлёй Баварыя кіруюць выключна правацэнтрысты, а сам тыпаж баварца даўно стаў сімвалам нямецкага кансерватызму і клерыкалізму. Між тым, сто гадоў таму менавіта ў Мюнхене біўся пульс рэвалюцыі ў Заходняй Еўропе. 13 красавіка 1919 года, скарыстаўшыся вакуумам улады, левыя сацыял-дэмакраты, камуністы і анархісты пры падтрымцы мясцовага гарнізону абвясцілі Баварыю савецкай рэспублікай.
Савецкая Баварыя была ўнікальным праектам, паколькі яе ўрадам кіравала паэтычная багема. Яе фармальным кіраўніком быў паэт-экспрэсіяніст Эрнст Толер. З іншага боку, разгарнуцца паэтам не далі. Хутка з Берліну прыйшлі эшалоны з Freikorps — лаяльнымі ўраду добраахвотнымі мілітарнымі часткамі, якія да пачатку траўня зачысцілі Мюнхен ад чырвоных. Пры гэтым рэшткі супраціву былі задушаныя з паказальнай жорсткасцю. Калі рэвалюцыйны трыбунал Саветаў за ўвесь час існавання не вынес ніводнага смяротнага прысуду, то Freikorps літаральна заваліў вуліцы трупамі. Толькі ў Мюнхене былі забітыя каля тысячы чалавек, у большасці цывільныя. «Карнавал закончаны», — рапартаваў у сталіцу міністр абароны.
У завіруху апісаных падзей трапіў і 30-гадовы жаўнер 2-га пяхотнага палка Адольф Гітлер. Прычым на хвалі рэвалюцыі ён нават зрабіў невялікую кар’еру. Прыкладна два гады таму гісторыкі знайшлі дакумент, паводле якога 19 красавіка 1919 года Адольф Гітлер быў абраны сябрам салдацкага савета батальёну.
Прычым абіралі Гітлера ў савет менавіта як свядомага камуніста. Напярэдадні, 15 красавіка, мясцовая «контра» намагалася зрынуць уладу Саветаў, аднак полк Гітлера стаў на абарону рэвалюцыі. Па слядах путчу камуністы абвясцілі перавыбары салдацкіх Саветаў, каб нашпігаваць іх сваімі прыхільнікамі. На тагачасныя левыя забабоны Гітлера ўказвае і яго ўдзел у пахаванні Курта Эйснера — першага прэм’ер-міністра Баварыі, якога ў лютым 1919-га за пацыфісцкія заклікі забіў манархіст. Гітлера не бянтэжыла яўрэйскае паходжанне нябожчыка, хаця пазней у «Mein Kampf» ён катэгарычна напіша, што яшчэ ў 1908 годзе стаў жудасным антысемітам.
Дарэчы пра «Mein Kampf». У любой таталітарнай краіне біяграфія яе правадыра павінна быць ідэальнай. Гэта тычылася і кіраўніка Трэцяга Рэйху, мюнхенскі этап жыцця якога выклікаў шмат пытанняў. Ота Штрасер, лідар левай, апазіцыйнай да Гітлера фракцыі партыі нацыстаў, любіў троліць апанента. «Дзе быў Гітлер у красавіку 1919-га? У якім кутку горада хаваўся жаўнер, які павінен быў змагацца ў нашых шэрагах?» — пытаўся ён.
Паводле нацысцкага канону біяграфіі фюрэра, у 1919-м ён сапраўды быў у казарме адной з вайсковых частак, што падтрымала Саветы. Аднак гэты факт тлумачыўся збегам падзей. Сам малады Гітлер, маўляў, свядома сабатаваў усе мерапрыемствы новай улады. Больш за тое, былы яфрэйтар, быццам бы, нават публічна крытыкаваў камуністаў. Хутка нехта з аднапалчанаў стукануў куды трэба — і напрыканцы красавіка за Гітлерам прыйшлі. Аднак ён разагнаў візіцёраў з дапамогай карабіну. Лічылася, што менавіта дзякуючы гэтаму інцыдэнту пазней вайсковы трыбунал, які павінен быў пакараць прыхільнікаў чырвоных, не асудзіў Гітлера.
Такая гераічная старонка жыццёвага шляху правадыра Трэцяга Рэйху, якая, на самай справе, не вытрымлівае ніякай крытыкі: напрыканцы красавіка Цэнтральнага савета як дзеючага органа ўлады ўжо не існавала. Таму сапраўды можна дапусціць удзел будучага ваяўнічага антыкамуніста, стваральніка Антыкамінтэрнаўскага пакту ў войсках баварскай чырвонай арміі.
На думку нямецкай газеты «Der Welt», гэты эпізод згуляў фатальную ролю ў жыцці Гітлера. Каб не трапіць пад каток белага тэрору, ён літаральна за пару дзён перакаваўся з левага радыкала ў правага. Вядома, што хутка ён выдаў трыбуналу палкавых таварышаў, якія падтрымалі рэвалюцыю. З часам спробы мімікраваць пад прыхільніка правых поглядаў сталі часткай светапогляду Гітлера, лічаць аўтары працы «Unter Soldaten und Agitatoren», якая выйшла напярэдадні юбілею Баварскага савецкага эксперыменту.
А вось расійскае выданне «Взгляд» лічыць, што «будучы кіраўнік Трэцяга Рэйху пачаў ненавідзець чырвоных, калі ўбачыў, што яны не здольныя змагацца за свае ідэалы, іх лёгка знішчыць грубай сілай». Самая вясёлая версія пра мюнхенскі фрагмент жыцця Гітлера мае фрывольны прысмак. Паводле яе, ад смяротнага прысуду трыбуналу Гітлера выратаваў яго каханак — Эрнст Рэм, на той час адзін з удзельнікаў Freikorps.
Пакуль адназначнага адказу на пытанне пра тое, як чырвонаармеец Гітлер стаў антыбальшавіком і антысемітам, няма. З іншага боку, можна сапраўды дапусціць, што новыя палітычныя забабоны Гітлера сталі кампенсацыяй за свой рэтраспектыўны, памылковы ўдзел у праекце Баварскай савецкай рэспублікі.