Чаму Пуцін абраў час для абвастрэння менавіта ў гэтым годзе?
Украінскі палітолаг і вядомы блогер Алег Панамар разважае пра тое, чаму Пуцін абраў час для абвастрэння менавіта ў гэтым годзе. І ці не лепш было б пачакаць год-два — раптам у ЗША у 2024 годзе да ўлады вернецца Трамп — і тады Расія б магла падзяліць сферы ўплыву без ваеннай эскалацыі?
— Давайце разбяромся. Зойдзем спачатку з тылу, — піша Алег Панамар. — Уявім сабе фантастычны сцэнар: Байдэн прыйшоў у Белы дом, але Украіна яму не цікавая. Наогул. І ён нічога не збіраецца мяняць ні з Украінай, ні з Расіяй, а пакіне ўсё як ёсць, як гэта зрабіў Трамп, — Украіна ў расійскай зоне ўплыву, ніякіх новых санкцый да Расіі і г. д.
Ці стаў бы ў такім выпадку Пуцін абвастраць і палохаць уварваннем, патрабаваць ад ЗША пісьмовых гарантый наконт Украіны і NATO і г. д.? Вядома, не. Ён бы проста чакаў Трампа–2024 і працаваў бы, каб яму зноў дапамагчы.
Але вось тут мы падыходзім да галоўнага.
Байдэн адразу ж, як прыйшоў у Белы дом, паказаў, што ў гэтым пытанні карта перавярнулася. Адразу ж тры пакеты санкцый да Расіі (два ў сакавіку і ў красавіку) і самае галоўнае — указ у красавіку аб увядзенні рэжыму надзвычайнай сітуацыі з-за агрэсіўнай палітыкі Расіі.
А нагадаю, што гэты рэжым дазваляе Байдэну асабіста выдзяляць грошы на дапамогу Украіне звыш і ў абыход Кангрэса. І далей, забягаючы наперад, заўважу, што Байдэн два разы скарыстаўся гэтым правам — увосень вылучыў Украіне 60 мільёнаў, і на гэтыя грошы прыйшлі 4 самалёты са зброяй, і ў снежні — яшчэ 200 мільёнаў, і на гэтыя грошы — ужо сем самалётаў са зброяй, і яна працягвае паступаць.
А цяпер скажыце, навошта б Байдэн уводзіў гэты рэжым у красавіку, калі б не ладзіў тую гульню, якую мы бачым сёння?
І яшчэ скажыце — ці ведаў гэта Пуцін? Вядома, ведаў і бачыў.
Ідзем далей… Улетку Байдэн на асабістай сустрэчы даў Пуціну паўгода на тое, каб уціхамірыць свае апетыты і пакінуць Украіну і ўвесь экс-СССР у спакоі — і тэрмін мінаў у снежні і, натуральна, Пуцін не быў з гэтым згодны. І таму ў Пуціна не было іншага выйсця, акрамя як прымяніць любімы шантаж і падняць стаўкі. Ну а далей вы ведаеце — Пуцін пралічыўся. ЗША далі Украіне зброю, абудзілі ЕС, адрадзілі NATO, падрыхтавалі санкцыі з пекла. Падключылася Вялікабрытанія ды іншыя…
Байдэн не дасць (і не збіраўся) Пуціну спакойна чакаць да 2024 года (часу новых выбараў у ЗША). Тры гады яшчэ наперадзе гэтай бітвы. Але гэта і шанц для Украіны на незалежнасць.