«Ваяваць з усім светам без саюзнікаў — нерэальна». Расійскія вайскоўцы сыходзяць з Сірыі

У панядзелак увечары, 14 сакавіка, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абвясціў пра тое, што з 15 сакавіка пачнецца вывад асноўных расійскіх сіл з Сірыі, бо задачы, пастаўленыя перад расійскім Міністэрствам абароны, у цэлым выкананы.



160315053120_russia_syria_base_624x351_rianovosti_nocredit.jpg

Фота RIA Novosti

Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу аддаў загад аб перадыслакацыі асноўнай часткі расійскіх войскаў, якія знаходзіліся ў Сірыі, паведамляе ВВС.

Расійскае Мінабароны сцвярджае, што ваенныя на авіябазе Хмеймім пачалі рыхтаваць самалёты да вяртання ў Расію.

Як удакладнілі ў прэс-службе міністэрства, самалёты з сірыйскай авіябазы будуць вяртацца паветранымі эшалонамі ў суправаджэнні самалётаў ваенна-транспартнай авіяцыі. Яны зробяць "прамежкавыя пасадкі на аэрадромах у Расійскай Федэрацыі для дазапраўкі палівам і кантролю тэхнічнага стану".

Пры гэтым пункты базавання расійскіх вайскоўцаў у Сірыі — марскі ў Тартус і авіяцыйны на аэрадроме Хмеймім — будуць, па словах Пуціна, "функцыянаваць у ранейшым рэжыме".

Амерыканскае разведвальна-аналітычнае агенцтва Stratfor, каментуючы рашэнне Масквы, заявіла, што Расія ў цэлым дамаглася тых мэтаў, якія ставіла перад сабой, пачынаючы сірыйскую кампанію ў верасні мінулага года.

У ноч на аўторак вывад расійскіх войскаў з Сірыі Пуцін абмеркаваў з прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам. На думку экспертаў, рашэнне было загадзя ўзгоднена з Дамаскам і Вашынгтонам.

Палітычны аглядальнік і ўкраінскі блогер Алег Панамар у сваім Фэйсбуку пракаментаваў паведамленне пра заканчэнне аперацыі Расіі ў Сірыі наступным чынам: "Хто б што ні казаў, а ваяваць з усім светам без саюзнікаў — нерэальна. Таксама я не думаю, што гэта рашэнне азначае аўтаматычную эскалацыю на Данбасе, бо Расіі крытычна важна паспрабаваць хаця б часткова выйсці з-пад еўрапейскіх (а ЗША здымаюць свае санкцыі дзесяцігоддзямі) санкцый. А ў святле апошніх "пяці прынцыпаў" ЕС гэта магчыма толькі ў выпадку поўнага выканання Мінска-2. І, калі ласка, не параўноўвайце Украіну і Сірыю. Сірыя ніколі не была сэрцам расійскай імперыі і Сірыя не мае агульнай мяжы з Расіяй".