Ці будзе «Другая афрыканская»?

На думку спецыялістаў, Дэмакратычная рэспубліка Конга (DRC) — самая вялікая краіна ў Афрыцы, — ідзе да грамадзянскай вайны. Гэта вайна можа быць небяспечнай не толькі для рэгіёну, але і для ўсяго свету.

 Джозэф Кабіла.  Фота www.today.com

 Джозэф Кабіла.  Фота www.today.com


Афрыканская прэса сцвярджае, што ўсе цяперашнія глобусы — падробкі, ахвяры змовы картографаў. У свой час тыя былі так уражаныя маштабамі Афрыкі, што вырашылі паменшыць выяву кантынента на мапах і глобусах.

Нашто? Каб у еўрапейцаў, якія адчувалі сябе гаспадарамі свету, не ўзнік комплекс непаўнавартасці. Напрыклад, тэрыторыю Расіі можна «ўціснуць» у межы дзвюх-трох краін Паўднёвай Афрыкі. З іншага боку, такія мегапамеры афрыканскіх краін сведчаць пра маштаб канфлікту, які зараз пагражае рэгіёну.

Ужо нават вядомы тэрмін, калі ўсё выбухне. Гэта 19 снежня 2016 года, калі афіцыйна заканчваецца другая кадэнцыя Джозэфа Кабілы — прэзідэнта Дэмакратычнай Рэспублікі Конга.

У гэты дзень, паводле дзеючай Канстытуцыі, Кабіла, які змяніў на пасадзе прэзідэнта-бацьку пасля яго забойства ў 2001 годзе, павінен пайсці на палітычную пенсію. Аднак, мяркуючы па яго ўчынках, сыхо­дзіць Кабіла не збіраецца. Раней выбары былі прызначаная на 26 лістапада, аднак іх перанеслі. Кабіла тлумачыў гэта тым, што правядзенне выбараў патрабуе папярэдняй рэгістрацыі выбаршчыкаў. Хутка стала вядома, што працэдура рэгістрацыі не закончыцца раней за чэрвень-ліпень наступнага года. Нарэшце, 20 верасня ўрадавыя крыніцы праінфармавалі, што з улікам шматлікіх тэхнічных пытанняў, выбары адбудуцца не раней за лістапад 2018-га.

Навіна імгненна выклікала пратэсты ў сталіцы, ахвярамі якіх сталі офісы прэзідэнцкай Народнай партыі за адраджэнне і развіццё (PPRD). Адказ уладаў быў сіметрычны: у бунтоўныя кварталы ўвялі паліцыю і войскі для знішчэння бюро апазіцыйных партый. Пры гэтым не шкадавалі іх супрацоўнікаў і проста мінакоў. У выніку сутычак толькі ў Кіншасе за два дні былі забітыя каля 44 чалавек.

Хапун у сталіцы, па сутнасці, пахаваў дыялог паміж уладай і апазіцыяй, лідары якой зараз заклікаюць да ўсенароднай мабілізацыі супраць Кабілы. Чым бліжэй 19 снежня, тым больш будзе нарастаць эскалацыя. Некаторыя кажуць, што грамадзянская вайна непазбежная. Беручы пад увагу тое, што DRC — гэта паліфанія народаў і кланаў, якія маюць узброеныя структуры, няма сумневаў, што канфлікт набудзе этнічны характар. А тое, што шматлікія народы жывуць па розныя бакі мяжы дзяржаў, гарантуе пашырэнне яго геаграфіі. Тым больш, працяглы эканамічны крызіс даўно стварыў глебу для масавага незадаволення.

Прасцей кажучы, свету пагражае рымейк так званай «Вялікай афрыканскай вайны» (1998–2002). Гэтая вайна таксама ішла на тэрыторыі Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. У ёй удзельнічалі больш за дваццаць узброеных груповак, якія прадстаўлялі дзевяць дзяржаў. Да 2008 года ў выніку вайны і яе наступстваў загінула 5,4 мільёна чалавек, — у асноўным ад хвароб і голаду. Такая статыстыка робіць «Вялікую афрыканскую вайну» адной з самых кровапралітных у сусветнай гісторыі, і самым смяротным канфліктам з часоў Другой сусветнай вайны.

Нават калі да маштабаў той вайны не дойдзе, з’яўленне масы ўцекачоў непазбежнае. У адрозненне ад часоў «Вялікай афрыканскай», сёння ў Лівіі няма рэжыму Кадафі, які стрымліваў націск нелегалаў у Еўропу. Акрамя таго, у 1998–2002 Расія не праводзіла глабальнай гульні, а Кітай толькі-толькі пачынаў заходзіць у Афрыку. Незразумела, як Пекін і Масква будуць рэагаваць на разборкі ўнутры краіны, якая лічыцца самай багатай на выкапні на кантыненце.

Праўда, некаторыя палітолагі спадзяюцца, што Кабіла цвяроза глядзіць на рэчы і абмяжуе свае амбіцыі. Відавочна, што рэжым у Кіншасе не здольны функцыянаваць без знешняй падтрымкі. Нават ролю сілавікоў шмат у чым выконвае корпус блакітных касак ААН. Толькі выключна дзякуючы ім удалося лакалізаваць чарговае паўстанне аднаго з плямёнаў у 2013-м. Акрамя таго, на Захадзе ўзурпацыю ўлады ў Кіншасе не вітаюць. Напрыклад, Жан-Марк Эра, дырэктар французскага МЗС, па слядах беспарадкаў 22 верасня заявіў, што Кабіла з такімі паводзінамі рызыкуе нарвацца на міжнародны байкот. Белы дом, у сваю чаргу, паабяцаў увесці персанальныя санкцыі супраць асобаў, якія былі датычныя да пераследу апазіцыі.

На жаль, вопыт сведчыць, што словы заходніх палітыкаў часцяком не супадаюць з іх канкрэтнымі ўчынкамі. Раней Еўропа і Злучаныя Штаты закрылі вочы на татальныя фальсіфікацыі на выбарах у 2011 годзе. Апазіцыю тады супакоілі абяцанкамі не дапусціць падтасовак на наступных выбарах. У дадатак шэраг СМІ пішуць, што Захаду банальна не да Экватарыяльнай Афрыкі. Еўропа загразла ва ўнутраных разборках, а знешняя палітыка ЗША фактычна паралізаваная да прыходу ў Белы дом у студзені наступнага года новага прэзідэнта. Адным словам, Кабіла разумее, што Захаду патрэбны хай і хісткі, аднак усё ж нейкі мір у Афрыцы. Нездарма сам ён любіць казаць: «Або я, або краіна будзе жыць паводле закону джунгляў».

Падаецца, што Захад сапраўды гатовы шукаць кампраміс з Кабілам. Пра гэта ўскосна сведчаць словы Моізе Катумбі, былога губернатара правінцыі Катанга, які лічыцца асноўным альтэрнатыўным прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта. Моізе заклікае прыхільнікаў дамагацца адстаўкі Кабілы мірнымі сродкамі. Гэтую формулу падтрымлівае і Афрыканскі саюз — аналаг нашага СНД. Мірны шлях — гэта гарантыя таго, што Канстытуцыя не ператворыцца ў нейкую паперку, што цалкам пагрузіць краіну ў палітычную анархію.

Аднак кампраміс з Кабілам азначае, што ўрадавы клан захавае свае рэсурсы. Ці задаволіць такая формула вуліцу, вялікае пытанне. Яе лозунг гучыць вельмі бескампрамісна: «Слухай, Кабіла, твой час сышоў!». Нямецкая «Tageszeitung» папярэджвае: «Калі на працягу некалькіх тыдняў не будзе дыялогу з апазіцыяй, палітычная дыскусія цалкам пяройдзе на вуліцу».