Брытанскі Абама

Праз 80 гадоў перапынку брытанскія лібералы блізкія да таго, каб зноў увайсці ва ўрад. У такім выпадку, па ацэнках экспертаў, палітычную сістэму Вялікабрытаніі чакаюць вялікія трансфармацыі.



466accbac9a66b805ba50e42ad715740.jpg

Праз 80 гадоў перапынку брытанскія лібералы блізкія да таго, каб зноў увайсці ва ўрад. У такім выпадку, па ацэнках экспертаў, палітычную сістэму Вялікабрытаніі чакаюць вялікія трансфармацыі.
15 красавіка ў Англіі адбылося нешта падобнае на тое, што мела месца ў студзені 2008 года ў ЗША ў штаце Айова. Тады на папярэдніх выбарах кандыдата ад Дэмакратычнай партыі нечакана для ўсіх перамог на той час яшчэ малавядомы на нацыянальным узроўні сенатар Барак Абама. Тая перамога зрабіла яго пазнавальнай асобай у кожнай амерыканскай сям’і і адкрыла шлях у Белы дом.
Так і малавядомы старшыня партыі ліберал-дэмакратаў Нік Клег пасля тэлевізійных дэбатаў з лейбарыстам Горданам Браўнам і кансерватарам Дэвідам Камерунам стаў ледзь не нацыянальным героем. Клег, як і Абама, быў больш падобны на чалавека, ад якога можна чакаць пераменаў. І гэта пры тым, што яшчэ за дзень да дэбатаў ніхто ўсур’ёз не ставіўся да яго як да суперніка.
Думаецца, з усёй біяграфіі Ніка Клега самы цікавы момант — ягоныя карані. Па бацькоўскай лініі ён паходзіць з арыстакратычнага роду Закрэўскіх. У астатнім — тыповая біяграфія выхадца з багатай сям’і банкіра. Нарадзіўся ў 1967 годзе. Школа ў Вестмінстары, вучоба ў Кембрыджы, практыка ў ЗША, праца журналіста, праца ў апараце ЕС (дарэчы, адказваў за Усходнюю Еўропу), перамога на выбарах у парламент, кар’ера ў шэрагах партыі. Жанаты: мае трох дзяцей. Самы буйны скандал — інтэрв’ю жаночаму часопісу «GQ», у якім заявіў, што быў у блізкіх адносінах не больш чым з 30 жанчынамі. Заява выклікала шэраг іранічных заўваг з боку феміністак.
Не вельмі вялікай была і цікавасць да партыі Клега. З авансцэны брытанскай палітыкі лібералаў папрасілі лейбарысты ў 1920-я гады. Вынік, які шмат каму ў тыя часы здаваўся дзіўным, асабліва з улікам таго, што лаўры архітэктара перамогі ў першай сусветнай вайне атрымаў ліберальны прэм’ер Дэвід Ллойд Джордж.
Апошні раз лібералаў бачылі ў Уайт Холе (лонданскі ўрадавы квартал) у 1931 годзе, калі быў сфармаваны г. зв. «нацыянальны ўрад», галоўнай задачай якога было пераадоленне сусветнага крызісу. У часы другой сусветнай вайны Чэрчыль зноў сфармаваў нацыянальны ўрад. Аднак на гэты раз лібералам не даверылі ніводнага міністэрскага партфеля: яны кантралявалі толькі ведамства грамадзянскай авіяцыі.
Пасля 1945 года партыя ўвогуле заставалася ў парламенце толькі дзякуючы лакальнай палітычнай традыцыі некаторых рэгіёнаў, кшталту Ліверпуля, гарадоў Шатландыі і Уэльса, дзе дзесяцігоддзямі людзі традыцыйна галасавалі за лібералаў.
Свае пазіцыі лібералы пачалі паступова вяртаць у 1970-я гады за кошт праеўрапейскіх лозунгаў, стварыўшы імідж самай праеўрапейскай палітычнай сілы ў Вялікабрытаніі. У 1980-я, пасля аб’яднання з сацыял-дэмакратамі, партыя стала афіцыйна называецца «ліберал-дэмакратычнай». З тых часоў некалькі разоў мелі месца кансультацыі пра ўваходжанне яе прадстаўнікоў у склад ураду лейбарыстаў. Аднак усе перамовы заканчваліся крахам пасля таго, як лібералам адмаўлялі ў іх галоўным патрабаванні — увесці ў краіне прапарцыянальную выбарчую сістэму.
Такі крок сапраўды мог значыць вялікія перамены. Рэйтынг падтрымкі лібералаў з пачатку 1990-х стабільна складае каля 20 працэнтаў. Аднак з-за таго, што сістэма ў Вялікабрытаніі мажарытарная, у парламенце яны прадстаўленыя вельмі сціпла. Зараз іх толькі 60 чалавек, і на вялікую палітыку яны мала ўплываюць.
І вось час лібералаў надышоў. Па апытаннях, яны карыстаюцца падтрымкай 31 працэнта брытанскага электарату. Напярэдадні дэбатаў у іх было 23 працэнты. Такім чынам, лібералы абышлі па рэйтынгу лейбарыстаў (28 працэнтаў) і нават кансерватараў (30 працэнтаў).
Натуральна, з-за мажарытарнай выбарчай сістэмы іх прадстаўніцтва ў Палаце абшчынаў будзе значна меншым. Аднак у любым выпадку квоты лібералаў будзе дастаткова, каб вядучыя партыі не атрымалі абсалютнай большасці і, адпаведна, не маглі сфармаваць урад без удзелу ліберал-дэмакратаў.
Галоўнымі ахвярамі Клега з’яўляюцца кансерватары. Яны не толькі прайгралі дэбаты на тэлебачанні. Яны цалкам згубілі былую перавагу: год таму прыкладна 40 працэнтаў брытанцаў збіраліся галасаваць за торы. Тым не менш пакуль ніякіх сігналаў наконт магчымай кааліцыі з лібералам з іх боку не паступала.
Іншая сітуацыя ў лагеры лейбарыстаў. Гордан Браўн, здаецца, ужо прымірыўся з думкай наконт магчымага саюзу Клегам. 20 красавіка ў інтэрв’ю «Independent» цяперашні прэм’ер фактычна заклікаў да стварэння Lab-Lib (так назвалі магчымую кааліцыю ў СМІ).
Пакуль што Нік і яго калегі рашуча адмаўляюць ідэю саюзу з лейбарыстамі. Аднак назіральнікі схіляюцца да таго, што аб’яднанне цалкам магчымае. Наступствы прыходу лібералаў могуць быць самыя непрадказальныя. Лібералы, нагадаем, выступаюць за вывад войскаў з Іраку, увядзенне еўра і, нарэшце, за выбары па партыйных спісах. Рэалізацыя на практыцы любой з гэтых прапаноў значыла б рэформу базавых інстытутаў брытанскай палітыкі.
Пакуль аналітыкі займаюцца спекуляцыямі, Вялікабрытанія перажывае сапраўдную клегаманію. У модзе значкі і майкі з яго выявай, у тым ліку тыя, на якіх ён стылізаваны пад Чэ Гевару. Адпаведна аднаму з апытанняў, брытанцы лічаць Клега самым папулярным палітыкам з часоў Чэрчыля. Але да выбараў яшчэ амаль два тыдні.