Беларускія назіральнікі на выбарах у Чарнагорыі зафіксавалі "нязначныя адхіленні" ад заканадаўства

Група кароткатэрміновых міжнародных назіральнікаў, акрэдытаваных ад няўрадавай арганізацыі Belarus Watch, дала станоўчую ацэнку прэзідэнцкім выбарам у Чарнагорыі, якія адбыліся 7 красавіка.



903052199.jpg

У дзень галасавання назіральнікі наведалі 140 выбарчых участкаў па ўсёй краіне. "Правядзенне выбараў у дзень галасавання атрымала станоўчую адзнаку, нягледзячы на нязначныя адхіленні ад выбарчага заканадаўства, — адзначаецца ў дакуменце. — У прыватнасці, невыразнай засталася роля прадстаўнікоў кандыдатаў у прэзідэнты на выбарчых участках. Перасцярогі выклікалі факты размоваў чальцоў выбарчых камісій па мабільных тэлефонах, што забаронена заканадаўствам, а таксама хібы ў выкарыстанні адмысловых прыстасаванняў для фізічнай праверкі таго, ці прагаласаваў выбаршчык".
 

Прадстаўнікі кандыдатаў у прэзідэнты прысутнічалі на кожным выбарчым участку ў якасці ўпаўнаважаных прадстаўнікоў, сябраў камісіі і назіральнікаў. Аднак на справе "не было выразнага адрознення паміж ролямі ўпаўнаважанага прадстаўніка, назіральніка і сябра камісіі, паколькі іх функцыі на выбарчым участку накладаліся адна на адну". У некаторых выпадках пералічаныя асобы "вельмі актыўна дапамагалі ў працы камісіі". Напрыклад, у іх быў доступ да спіса выбаршчыкаў.
 

Распыленне адмысловага спрэя на палец выбаршчыкаў як пазнака факта галасавання прадухіляла спробы прагаласаваць некалькі разоў. Тым не менш былі выпадкі, калі пальцы не правяраліся альбо спрэй не распыляўся пасля выдачы бюлетэня. Часам лямпы для праверкі былі выключаныя.
 

Кабінкі для галасавання былі размешчаныя недалёка ад сталоў выбарчай камісіі і былі закрытыя толькі з трох бакоў. Гэта магло паўплываць на забеспячэнне прынцыпу таямніцы галасавання.
 

Падлік галасоў быў праведзены "прафесійна, зразумела і адкрыта".
 

Місія Belarus Watch, у якую ўваходзіла 29 прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці і Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, была найбуйнейшай групай міжнародных назіральнікаў на гэты выбарах. Місія была арганізаваная ў межах міжнароднага праекта "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка", які сумесна рэалізуецца Belarus Watch, ЕГУ і Беларускім домам правоў чалавека ў Вільнюсе.
 

Перамогу на выбарах, паводле звестак мясцовага выбаркама, атрымаў дзейны кіраўнік краіны Філіп Вуянавіч. Між тым пра перамогу свайго кандыдата заявілі і ў штабе яго саперніка — былога міністра замежных спраў Міядрага Лекіча.

БелаПАН